А́ЛЕ ((Alle) Аўгуст) (31.8.1890, г. Вільяндзі, Эстонія — 8.7.1952),

эстонскі пісьменнік. Скончыў Тартускі ун-т (1937). Друкаваўся з 1911. Дэбютаваў рамант.-сімвалісцкімі вершамі з міфалаг. матывамі (зб. «На астравах адзіноты», 1918; «Ліловы слон», 1923). Развіваў жанр сатыр. эпіграмы, востра антыфаш. ў гады Айч. вайны. Аўтар зб. вершаў «Carmina barbata» (1921), «Мутныя хвалі» (1930), «Суровыя рытмы» (1934), «Эпіграмы» (1944) і інш. У 1946—52 рэдактар час. «Looming» («Творчасць»). Паасобныя вершы Але перакладзены на бел. мову.

Тв.:

Сатира и лирика. Таллинн, 1960.

Н.​Басель.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЗІЯ (Alesia),

старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РДЗІ ((Alberti) Хуан Баўтыста) (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),

аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЗІЯ́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Republica Ambrosiana),

рэспубліканскае праўленне ў г. Мілан з 14.8.1447 да 27.2.1450 (назва ад св. Амвросія, апекуна Мілана). Створана гар. вярхамі пасля смерці апошняга міланскага герцага з дынастыі Вісконці, ва ўмовах цяжкай вайны з Венецыяй. Палітыка ўрада нобіляў выклікала незадаволенасць нар. мас. У ліп. 1449 у выніку нар. паўстання створаны новы ўрад. Прэтэндэнт на герцагскі прастол Ф.​Сфорца заключыў перамір’е з Венецыяй і арганізаваў асаду Мілана. Ва ўмовах галоднай блакады горад здаўся. Сфорца абвясціў сябе герцагам Мілана, і Амбразіянская рэспубліка перастала існаваць.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ШАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (1530 ? — 1561),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. З канца 1540-х г. адзін з кіраўнікоў Выбранай рады. У 1550-я г. давераная асоба цара Івана IV Грознага, кіраваў унутр. і знешняй палітыкай дзяржавы. Пры ўдзеле Адашава да Расіі далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы. У 1560 пасланы ваяводам у Лівонію. Прыхільнік экспансіі на У і Пд, Адашаў быў супраць актывізацыі Лівонскай вайны 1558—83. Трапіў у няміласць да цара, зняволены ў Юр’еве (цяпер Тарту), дзе і памёр.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕРФЕЛЬТ ((Adlerfelt) Густаў) (1671—9.7.1709),

шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЭНЭ́УМ ВІЛЕ́НЬСКЕ»

(«Ateneum Wileńskie»),

гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1923—39 у Вільні на польск. мове Т-вам аматараў навук. Перыядычнасць — ад 4 нумароў у год да аднаго ў 2 гады. Асвятляў гісторыю зямель ВКЛ, змяшчаў дакументы, падрабязную, часта анатаваную бібліяграфію даследаванняў па гісторыі ВКЛ. Друкаваў артыкулы і дакументы па гісторыі асобных зямель і гарадоў Беларусі, магнацкіх родаў Радзівілаў і Гаштольдаў, гісторыі культуры, асветы, рэлігіі на Беларусі. Змяшчаў таксама дакументы часоў вайны 1812, паўстанняў 1830—31 і 1863—64, матэрыялы па археалогіі.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎ (Міхаіл Васілевіч) (22.11.1913, в. Гарадзецк Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобласці — 22.6.1979),

Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр авіяцыі (1957). У Чырв. Арміі з 1932. Скончыў школу ваен. пілотаў (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, удзельнік абароны Перакопа, вызвалення Каўказа, Новарасійска, Румыніі і Балгарыі. Вызначыўся пры абароне Севастопаля, дзе ў паветр. баях збіў 6 самалётаў праціўніка. За час вайны зрабіў 498 баявых вылетаў, правёў 141 паветр. бой, збіў 17 самалётаў праціўніка.

М.В.Аўдзееў.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЫ (лац. Galli),

кельцкія плямёны, якія ў 6—5 ст. да н.э. засялілі тэрыторыю, названую рымлянамі Галія. У Італію галы прыйшлі, верагодна, з Поўначы, у 387 да н.э. захапілі Рым, пасля адступілі і аселі на Пн ад р. По. У 3 ст. да н.э. занялі Швейцарыю, у 2 ст. да н.э. паўн.-ўсх. раёны Галіі. Пасля 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) галы ў Італіі трапілі пад уладу Рыма. Мелі даволі высокую культуру (гл. Латэн), гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЦЫІ (Horatii),

старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)