МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПА АСТРАНА́ЎТЫЦЫ,

(МФА; International Astronautical Federation), навуковая арганізацыя, якая займаецца праблемамі даследавання і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах, уключаючы пытанні ракетнай тэхнікі і касм. права. Засн. ў 1950. Аб’ядноўвае навук. арг-цыі больш як 40 краін, у т. л. Расіі, Украіны, Казахстана. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА і Міжнар. саюзе электрасувязі. Штаб-кватэра і Сакратарыят у Парыжы.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛІ́НАВА, Грабеніцкае возера,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 7 км на Пн ад г.п. Лёзна. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, параслі хмызняком. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі. На Пн упадае ручай.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́СІН (Сяргей Іванавіч) (14.4.1849, г.п. Рамонь Варонежскай вобл., Расія — 8.2.1902),

расійскі канструктар стралковай зброі. Ген.-маёр (1900). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1875). Працаваў на Тульскім зброевым з-дзе. У 1887 распрацаваў вінтоўку з магазінам у прыкладзе; у 1890 стварыў 7,62-мм магазінную 5-зарадную вінтоўку, прынятую ў 1891 на ўзбраенне рас. арміі (вядома пад назвай «трохлінейка»), якая выкарыстоўвалася больш за 60 гадоў.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,

генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,

адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,

паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕПСІ́Н (ад грэч. pepsis страваванне),

пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́БУГ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 160 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Грабоўскія, Доўнар-Запольскія, Каняцпольскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы з пастаўленым на ёй залатым кавалерскім крыжом. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова сярэбранага харта. У першапачатковым варыянце герб меў чырв. поле. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Побуг».

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЯ КНІ́ЖКА,

асноўны дакумент аб прац. дзейнасці работніка. Вядзецца на ўсіх работнікаў, якія працуюць у наймальніка больш як 5 дзён. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь у П.к. заносяцца звесткі пра работніка, пра выконваемую ім работу, а таксама пра заахвочванні і ўзнагароды за поспехі ў працы. Пры звальненні П.к. выдаецца работніку. Запіс аб прычынах звальнення ў П.к. робіцца ў адпаведнасці з фармулёўкамі дзеючага заканадаўства.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БА, Раб (венг. Rába, ням. Raab),

рака ў Аўстрыі і Венгрыі, правы прыток р. Дунай. Даўж. 398 км, пл. басейна больш за 18 тыс. км². Пачынаецца ў Фішбахскіх Альпах, цячэ па зах. ч. Сярэднедунайскай раўніны (Кішальфёльд). Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 70 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ніжэй г. Кёрменд (Венгрыя). Каля вусця — г. Дзьёр (Венгрыя).

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)