БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

кліматабальнеалагічны курорт на Беларусі. За 25 км ад г. Рэчыца, на беразе Дняпра. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой. Крыніца мінер. водаў з вял. колькасцю ёду. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (у т. л. дубровамі), частку займае маляўнічая пойма ў лукавіне Дняпра. Умовы спрыяльныя для псіхал. разгрузкі, лячэння агульнасаматычных хвароб. Базы для каротка- і доўгатэрміновага адпачынку.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.​Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТПА́К-ДАЛА́, Бедпак-Дала, Паўночны Галодны стэп,

пустыня ў Казахстане, ад р. Сарысу на З да воз. Балхаш на У. Пл. каля 75 тыс. км². Плоская і спадзістахвалістая раўніна з сярэднімі выш. 300—350 м (найб. г. Джамбул, 974 м). Зах. ч. — гліністая салянкава-палыновая пустыня, якая пераходзіць на У у камяністую пустыню. Шмат дробных, засоленых азёраў. Пашы; асвойваецца пад земляробства.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ,

возера ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 16 км на ПдУ ад г. Калінкавічы. Пл. 0,34 км², даўж. 1,75 км, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Схілы катлавіны выш. да 12 м, на ПнУ да 4 м, пад хмызняком, на Пд разараныя. Берагі пераважна забалочаныя, месцамі супадаюць са схіламі. Злучана ручаём з воз. Пясчанка.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНЫ́ ВІНТ,

найбольш пашыраны суднавы рухач. Мае насаджаную на грабны вал калодку з лопасцямі, якія размешчаны на аднолькавых вуглавых адлегласцях адна ад адной і арыентаваны пад пэўным вуглом да падоўжнай восі вала. Грабныя вінты бываюць суцэльныя (лопасці адлітыя або адштампаваныя разам з калодкай), са здымнымі або паваротнымі (вінты са зменным ходам) лопасцямі. Вырабляюць з латуні, бронзы, чыгуну, сталі, пластмас.

Грабны вінт судна.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,

ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н,

1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.

2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ГАРО́ДНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 40 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—18 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія. Злучана пратокай з воз. Малое Гародна.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЧКА (Генадзь Іосіфавіч) (н. 15.2.1922, в. Лутна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў школу авіямеханікаў (1941), эл.-мех. тэхнікум (1963). У Вял. Айч. вайну снайпер ст. сяржант Вялічка на фронце з чэрв. 1941 знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў каля 200 снайпераў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1946 у Сав. Арміі.

Г.І.Вялічка.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЭ́ТА ЛІТЭРА́ЦКА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Literacka Wileńska», «Віленская літаратурная газета»),

першае перыядычнае выданне на тэр. ВКЛ. Выдавалася ў 1760—94 у Вільні на польск. мове як орган Віленскай езуіцкай акадэміі. Мела культ.-асв. кірунак. Напярэдадні паўстання 1794 пад кіраўніцтвам А.​Т.​Касцюшкі актыўна асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця. З жн. 1794 наз. «Кур’ер літэвскі», з 1841 «Виленский вестник».

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)