адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац.т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.
Літ.:
Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР (англ. grader ад grade нівеліраваць),
землярыйная дарожна-буд. машына. Рабочы орган грэйдара — адвал з нажом, якім зразаюць і разраўноўваюць грунт ці сыпкі буд. матэрыял (пры стварэнні землянога палатна, планіроўцы адкосаў насыпаў і выемак, рамонце гравійных і грунтавых дарог і інш.). Прадукцыйнасць да 45 м³/гадз. Разнавіднасць грэйдара — грэйдэр-элеватар.
Падзяляюцца на прычапныя і самаходныя (аўтагрэйдэры). Прычапныя грэйдары бываюць лёгкія (з нажом даўж. 2,5—3 м) і цяжкія (3,5—4,5 м). Аўтагрэйдэры больш прадукцыйныя і манеўраныя, дадаткова могуць аснашчацца кіркоўшчыкам, плужным снегаачышчальнікам, бульдозерным адвалам, навясным скрэперам і інш. Бываюць лёгкія (нож 2,5—3 м, магутнасць рухавіка да 55—67 кВт), сярэднія (3—3,6 м, 74—110 кВт) і цяжкія (3,6—3,8 м, больш як 150 кВт). Кіраванне рабочым органам грэйдара мех. або гідраўл. прыводам.
І.І.Леановіч.
Грэйдэры: а — прычапны (1 — механізм пад’ёму і апускання адвалу; 2, 3 — асноўная і цягавая рамы; 4 — адвал з нажом); б — аўтагрэйдэр (1 — кіркоўшчык; 2 — рулявы прывод; 3 — цягавая рама з паваротным кругам і адвалам; 4 — рухавік з механізмамі кіравання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАБА́ЧАННЕ,
атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).
Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш.Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.
Літ.:
Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ.М., 1982;
Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял.рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.
Літ.:
Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.
А.М.Пікулік.
Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, прымакс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,
навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі прываен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.В.Кантаровіч, Дж.Б.Данцыг, Р.Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫ́ЧНАЯ ПРАМА́Яда крывой лініі,
лімітнае становішча адпаведнай сякучай.
Няхай M0 — зафіксаваны пункт крывой l, M — іншы яе пункт. M0M — сякучая (прамая, праведзеная праз гэтыя пункты). Калі пры неабмежаваным набліжэнні M да M0 сякучая M0M імкнецца да пэўнай прамой M0T, то прамая M0T наз. Д.п. да крывой l у пункце M0. У выпадку плоскай крывой, вызначанай у дэкартавых каардынатах ураўненнем y=f(x), дзе f(x) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д.п. да яе ў пункце M0(x0, y0) мае выгляд y−y0=f′(x0) (x−x0), дзе f′(x) —вытворная функцыя f′(x) у пункце x0. Д.п. ўтварае з дадатным напрамкам восі OX вугал, тангенс якога роўны f′(x). Д.п. мае не кожная неперарыўная крывая, паколькі прамая M0M можа і не імкнуцца да лімітнага становішча або можа імкнуцца да двух розных лімітных становішчаў, калі М імкнецца да M0 з розных бакоў ад M0.
А.А.Гусак.
Да арт.Датычная прамая: 1 — M0T — датычная прамая да крывой L1 у пункце M0; 2 — крывая L2 не мае датычнай прамой у пункце M0.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМЯНЦЕ́Й (Мікалай Іванавіч) (н. 25.5.1930, в. Хотліна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў БСГА (1959), ВПШ прыЦККПСС (1964). З 1952 на выкладчыцкай і гасп. рабоце ў Віцебску і Полацкім р-не. У 1958—62 інструктар Віцебскага абкома, 2-і сакратар Віцебскага райкома КПБ, старшыня Віцебскага райвыканкома. З 1964 інструктар, нам. загадчыка, загадчык с.-г. аддзела Віцебскага абкома КПБ, 1-ы сакратар Ушацкага райкома КПБ. З 1970 інспектар ЦККПБ, з 1974 сакратар Віцебскага абкома КПБ, з 1977 заг.с.-г. аддзела ЦККПБ. У 1979—89 сакратар ЦККПБ. У 1989—90 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета, нам. Старшыні Вярх. Савета СССР, чл. Савета Федэрацыі СССР, у 1990—91 Старшыня Вярх. Савета БССР. Пад яго старшынствам Вярх. Савет 27.7.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Беларускай ССР. Канд. у чл.ЦК у 1971—76, чл.ЦК з 1979, чл. Бюро ЦККПБ у 1979—91. Дэп. Вярх. СаветаБССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1977—96, нар.дэп.СССР у 1989—91. З 1997 чл. Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.Бахрах, В.Няволін, рэж. А.Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус.тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.
Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Горкі лёс» А.Пісемскага, «Павел I» Дз.Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Жывы труп» Л.Талстога, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «На дне» М.Горкага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Атэла» У.Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.Быхоўскі, М.Дняпроў, К.Замешына, В.Зярноў, К.Кулакоў, Няволін, У.Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.