КАЗАЛУ́ПАЎ (Сямён Мацвеевіч) (22.4.1884, р.п. Краснахолмскі Калтасінскага р-на, Башкортастан — 18.4.1961),
расійскі віяланчэліст, педагог; адзін з заснавальнікаў рас. віяланчэльнай школы. Нар. арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1904—07). Выступаў як саліст і ў розных камерных ансамблях. З 1912 праф. Саратаўскай і Кіеўскай, у 1922—61 — Маскоўскай кансерваторый. Рэдактар многіх віяланчэльных твораў. Сярод яго вучняў М.Растраповіч, Н.Шахаўская.
Літ.:
Козолупова Г.С. С.М.Козолупов: Жизнь и творчество. М., 1986.
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЕ́ГІ (Аляксандр) (20.1.1848, г.п. Казбегі, Грузія — 22.12.1893),
грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1880. Майстар псіхалагізаванага пейзажу. У рамане «Элгуджа» (1881), аповесцях «Элісо» (1882), «Ціко» (1883), «Хевісберы Гоча» (1884), «Пастыр» (1885), п’есах «Адзін з няшчасных» (паст. 1880), «Раніца пасля вяселля», «Арсен» (абедзве паст. 1882) і, інш. адлюстраваў драм. старонкі жыцця і змагання горцаў за сваю свабоду, незалежнасць, чалавечую годнасць. Яго творы прасякнуты ідэямі гуманізму, верай у нязломнасць духу груз. народа.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Тбилиси, 1974.
т. 7, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),
гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.
т. 9, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА (Леанід Давыдавіч) (н. 7.11.1937, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне неадкладнай тэрапіі. Д-р мед. н., праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1965 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1980—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі, гепаталогіі, кардыялогіі, лячэбным галаданні, лазератэрапіі, хуткай мед. дапамозе. Адзін з аўтараў энцыкл. даведніка «Здароўе без лякарстваў» (1994).
Тв.:
Скорая помощь без врача. Мн., 1998 (у сааўт.).
т. 9, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РКАЎ (Васіл) (15.5.1870, г. Карлава, Балгарыя — 28.11.1931),
балгарскі акцёр, прадстаўнік рамантызму. У 1892—1926 у т-ры «Сляза і смех» у Сафіі (з 1904 Нар. т-р). Адзін з першых праф. акцёраў Балгарыі. Выконваў пераважна ролі рамант. герояў: Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Фердынанд («Каварства і любоў» І.Ф.Шылера), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога); а таксама ролі ў нац. спектаклях: Хрыстафораў («Ля падножжа Віташы» П.Яварава), Іванка («Іванка» В.Друмева), Барыслаў («Барыслаў» І.Вазава).
т. 8, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАДЫМО́НТЭ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МУЗЕ́Й І ГАЛЕРЭ́І ў Неапалі,
адзін з буйнейшых маст. музеяў Італіі. Засн. ў 1738 у б. каралеўскім палацы Кападымонтэ (1738, арх. Дж. А.Медрана). У зборы пераважна творы з калекцыі кн. Фарнезе і неапалітанскіх каралёў, у т. л. карціны С.Марціні, Мазачыо, Дж. Беліні, Тыцыяна, П.Брэйгеля Старэйшага, Эль Грэка, скульптуры А.Палаёла; лепшы ў краіне збор жывапісу 17 ст. Багатыя калекцыі зброі, мэблі, маст. тканін, манет і медалёў, еўрап. і ўсх. керамікі.
т. 8, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́ЎСКІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
адзін з найбуйнейшых у свеце, у Джамбульскай і Паўд.-Казахстанскай абласцях Казахстана. Выцягнуты паласой даўж. 120 км пры шыр. ад 15 да 30 км уздоўж усх. схілу хр. Каратау. Пл. 2,5 тыс. км². Уключае 45 радовішчаў. Агульныя запасы і прагнозныя рэсурсы фасфарытаў 15 млрд. т руды, колькасць фосфарнага ангідрыду P2O5 21—27%. Фасфарыты прымеркаваны да чулактаускай світы ніжняга кембрыю. Распрацоўка з 1946. Здабыча вядзецца адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Жанатас.
т. 8, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗЕЛ, Казела,
Козел-Паклеўскі Вікенцій (Вінцэнты) Іванавіч (1838, маёнтак Сэрвач, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 28.5.1863), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат І.І.Козела. У час вучобы ў школе гв. падпрапаршчыкаў і інж. акадэміі належаў да пецярбургскай афіцэрскай рэв. арг-цыі. Служыў ваен. інжынерам у Вільні і Свеаборгу. У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Вілейскага пав. Загінуў у баі каля в. Уладыкі Вілейскага р-на. Пахаваны тайна ў Сэрвачы.
Г.В.Кісялёў.
т. 8, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САРАК ((Kosárek) Адольф) (6.1.1830, Гералец каля Гумпалец, Чэхія — 30.10.1859),
чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. школы рэаліст. пейзажа 19 ст. Скончыў Пражскую АМ (1855). Творчасці ўласцівы паступовы пераход ад пейзажа ідэалізавана-рамант. да заснаванага на непасрэдным назіранні натуры, прастата матываў і паэт. адлюстраванне станаў прыроды, перадача асаблівасцей ландшафту Чэхіі і Маравіі: «Змрок» (1853), «Матыў з Пардубіцаў» (1854), «Пейзаж з каменным мостам» (1855), «Чэшскі пейзаж» (каля 1858), «Пейзаж з капліцай» (каля 1859) і інш.
т. 8, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЛЕВІЧ ((Kraljević) Міраслаў) (14.12. 1885, Госпіч, Харватыя — 16.4.1913),
харвацкі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1907—11), акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1911). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і Э.Манэ. У абагульненай свабоднай манеры рабіў партрэты, пейзажы, нацюрморты, анімалістычныя сцэны, якія вызначаюцца стрыманасцю колеравай гамы, рысамі схаванага эмацыянальнага напружання і драматызму. Сярод твораў: «Аўтапартрэт з сабакам» (1910), «Аўтапартрэт з люлькай», «Бонвіван», «Люксембургскі сад» (усе 1912) і інш.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)