МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),

апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.

развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл. Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт. Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л. Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл. «Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл. Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл. Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр. рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.

Літ.:

Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;

Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;

Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;

Боханов А. Николай II. М., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава.

Мікалай II.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНСІ́ (Nancy),

горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сць маст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.

Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.

Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л. гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.​Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.​Ламур), фантанам (арх. Б.​Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.​А.​Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.​Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.​Бето, Ж.​Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дамдэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.​Ларэну, скульпт, А.​Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.​Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.​Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.

Плошча Станіслава I у Нансі. 1751—55.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland),

Ольстэр, адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс. км². Нас. 1663,3 тыс. чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. портг. Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-ра ліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і з сінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

Гісторыя. Да пач. 20 ст. гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл. Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс. чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.

Літ.:

Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),

дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.​Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс. чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.

Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).

Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.​Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).

Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн. дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш. Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Герб і сцяг Антыгуа і Барбуда.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎНАС (Kaunas),

горад у Літве, на р. Нямунас (Нёман), пры ўпадзенні р. Нярыс (Вілія). 420 тыс. ж. (1997). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. металаапр, (станкі, электраматоры, тэлевізары і інш.), лёгкая (тэкстыль, трыкатаж і інш.), харч., паліграф., хім. (штучнае валакно і інш.), дрэваапр. і інш., вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. 5 ВНУ (у т. л. політэхн., медыцынскі). Традыцыйны цэнтр маст. рамёстваў.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1030. У 14 ст. крэпасць ВКЛ, на якую нападалі ням. крыжакі (1362, 1385, 1391, 1400). З 15 ст. гандл. і рамесніцкі цэнтр, карыстаўся магдэбургскім правам (з 1408). Паводле Люблінскай уніі 1569 адышоў да Рэчы Паспалітай; неаднойчы быў разбураны, асабліва ў час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654—67, вайны 1700—21, паводак 1625 і 1715, пажару 1800 (згарэла трэцяя ч. горада). З 1795 у складзе Рас. імперыі (наз. Коўна), з 1843 цэнтр Ковенскай губ. У 1812 акупіраваны і зруйнаваны франц. войскамі Напалеона I Банапарта. Адзін з цэнтраў вызв. паўстанняў 1830—31, 1863—64. У 1919—40 сталіца Літвы. Пасля абвяшчэння 21.9.1940 сав. улады ў складзе Літ. ССР (з 1991 Літ. Рэспубліка). У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (24.6.1941—1.8.1944). У 1950—53 абл. цэнтр Літ. ССР.

Большасць помнікаў архітэктуры ў Старым горадзе (Сянамесцісе): руіны замка (13—16 ст.), касцёл Вітаўта (закладзены ў 14 ст.), кафедральны сабор Пятра і Паўла (1413, дабудаваны ў 17 ст.), т. зв. Дом Пяркуна (канец 15 — пач. 16 ст., рэканструяваны ў 18 ст.) — усе готыка, б. палац Масальскіх (пач. 17 ст.; рэнесанс), ратуша (16—19 ст., арх. Б.​Хайноўскі, прыбудова вежы і рэканструкцыя фасадаў 1771, арх. І.​Мацекерас; готыка, рэнесанс, барока), манастыр камальдалійцаў у Пажайслісе (1667—1712, арх. Л.​Фрэда, К. і П.​Пуціні; барока), сядзібны дом у Аўкштаі-Фрэда (канец 18 ст.; класіцызм). Паводле генпланаў 1847 і 1871 на У ад Старога горада ўзнікла новая частка К. з рэгулярнай планіроўкай (сабор, 1891—95, арх. К.​Лімарэнка; цяпер Галерэя вітража і скульптуры; псеўдавізант. стыль). У 1920—40 К. інтэнсіўна развіваўся: будынкі банка (1924—29, арх. М.​Сангайла; неакласіцызм), вет. акадэміі (1930—31, інж. Й.​Ясюкайціс; мадэрн), паштамта (1931—32, інж. Ф.​Візбарас), Музея Вітаўта Вялікага (1933—36, арх. І.​Дубянецкі; цяпер музеі гістарычны і імя М.​К.​Чурлёніса), гандл.-прамысл. палаты (1937—38, арх. В.​Ландсбергіс-Жамкальніс; цяпер б-ка).

Літ.:

Каунас: Пер. с лит. Вильнюс, 1977.

Стары Каўнас.

т. 8, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ВА (франц. Genève, ням. Genf),

горад на ПдЗ Швейцарыі, на Жэнеўскім воз. і р. Рона. Адм. ц. кантона Жэнева. 172,7 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1994), каля 25% насельніцтва — іншаземцы. Вузел чыгунак і аўтадарог, азёрны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць базіруецца на выкарыстанні высокакваліфікаванай працы. Вылучаюцца ювелірная справа, дакладная механіка (гадзіннікі, розныя інструменты, дакладная апаратура), станкабудаванне, электратэхн. машынабудаванне, вытв-сць рухавікоў, фармацэўтычнай, парфумернай, тэкст., харч. прадукцыі. Ун-т (з 1559). Цэнтр замежнага турызму.

Першапачаткова пасяленне кельтаў (алаброгаў), умацаванае Цэзарам у 58 да н.э. ў перыяд вайны з гельветамі. З 5 ст. рэзідэнцыя біскупства; у гэты ж час заваявана бургундамі, у 534 — франкамі. У канцы 9 ст. зноў пад уладай Бургундыі, разам з ёй увайшла ў склад «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1162 біскупы Ж. атрымалі ад імператара Фрыдрыха I Барбаросы тытул князёў. З пач. 13 ст. за паліт. вяршэнства ў горадзе вяліся спрэчкі паміж біскупамі Ж. і герцагамі савойскімі. На мяжы 14 і 15 ст. Ж. славілася кірмашамі, пазней стала значным цэнтрам крэдытна-банкаўскіх аперацый. У 16 ст. ў ходзе барацьбы з герцагамі савойскімі прымкнула да Швейцарскай канфедэрацыі. З 1539 гал. цэнтр Рэфармацыі (Г.​Фарэль, Ж.Кальвін) еўрап. значэння (наз. «пратэстанцкім Рымам»), Створаная ў 16 ст. алігархічная форма праўлення выклікала шэраг паўстанняў. У 18 ст. развіваецца прам-сць (пераважна вытв-сць гадзіннікаў). У 1798—1814 пад уладай Францыі, у 1815 як кантон увайшла ў Швейцарскую канфедэрацыю. З 2-й пал. 19 ст. месца склікання міжнар. канферэнцый і знаходжання міжнар. арг-цый, у т. л. гал. органаў Лігі Нацый, пасля 2-й сусв. вайны — розных устаноў ААН.

Рака Рона падзяляе Ж. на 2 часткі. На левым беразе — Стары горад (гіст. цэнтр), дзе размешчаны ун-т, т-ры, б-кі, Саборная пл. з раманска-гатычным саборам Сен-П’ер (12—14 ст.; фасад у стылі класіцызму, 1752—56), гатычныя цэрквы Сент-Мары-Мадлен (14—15 ст.), Сен-Жэрмен (14—16 ст.), ратуша (15 ст. — 1617), гатычныя, рэнесансавыя і класіцыстычныя жылыя дамы, палац Энар (1817—21). На правым беразе — Новы горад (са старым кварталам і царквой Сен-Жэрве, 15 ст.): вакзал Карнавен (1928), дом «Клартэ» (1930—32, арх. Ле Карбюзье), Палац Нацый (1928—37, арх. Гіёль), будынак Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1961, арх. Ж.​Чумі). Музеі: мастацтва і гісторыі, сучаснага мастацтва, этнаграфіі.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),

горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн. ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.

Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.​Мільян, Д.​Петрарка). У ім размешчана гал. пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.​Панчыні; 1941, арх. Р.​Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.​Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.​Цукі, Ф.​Х.​Гармендыя, В.​Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.​Васкес Варэла, А.​Бачыні. Г.​Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.​А.​Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодва арх. М.​Кравота), інж.-геад. ф-т Рэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.​Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодва арх. Р.​Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.​Р.​Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.​Гапрагоры, скульпт. Дж.​Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.​М.​Ферары), 2 помнікі Х.​Х.​Артыгасу (1913—23. італьян. скульпт. А.​Дзанелі; 1957, арх. Х.​Л.​Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодва арх. Х.​Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац. б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.​Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікгорыя», «Саліс» і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́СА,

горад на Украіне, цэнтр Адэскай вобласці 1086,7 тыс. ж. (1993). Буйны міжнар. порт на Чорным моры. Чыг. вузел. Прамысловасць: машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны, цяжкія краны, вытв-сць халадзільнага, мед., гандл., паліграф. абсталявання), хім. (суперфасфат, лакі і фарбы), нафтаперапр., хім.-фармацэўтычная, харч. (цукрова-рафінадная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная і інш.), лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая і інш.).

На тэр. сучаснай Адэсы паселішча і гарадзішча існавалі да н.э. У час Кіеўскай Русі тут жылі ўсх.-слав. плямёны улічаў і ціверцаў. У 1239—40 паселішча захоплена мангола-татарамі. З пав. 15 ст. ў складзе ВКЛ. Пад назвай Хаджыбей упамінаецца ў 1415. У 1764 туркі пабудавалі тут крэпасць Ені-Дунья (Новы свет), якая паводле Яскага мірнага дагавора 1791 адышла да Расіі. У 1795 Хаджыбей перайменаваны ў Адэсу. З 1805 Адэса — адм. ц. Новарасійскага краю, з 1825 цэнтр павета Херсонскай губ. З 1932 цэнтр Адэскай вобл. У 1817 засн. ліцэй (гл. Адэскі універсітэт), у 1825 гіст.-археал. музей, у 1830 публічная б-ка. За гераізм у Вял. Айч. вайну (гл. Адэсы абарона 1841, Адэская аперацыя 1944) прысвоена званне горада-героя (1945).

У 1917 у Адэсе і Адэскай акр. знаходзілася больш за 100 тыс. беларусаў з мясц. насельніцтва, бежанцаў 1-й сусв. вайны і салдат Румынскага фронту. У 1917—20 тут дзейнічалі арг-цыі «Беларускі гай», Бел. вайсковая рада, Бел. нац. рада і абраны ёю Бел. нац. камісарыят, выходзіла газ. «Белорусы в Одессе». Сярод актыўных чл. гэтых арг-цый бел. дзеячы А.​Ф.​Адамовіч, А.​В.​Баліцкі, П.​В.​Ільючонак, С.​М.​Некрашэвіч і інш.

У аснове рэгулярнага плана Адэсы 1794 (інж. Ф.​Дэвалан) 3 восевыя магістралі, якія выходзяць да Прыморскага бульвара, забудаваныя ў стылі класіцызму. Цэнтр. ансамбль — паўкруглая плошча з помнікам А.​Э.​Рышэлье (1828, скульпт. І.​Мартас); ад плошчы да мора вядзе манум. Пацёмкінская лесвіца (1841, арх. Ф.​К.​Бофа). У 1884—87 узведзены будынак тэатра оперы і балета (арх. Ф.​Фельнер і Г.​Гельмер). У Адэсе працавалі арх. А.​Мельнікаў, А.​Бернардацы, Тама дэ Тамон і інш. Сярод арх. помнікаў: палацы Патоцкага (1805—10, цяпер Маст. музей), Гагарыных (1842, цяпер Літ. музей), Новая біржа (1894—99, цяпер філармонія), пасаж (1899—1903). Адэса забудоўваецца паводле ген. плана 1966. Пабудаваны марскі вакзал (1966), гасцініца «Чорнае мора» (1972), Палац спорту (1976), Тэатр муз. камедыі (1981) і інш. Музеі: Археал., Мастацкі, Літаратурны, Зах. і ўсх. мастацтваў; Адэскі універсітэт, мед., пед., політэхн., інжынераў марскога флоту ін-ты і інш. У Адэсе буйны турысцкі цэнтр, пункт марскіх круізаў (у т. л. замежных), турысцкі комплекс «Адэса» на курорце Аркадзія.

Марскі вакзал у Адэсе.
Адэса. Тэатр оперы і балета.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСЕ́ЛЬ (флам. Brussel, франц. Bruxelles),

горад, сталіца Бельгіі. Размешчаны на р. Сена (бас. р. Шэльда) і некалькіх каналах. Адм. ц. прав. Брабант. 949,1 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1993); паводле нац. складу — фламандцы і валоны. Падзяляецца на Ніжні горад, перасечаны рукавамі Сены, і Верхні горад, размешчаны на ўсх. грэбені ўзвышшаў. Цэнтр. ч. горада абкружана 18 прыгарадамі з самаст. кіраваннем. Буйны трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (звязаны каналамі з вусцем р. Шэльда і Паўн. м., а таксама з цэнтр. прамысл. раёнамі краіны). Міжнар. аэрапорт Завентэм. Важны фін., прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта-, прылада- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае); хім., фармацэўтычная, парфумерная, паліграф., гарбарная, тэкст., швейная, папяровая, фарфоравая, шкляная, тытунёвая, піваварная, харч., вытв-сць дываноў, ювелірных вырабаў, карункаў. Метрапалітэн. У Бруселі штаб-кватэры НАТО, ЕЭС, Бенілюкса і інш. Месца правядзення міжнар. канферэнцый, з’ездаў, муз. конкурсаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 966. З 12 ст. рэзідэнцыя герцагаў брабанцкіх, адзін з гал. цэнтраў Брабанта. З 16 ст. ў складзе Ісп. Нідэрландаў, у часы Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. прымкнуў да Утрэхцкай уніі 1579. У 1585 заваяваны іспанцамі, з 1713 пад уладай Аўстрыі, з 1794 — Францыі, з 1814 — Галандыі. Цэнтр Бельгійскай рэвалюцыі 1830, з 1830 — сталіца Бельгіі.

Цэнтр Бруселя захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку (удасканалена ў 18—19 ст.). У Ніжнім горадзе, на пл. Грандплас і каля яе гатычны сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль (1226—1490), ратуша (1401—55), «Каралеўскі дом» (1515—25), шматлікія дамы гільдый канца 17 — пач. 18 ст., барочныя цэрквы і інш. У Верхнім горадзе ансамблі ў стылі класіцызму (пл. Плас-дэ-Маргыр, 1772—75, і Плас-Руаяль, 1774—80), Каралеўскі палац (18—20 ст.), Палац Нацыі (цяпер парламент, 1779—83), «Брусельскі парк» (1774—76), Палац прыгожых мастацтваў (1922—28, арх. В.​Арта), сярод пабудоў канца 19—20 ст. асабнякі ў стылі мадэрн (арх. Арта), Палац стагоддзя (1935), аэравакзал «Сабена» (1954) і інш. Да Сусв. выстаўкі 1958 створаны новыя магістралі, трансп. развязкі на бульварным кальцы. Помнікі: «Бельгія» на пл. Плас-дэ-Мартыр (1838), Працы (1930, скульпт. К.​Менье) і інш.

У Бруселі — 2 каралеўскія АН: валонская (з 1772) і флам. (з 1938), 2 каралеўскія мед. акадэміі: валонская (з 1841) і фламандская (з 1938); Каралеўская археал. акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1711), ун-т (з 1834), кансерваторыя (з 1832). Геагр. ін-т (засн. Э.​Рэклю), Пастэраўскі ін-т. 30 музеяў, у т. л. Бельг. каралеўскі музей мастацтваў, Каралеўскі музей мастацтва і гісторыі.

Да арт. Брусель. Дом карпарацыі лодачнікаў. 1697.
Да арт. Брусель. Панарама горада. На пярэднім плане сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс. чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс. мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс. ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс. км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 мг. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс. н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.​Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.

Літ.:

Малаховский К.В. История островов Кука. М., 1978.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)