КО́ВАЛЬ (Міхаіл Пятровіч) (н. 1925, с. Трошча Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1953). З 1953 у Гродзенскім с.-г. ін-це (з 1963 заг. кафедры). Навук. працы па метадах нармалізацыі абмену рэчываў у с.-г. жывёл.

Тв.:

Витамины в рационах коров. Мн., 1977;

Доврачебная помощь животным в личном хозяйстве. Мн., 1985 (разам з М.​І.​Баламутам);

Профилактика заболеваний животных в пастбищный период. Мн., 1987.

т. 8, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч.Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСА́КА (Lusaka),

горад, сталіца Замбіі. Знаходзіцца ў цэнтр. ч. краіны, на выш. 1280 м. Адм. ц. прав. Лусака. 1307. тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харч., швейная, цэм., хім., аўтазборачная. Ун-т. Этнагр. ін-т. Ін-т афр. даследаванняў. Нац. архіў. Бат. сад. Таварыства па ахове дзікіх жывёл і прыроды Замбіі.

Засн. ў 1905 як чыг. станцыя паблізу аднайм. вёскі. З 1935 адм. цэнтр брыт. пратэктарата Паўн. Радэзія. З 1964 сталіца незалежнай Замбіі.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЬКО́ВА (Валянціна Аляксееўна) (н. 2.6.1919, с. Азяркі Тульскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1973). Скончыла Алма-Ацінскі вет. ін-т (1941). У 1966—87 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па этыялогіі, дыягностыцы і спецыфічнай прафілактыцы інфекц. захворванняў маладняку с.-г. жывёл.

Тв.:

Диагностика инфекционной энтеротоксемии с помощью типоспецифических сывороток (разам з Т.​Я.​Лахно) // Ветеринария. 1970. № 5;

Анаэробные желудочно-кишечные заболевания молодняка сельскохозяйственных животных. Мн., 1974 (разам з В.​І.​Ляньковым).

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́СКАВІЧЫ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Іванава — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на Пн ад г. Іванава, 143 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1368 ж., 507 двароў (1999). Лясніцтва, станцыя па барацьбе з хваробамі жывёл. Пачатковая школа, вучэбна-вытв. камбінат, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Прачысценская царква (пабудавана да 1783), сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920).

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛОЧНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

узбуджальнікі малочнакіслага браджэння. Развіваюцца на складаным пажыўным асяроддзі. Трапляюцца ў малацэ і малочных прадуктах, на раслінах і раслінных рэштках, у кішэчніку чалавека і жывёл.

Бясспоравыя грамстаноўчыя палачкі і кокі. Факультатыўныя анаэробы. Гомаферментатыўныя М.б. расшчапляюць цукры пераважна да малочнай к-ты і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, малочнай кіслаты, гетэраферментатыўныя ўтвараюць таксама воцатную к-ту, спірты, эфіры, удзельнічаюць у працэсах сіласавання кармоў, квашанні капусты, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці дэкстранаў (для заменнікаў плазмы крыві). Гл. таксама Лактабацылы.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНО́МА [ад грэч. melas (melanos) чорны + -ōma канчатак у назвах пухлін],

меланабластома, у чалавека злаякасная пухліна, якая развіваецца з пігментаўтваральных клетак меланацытаў. Часцей узнікае на скуры (90%), радзей — на слізістых абалонках страўнікава-кішачнага тракту, верхніх дыхальных шляхоў, мазгавых абалонак, у воку. Схільная даваць раннія метастазы. Для М. характэрна назапашванне ў клетках меланіну, бываюць і беспігментныя. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапеўтычнае. У жывёл М. — дабраякасная пухліна з клетак эпідэрмісу; можа ператварацца ў злаякасную. Гл. таксама Пухліны.

Л.​Л.​Аўдзей.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІЦЕ́НКА (Міхаіл Піліпавіч) (2.11.1912, станіца Кабардзінская Апшэронскага р-на Краснадарскага краю, Расія — 9.5.1980),

бел. вучоны ў галіне нейрамарфалогіі і антрапалогіі. Д-р біял. н. (1973). Скончыў Горкаўскі ун-т (1936). З 1960 у Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі, у 1970—79 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Навук. працы па агульнай эвалюцыі, эвалюцыйнай марфалогіі галаўнога мозга, органаў пачуцця жывёл і чалавека, зоаэкалогіі.

Тв.:

Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Головной мозг парнокопытных. Мн., 1970 (у сааўт.).

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На ПдУ Мяшчорскай нізіны (Расія). Засн. ў 1935 з мэтай аховы прыроднага комплексу Мяшчоры і захавання хахулі. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 22,9 тыс. га. Рэльеф нізінны. Поймавыя лугі, старыцы, азёры. Хваёвыя, яловыя лясы, дубровы. У флоры больш за 800 відаў раслін. У фауне звычайныя лось, дзік, ліс, бабёр, куніца, вавёрка і інш. У арнітафауне 220 відаў тушак. Гадавальнікі рэдкіх відаў жывёл: зубра, жураўлёў белага, чорнага і японскага, сапсана, крэчата і інш. Музей прыроды.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,

залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.

Літ.:

Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)