прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́СНА,
возера на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Свольна (цячэ праз возера), за 42 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, каля в. Лісна. Пл. 15,7 км², даўж. 7,8 км, найб.шыр. 3,1 км, найб.глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 25,3 км. Пл. вадазбору 943 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на ПдЗ да 30 м), параслі лесам, на У і Пн невыразныя. Берагі выш. да 0,3 (на У да 0,5 м), пад хмызняком. На У і Пн забалочаная пойма, парослая рэдкім хваёвым лесам. Дно плоскае, у паўн. частцы пераважаюць глыбіні 3—4 м, у паўд. — да 6 м. 3 астравы агульнай пл. 0,74 км². Ложа выслана сапрапелямі, уздоўж берагоў і вакол астравоў — апясчаненымі адкладамі. Зарастае да глыб. 2,6 м. Шыр. паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 200 м, уздоўж усх. берага да 400 м. У возера ўпадаюць канал Дзегцяроўка і 7 ручаёў, у т. л. з азёр Малы Тучок і без назвы. Адзначана гнездаванне звычайнага гогаля — птушкі, занесенай у Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
рака па Пн Беларусі, у Гарадоцкім, Шумілінскім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 148 км. Пл. вадазбору 2690 км². Выцякае з воз.Езярышча каля г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на, вусце за 1 км на ПдЗ ад в. Новыя Гараны Полацкага р-на. Цячэ на паўн.-зах.ч. Гарадоцкага ўзв. і паўн.-ўсх.ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Свіна, Ценіца, Глыбачка (справа), Чарнуйка, Чарнаўка, Чарняўка, Выдрыца, Усыса, Будавесць (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,3—0,6 км (найб. 2,5 км; у вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 8—20 м у верхнім цячэнні, 20—40 м у сярэднім, 25—30 м у ніжнім. Берагі стромкія, у вярхоўі нізкія, забалочаныя. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,4 м³/с. На рацэ Ключагорскае вадасх. ў Гарадоцкім р-не, г.п. Обаль у Шумілінскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТА́,
рака ў Шклоўскім, Магілёўскім, Чавускім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас.р. Дняпро). Даўж. 100 км, пл. вадазбору 1290 км². Пачынаецца каля в. Аляксандраўка Шклоўскага р-на, вусце за 2 км на ПдУ ад в. Харанеў Слаўгарадскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Рудзея, Будлянка, Хоцінка (справа), Плясна, Вілейка (злева). Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, трапецападобная, шыр. 0,6—1 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, часам стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя. Пойма двухбаковая, слабазабалочаная, у ніжнім цячэнні ўзгорыстая, парэзаная ручаямі і меліярац. каналамі, шыр. 300—400 м. Рэчышча свабодна меандруе, умерана звілістае, трапляюцца невял. астравы і парогі. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, выш. 0,8—1,5 м.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 68% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,3—3,2 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. Р. — водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ вадасх. Зарэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫШЧА,
найбольш паніжаная частка рачной даліны, па якой адбываецца сцёк вады ў міжпаводкавыя перыяды. Шырыня Р. буйных рэк ад дзесяткаў і сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Па даўжыні Р. плёсы чаргуюцца з перакатамі. Для Р. раўнінных рэк характэрны рукавы, меандры і рэчышчавыя ўтварэнні (астравы, асяродкі, косы, мелі, пляжы і інш.). Р. горных рэк парожыстыя, часта скалістыя. Пры разводдзях і паводках вада не ўмяшчаецца ў Р. і выходзіць на пойму. У гэтыя перыяды фарміруюцца прырэчышчавыя валы, адбываецца найб. эразійная работа рэк, што можа выклікаць істотныя змены ў мікрарэльефе і форме Р. У засушлівых раёнах Р. многіх рэк б.ч. года застаюцца сухімі. Для рэк Беларусі характэрны Р. раўнінных і нізінных рэк — звілістыя, месцамі падзеленыя на рукавы, часта суправаджаюцца пратокамі, старыцамі. Шыр. Р. пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шыр. Р. буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Глыбіні большасці Р. 0,3—1 м, на плёсах 1—4 м, месцамі да 6—8 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНА-АХО́ЎНАЯ ЗО́НА, санітарны разрыў,
участак тэрыторыі паміж прамысл. прадпрыемствам і жыллёвымі масівамі для аховы жылых зон ад уздзеяння шкодных вытв. фактараў (шум, пыл, газападобныя выкіды, вібрацыя і інш.).
На Беларусі шырыня С.-а.з. ўстанаўліваецца з разлікам, каб выкіды прадпрыемства, якія дасягаюць раёнаў жыллёвай забудовы, не перавышалі гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) забруджвальных рэчываў у атм. паветры населеных тэрыторый і 0,8 ГДК у месцах масавага адпачынку (курортныя зоны, санаторыі, пляжы, паркі і інш.). Зыходзячы са шкоднасці выкідаў, дасканаласці тэхнал. працэсаў, наяўнасці ачышчальных збудаванняў усе прадпрыемствы падзяляюць на класы: з шыр. С.-аз. 1000 м — 1-ы кл., 500 м — 2-і кл., 250 м — 3-і кл., 100 м — 4-ы кл., 50 м — 5-ы кл. Гэтыя памеры адпавядаюць макс. выкідам, меншым за ГДК. Шыр. С.-а.з. можа быць павялічана пры тэхн.-эканам. і гігіенічным абгрунтаванні, але не больш, чым у 3 разы. Для прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюць радыеактыўныя рэчывы і крыніцы іанізавальнага выпрамянення, С.-а.з. ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з сан. правіламі працы з гэтымі рэчывамі. С.-а.з. азеляняюць газаўстойлівымі раслінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛЫ́ВІНА,
ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДА́К,
пласкадоннае драўлянае грузавое судна з 2-схільным дахам і мачтай. Бытаваў на Беларусі ў 16—19 ст.Даўж. 25—53 м, шыр. 4—10 м, грузападымальнасць 80—250 т. Па канструкцыі самае вузкае, адносна сваёй даўжыні, і непаваротлівае судна. На байдаках хадзілі ўверх і ўніз па цячэнні ракі пад ветразем у басейнах Дняпра і Прыпяці. З сярэдзіны 19 ст. выцеснены больш зручнай берлінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВІ́ТА,
возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,22 км, найб.шыр. 0,5 км, найб.глыб. 7,7 м. Пл. вадазбору 6,85 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя. Берагі пясчаныя, на Пн і З сплавінныя. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Злучана ручаямі з азёрамі Плацішна і Плесна.