БЕЛАСТО́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

1) частка тэр. Рэчы Паспалітай, якая ў 1795 адышла да Прусіі, а паводле Тыльзіцкага міру 1807 перададзена Рас. імперыі. Царскім указам ад 13.7.1808 атрымала назву Беластоцкая вобласць з цэнтрам у г. Беласток і падзелена на 4 паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі. Пл. 7742 кв. вярсты, нас. 278 937 чал. (1835). У 1842 скасавана, тэрыторыя далучана да Гродзенскай губ.; Драгічынскі пав. увайшоў у склад Бельскага пав.

2) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана 4.12.1939 на тэрыторыі 9 усх. паветаў б. Беластоцкага ваяводства. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 20,9 тыс. км² (ліст. 1940), нас. 1368 тыс. чал. (на 1.1.1941). 15.1.1940 падзелена на 24 раёны: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Монькаўскі (пазней Кнышынскі), Парэцкі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжэўскі, Ядвабнаўскі. У ліст. 1940 Парэцкі р-н скасаваны ў сувязі з перадачай Літ. ССР тэрыторый з пераважна літ. насельніцтвам. 20.9.1944 Беластоцкае ваяводства ліквідавана ў сувязі з перадачай б.ч. вобласці Польшчы. Бераставіцкі (б. Крынкаўскі), Ваўкавыскі, Гродзенскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі і Скідзельскі р-ны засталіся ў БССР (увайшлі ў Гродзенскую вобл.).

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 15—20.5.1940 у Мінску; 577 дэлегатаў з рашаючым і 194 з дарадчым голасам ад 59 853 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦК КП(б)Б (П.​К.​Панамарэнка) і Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.​Я.​Сядых); выбары ЦК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд вітаў прыняцце ў 1939 Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб устанаўленні ў Зах. Беларусі сацыяліст. ладу і ўз’яднанні яе з БССР, адзначыў, што тэрыторыя і насельніцтва Беларусі павялічыліся амаль у 2 разы, але неабходна ачысціць новыя тэрыторыі ад бурж. элементаў, пільна правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». Падвёў вынікі развіцця прам-сці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі за 2 гады, вызначыў план сацыяліст. пераўтварэнняў у зах. абласцях БССР, падкрэсліў неабходнасць умацавання зах. рубяжоў краіны. У дакладах адзначалася праца парт. арг-цый па выяўленні «ворагаў народа», ліквідацыі вынікаў іх злачыннай дзейнасці, неабходнасць больш уважліва вывучаць марксісцка-ленінскую тэорыю. Выбраны ЦК КП(б)Б з 69 чал. і 45 канд., Рэвіз. камісія з 29 чал.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1985. Т. 3. С. 329—351.

А.​Ф.​Макарэвіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГЯ́ЛА (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — крас. 1942?),

беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АН БССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.

Тв.:

3 беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927;

Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.

М.​Ф.​Шумейка.

Дз.І.Даўгяла.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВІ́ЦЕБСКАЙ ВО́БЛАСЦІ 3 1862 у Віцебску існаваў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, з 1903 — губ. архіў. У 1919 заснавана губ. архівасховішча Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення, з 1924 Віцебскі акр. аддзел Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Віцебскі гіст. архіў, з 1930 Віцебскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР (у 1933—36 Паўн.-Бел., з 1938 Віцебскі абл. архіў). На 1.1.1997 у архіве 6219 фондаў, 1 033 696 спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, раённых, гар. і сельскіх устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў. якія дзейнічалі на тэр. Віцебскай вобл., асабістыя фонды. Сярод іх матэрыялы пра гісторыка і краязнаўца А.​П.​Сапунова, пра Віцебскую нар. мастацкую школу і мастакоў М.​Шагала, К.​Малевіча, Ю.​Пэна, В.​Ермалаеву, нар. кансерваторыю і дырыжора М.​А.​Малько, кампазітара М.​В.​Анцава, якія працавалі ў ёй, і інш.; успаміны Р.​Я.​Арансона «Карнілаўскія дні ў Віцебску», дакументы па гісторыі нэпа і калектывізацыі, перыяду Вял. Айч. вайны і інш. Дакументы на бел., рус., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм: выкарыстання дакументаў; гасп.-разліковы.

А.​Р.​Трусава.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (17.5.1907, г. Цвер, Расія — 4.4.1993),

бел. хімік-арганік. Акад. АН Беларусі (1966), д-р хім. н. (1935), праф. (1933). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1965). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1928). З 1928 у Маскоўскім дзярж. ун-це. У 1933—38 дырэктар Ін-та хіміі АН БССР, адначасова (з 1934) у БДУ. З 1946 выкладаў у ВНУ г. Перм. З 1967 у Ін-це фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (у 1967—72 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў і арган. каталізе. Удзельнічаў у работах па атрыманні хларапрэнавага каўчуку (1932, разам з М.​Дз.Зялінскім). Прапанаваў метад сінтэзу вытворных хіналіну, заснаваны на рэакцыі каталітычнай кандэнсацыі араматычных амінаў з ацэтыленам (1936, рэакцыя К.). Распрацаваў алюмаплацінавыя каталізатары рыформінгу нафты. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

5,6-Бензохинолины. Мн., 1970;

Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з Ю.​Р.​Егіязаравым, У.​І.​Кулікавым);

Катализаторы риформинга. Мн., 1976 (у сааўт.);

Каталитические свойства соединений редкоземельных металлов. Мн., 1977 (у сааўт);

Ультрастабильные цеолиты. Мн., 1979 (разам з І.​І.​Урбановічам, М.​Ф.​Русак).

Літ.:

Н.​С.​Козлов // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1987. № 3.

М.С.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́ЦКІ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 10.1.1930, в. Селівонаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. хімік. Акад. Нац. АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989), д-р хім. н. (1984), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў з 1956 (у 1964—65 у Дзярж. к-це СМ БССР па каардынацыі н.-д. работы). З 1973 нам., з 1977 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. З 1989 прарэктар, з 1990 рэктар БДУ. З 1996 у НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па структурнай і хім. мадыфікацыі цэлюлозы і яе вытворных. Распрацаваў фіз.-хім. асновы атрымання матэрыялаў тэхн. прызначэння на аснове вытворных цэлюлозы (аксіды металаў, высокатэмпературныя звышправаднікі); тэхналогію вытв-сці лек. прэпаратаў пралангаванага дзеяння, лакафарбавых матэрыялаў з адходаў нафтаперапрацоўкі; метады атрымання сумесных раствораў цэлюлозы з сінт. палімерамі і ўмовы іх перапрацоўкі ў валокны і плёнкі.

Тв.:

Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989 (разам з Т.​Л.​Юркштовіч);

Катионный олигомер пиперилена: синтез, свойства и применение. Мн., 1997 (разам з В.​П.​Мардыкіным).

Літ.:

Ф.​Н.​Капуцкий // Вестн. БГУ. Сер. 2. Химия. Биология. География. 1995. № 1.

П.​М.​Бараноўскі.

Ф.М.Капуцкі.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.

Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.​М.​Ляўданскі, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Доўнар-Запольскі, М.​В.​Мялешка, А.​А.​Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.​Х.​Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.

Літ.:

Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г. Мн., 1926;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1923—24. Утвораны 15.2.1923 у Віцебскай губ. РСФСР у выніку перайменавання Лепельскага пав. ў Бачэйкаўскі павет і далучэння да яго часткі скасаванага Сенненскага пав. Цэнтр — мяст. Бачэйкава. Уключаў 9 валасцей (Бешанковіцкая, Лепельская, Лукомская, Несінская, Ульянавіцкая, Ушацкая, Хоцінская, Чарэйская, Чашніцкая). З 3.3.1924 у складзе БССР. 20.6.1924 павет скасаваны: Лукомская і Чарэйская вол. перададзены ў Барысаўскі пав., Бешанковіцкая, Ульянавіцкая і Чашніцкая — у Віцебскі пав., астатнія воласці — у Полацкі пав.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДАБРАЧЫ́ННАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БДТ),

грамадская арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. Займалася аказаннем дапамогі і ўтрыманнем інтэрнатаў пры бел. гімназіях, настаўніцкіх семінарыях і інш. Праўленне БДТ размяшчалася ў Вільні. У 1925—30 арг-цыя знаходзілася пад уплывам рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цый Беларускай сялянска-работніцкай грамады і «Змагання», атрымлівала субсідыі ад Чырв. Крыжа БССР. З пач. 1930-х г. пасля разгрому «Змагання» дзейнічала пад уплывам бел. нац. арг-цый.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)