дабраякасная пухліна ў выглядзе кангламерату розных зубных тканак. Узнікае ад парушэння развіцця аднаго або некалькіх зубоў на верхняй ці ніжняй сківіцы, часцей каля карэнных зубоў. Мяккая адантома — ранняя стадыя развіцця пухліны — складаецца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Назіраецца часцей у маладым узросце. Цвёрдая адантома (абвапнаваная) можа ўключаць дробныя зубы або зубападобныя структуры, акаймаваныя капсулай. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),
вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзіндыоксіпірымідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФА́ЛЬТ (ад грэч. asphaltos горная смала),
будаўнічы су́вязны матэрыял. Прыродны асфальт утвараецца пры акісленні нафты пасля выпарэння лёгкіх фракцый. Пашыраны ў раёнах неглыбокага залягання і выхаду на паверхню нафтаноснай пароды. Штучны асфальт — сумесь бітумаў (13—60%) з тонказдробненым вапняком, пясчанікам і інш., адрозніваецца ад прыроднага наяўнасцю парафіну і нафтавага масла. Асфальт выкарыстоўваюць як дахавы гідраізаляцыйны матэрыял, у вытв-сці асфальтабетону, замазак, клею.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),
сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЁМЕТР (ад грэч. gonia вугал + ...метр),
1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1′. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэны эл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТАЛІ́Т (ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),
мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЫНАМІ́Я (ад гіпа... + грэч. dynamis сіла),
зніжэнне мышачных намаганняў, што трацяцца на ўтрыманне позы, перамяшчэнне цела ў прасторы, фіз. работу. Прычыны гіпадынаміі: маларухомы спосаб жыцця, імабілізацыя, працяглы пасцельны рэжым, знаходжанне ва ўмовах бязважкасці, касм. станцый. Пры гіпадынаміі развіваюцца функцыян. і марфал. змены (парушаецца рэактыўнасць арганізма, паніжаецца яго ўстойлівасць да інфекцый і перагрузак, фіз. працаздольнасць, аб’ём цыркулявальнай крыві, мазгавы кровазварот і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАСПЕРМІ́Я (ад гема... + грэч. sperma семя),
з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.