жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст.Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял.Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Бытавы жанр. В.Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.Да арт.Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў Аркадзь Аляксандравіч (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца якіндывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1529, Першы статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст. Помнік старабел. пісьменства. Падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясц. звычаёвага права, пастаноў дзярж. і суд. устаноў, Судзебніка 1468, прывілеяў. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А.Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў яго складанні і рэдагаванні прымаў удзел Ф.Скарына). Пры распрацоўцы Статута ўпершыню вырашаны шэраг складаных тэарэт. і практычных задач: выпрацавана сістэма і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыпавыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзярж., адм., грамадз., сямейнага, крымін., судова-працэсуальнага і інш. галін права. Складальнікі Статута не прытрымліваліся сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, а выпрацавалі сваю. У яе аснову пакладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права, прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спец. нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам.
Статут уведзены ў дзеянне 29.9.1529. Складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў (пазнейшыя дапаўненні павялічылі іх да 283). У 1—3-м раздзелах змешчаны ў асн. нормы дзярж. права і прынцыповыя палажэнні інш. галін права, у 4-м і 5-м — шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-м — судова-працэсуальнае, у 7-м — крымін., у 8-м — зямельнае, у 9-м — лясное і паляўнічае, у 10-м — цывільнае, у 11—13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнае права У Статуце юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзярж. ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сац. груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзярж. кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, паводле якога ўсе асобы, «як убогія, так і багатыя», павінны судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вял. князь абавязваўся захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзярж. пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясц. феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. Адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот для феадалаў. Ідэі гуманізму паўплывалі на нормы крымін. і цывільнага права, выкладзеныя ў Статуце 1529 і наступных Статутах. Так, у Статуце 1529 (раздз. 1, арт. 7) абвяшчалася, што ніхто не павінен адказваць за чужую віну, а крымін. пакаранне трэба назначаць толькі асобам, віна якіх устаноўлена судом. У арт. 27-м раздз. 7-га прадугледжаны тэрмін крымін. праследавання: за найб. цяжкае злачынства — 10 гадоў, менш цяжкае — 3 гады. У 7-м арт. 11 -га раздзела зроблена спроба абмежаваць халопства. Вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павінен аддавацца ў вечную няволю. Даволі поўна выкладзены нормы, якія забяспечвалі права ўласнасці феадалаў. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей, парадак выдачы дзяўчат замуж. Абвяшчалася абяцанне вял. князя не выдаваць дзяўчат замуж прымусова, а толькі з іх згоды. Падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнім дзецям, якія засталіся без бацькоў. Нормы дзярж. права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці ўяўлялі своеасаблівую феад. канстытуцыю, у якой упершыню вызначалася структура і характар дзейнасці органаў дзярж. улады, замацоўваліся асн. правы і прывілеі пануючага класа і саслоўя шляхты, Статут 1529 адыграў значную ролю ў далейшай кадыфікацыі і сістэматызацыі права. Як і Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1588.
Статут напісаны на бел. мове, мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы бел. народа, дае магчымасць вывучаць лексіку і стыль, дзярж.-прававую тэрміналогію таго часу. Вядомы пераклады Статута 1529 на лац. (1530) і польск. (1532) мовы. Захаваліся 4 спісы на бел. мове: Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх, Слуцкі; 2 спісы на лац. мове: Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; спіс на польск. мове — Альшэўскі (Свідзінскі і Вастрабрамскі спісы загінулі ў 1944). Упершыню Статут 1529 надрукаваны ў 1841 у Познані ў «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529» (лацінскім шрыфтам), у 1854 — кірыліцай у Маскве.
Публ.:
Старый Литовский Статут 1529 г. // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 18;
Статут Великого княжества Литовского 1529 г.Мн., 1960.
Літ.:
Пичета В.И. Литовский Статут 1529 г. и его источники // Пичета В.И. Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Крапивин П.Ф., Чернецкая Ю.И. О рукописях и изданиях первого Литовского Статута // Славянский архив. М, 1959;
Первый Литовский Статут 1529 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1982;
Лазутка С., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут. [Т.] 1, ч. 1—2. Вильнюс, 1983—85;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;
Улашчык М. Першы Літоўскі Статут: (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) // Бел.гіст. агляд. 1996. Сш. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАВІНА ДЛЯ БУДАЎНІЧЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ
ёсць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Яе радовішчы звязаны ў асноўным з чацвярцічнымі, неагенавымі, палеагенавымі, мелавымі, дэвонскімі і дакембрыйскімі пародамі. Гліны, суглінкі і супескі звязаны з чацвярцічнымі (азёрна-алювіяльнымі, ледавікова-азёрнымі, ледавіковымі, алювіяльнымі, лёсападобнымі і інш.генет. акумуляцыямі), неагенавымі і палеагенавымі адкладамі. У залежнасці ад якасці і рэчыўнага складу выкарыстоўваюцца як дамешкі пры вытв-сці цэменту, у керамічнай прам-сці (пры вытв-сці цэглы, керамічных плітак, дрэнажных труб, чарапіцы, керамзіту, аглапарыту і інш.), для буравых раствораў, як напаўняльнікі паперы, гумы, для адсарбентаў, каталізатараў і інш. Выяўлена больш за 500 радовішчаў. Каля 50% з іх не маюць прамысл. значэння з-за невял. запасаў (да 100 тыс.м³) або нізкай якасці. На 1.1.2002 з балансавымі запасамі ўлічана 227 радовішчаў, з іх у Брэсцкай вобл. 40 (запасы па катэгорыях A + B + C1 47 060 тыс.м³, C2 7649 тыс.м³), у Віцебскай 58 (запасы адпаведна 92 201 і 139 818), у Гомельскай 47 (37 919 і 10 974), у Гродзенскай 34 (19 902 і 1871), у Магілёўскай 29 (7688 і 4655), у Мінскай 19 (58 688 і 32 387). Па прамысл. запасах да найб. буйных радовішчаў належаць Гайдукоўка (Мінскі р-н, 25 859 тыс.м³), Лукомль-2 (Чашніцкі р-н, 24 019), Заполле (Шумілінскі р-н, 18 150).
Пяскі і жвірова-пясчаныя пароды звязаны з чацвярцічнымі (краявымі ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі, алювіяльнымі, эолавымі і інш.генет. акумуляцыямі), неагенавымі і палеагенавымі адкладамі. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці сілікатных вырабаў, тынкавальных і муровачных раствораў, напаўняльнікаў бетонаў, у будаўніцтве дарог, фундаментаў, ліцейнай вытв-сці для фармовачных сумесей, для фільтравальных установак і інш. На 1.1.2002 улічана 108 радовішчаў буд. пяскоў, з іх у Брэсцкай вобл. 7 (запасы па катэгорыях A + B + C1 100 685 тыс.м³ і C2 — 39 705 тыс.м³), у Віцебскай 26 (запасы адпаведна 66 442 і 62 476), у Гомельскай 14 (82 976 і 69 976), у Гродзенскай 14 (41 133 і 12 084), у Магілёўскай 21 (104 776 і 75 374), у Мінскай 26 (86 097 і 62 028). Па прамысл. запасах найбуйнейшымі радовішчамі з’яўляюцца Агова (Іванаўскі р-н, 28 252), Хаціслаўскае (Маларыцкі р-н, 26 281), Акалоты (Бярозаўскі р-н, 22 052). Улічана 158 радовішчаў жвірова-пясчанага матэрыялу, з іх у Брэсцкай вобл. 12 (запасы па катэгорыях A + B + C1 66 804 тыс.м³ і C2 — 67 727 тыс.м³), у Віцебскай 51 (запасы адпаведна 238 694 і 133 758), у Гродзенскай 35 (90 359 і 28 228), у Магілёўскай 8 (41 750 і 9685), у Мінскай 52 (252 649 і 138 562). Па прамысл. запасах найб. буйныя радовішчы Крулеўшчызна (Докшыцкі р-н, 38 005), Баравое (Гарохавае, Глыбоцкі р-н, 37 054), Загуззе (Гарадоцкі р-н, 31 181).
Мелавыя і мергельныя пароды верхняга аддзела мелавой сістэмы і адорвені гэтых парод, прымеркаваныя да чацвярцічнай тоўшчы, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цэменту, вапняку, соды, шкла, пластмас, паперы, лакафарбавых матэрыялаў, а таксама для падкормкі жывёлы, вапнавання глебы і інш. Балансавыя запасы радовішчаў мергельна-мелавых парод на цэментавую сыравіну па прамысл. катэгорыях A + B + C1 і па катэгорыі C2 адпаведна складаюць (на 1.1.2003, тыс.т): Каменка (Крычаўскі р-н) — 101 849 і 145 011; Камунарскае (Касцюковіцкі р-н) — 381 631 і 75 881; Калядзічы — 41 895 і 32 152 і Пагараны (Ваўкавыскі р-н) — 30 084; Туры (Мастоўскі р-н) — 65 786 і 5933; Хаціслаўскае (Маларыцкі р-н) — 74 139 і 28 799; Сожскае (Чэрыкаўскі р-н) — 108 965 і 127 380. На 1.1.2003 улічаны 32 радовішчы мелу, з іх у Брэсцкай вобл. 5 (запасы па катэгорыях A + B + C1 81 384 тыс.т і C2 — 28 799 тыс.т), у Мінскай 2 (запасы адпаведна 17 015 і 1810), у Гомельскай 4 (запасы A + B + C1 3553), у Гродзенскай 14 (49 759), у Магілёўскай 7 (54 276).
Даламіты франскага яруса верхняга дэвону выкарыстоўваюцца для вытв-сці друзу, даламітавай мукі, у якасці мінер. парашку для асфальту, напаўняльніка для руберойду, у металургіі, шкляной прам-сці і інш. Паблізу Віцебска знаходзіцца радовішча даламітаў Руба (складаецца з участкаў Гралева, Цякава-Койтава, Чырванадворскі, Ананіна, Аўдзеевічы, Кастрычніцкі). Балансавыя запасы (на 1.1.2002, тыс.т) па прамысл. катэгорыях A + B + C1 складаюць 745 113, па катэгорыі C2 — 389 285, у т. л. на ўчастку Гралева адпаведна 522 560 і 130 597 (з’яўляецца сыравіннай базай ВА «Даламіт»).
Сыравіннай базай будаўнічага каменю з’яўляюцца архейска-пратэразойскія магматычныя пароды крышт. фундаменту Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу (дыярыты, граніты, гранадыярыты, мігматыты і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці друзу як абліцовачны буд. матэрыял і інш. Балансавыя запасы па прамысл. катэгорыях A + B + C1 і па катэгорыі C2 складаюць (на 1.1.2003, тыс.м³): радовішча Мікашэвіцкае — 294 709 і 147 220, Сітніцкае — 263 061 і 277 227 (Брэсцкая вобл.); Глушкавіцкае — 7859 і 5600, Кар’ер Надзеі — 3284 і 1247 (Гомельская вобл.). На базе Мікашэвіцкага радовішча будаўнічага каменю працуе ВА «Граніт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУТНЫЯ ВОЙСКІ.
Як адзін з асн. відаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найб. шматлікімі, многафункцыянальнымі па спосабах вядзення баявых дзеянняў, аснашчэнні ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Прызначаны для вырашэння задач па адбіцці ўдараў наземных груповак праціўніка і іх ліквідацыі ў выпадку агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Баявы патэнцыял сухапутных войск (СВ) дазваляе самастойна або ва ўзаемадзеянні з ВПС і войскамі ППА наносіць агнявыя ўдары на вял. глыбіню; эфектыўна дзейнічаць пры ўтрыманні занятых раёнаў, рубяжоў і аб’ектаў, разгроме груповак войск праціўніка, якія могуць уклініцца ў нашу тэрыторыю. У іх склад уваходзяць: механізаваныя войскі (мотастралковыя і танк. часці); ракетныя войскі і артылерыя; злучэнні і вайск. часці ППА (зенітныя, зенітныя ракетныя, зенітныя ракетна-артыл., радыётэхнічныя), якія з’яўляюцца родамі войск; спец. войскі (злучэнні і вайск. часці сувязі, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, навігацыйна-тапагр., гідраметэаралагічныя, інфарм. і тэхн. забеспячэння); злучэнні і вайск. часці тылу. Аснову складаюць аператыўныя групоўкі (аб’яднанні) на Зах. і Паўн.-зах. аперацыйных напрамках, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачы па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэг. разгортванне ўсіх узбр. сіл, усёй ваен. арганізацыі дзяржавы. Яны складаюцца з механізаваных злучэнняў, баз захавання, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск і спец. войск, вайск. часцей і падраздзяленняў тэхн. і тылавога забеспячэння. Аператыўнае камандаванне ажыццяўляе кіраўніцтва падначаленымі злучэннямі і вайск. часцямі, якое таксама каардынуе дзейнасць войск, вайск. фарміраванняў і падраздзяленняў МУС, Мін-ва па надзвычайных сітуацыях, Пагран. войск, КДБ, інш.дзярж. органаў і арганізацый па выкананні задач у галіне абароны краіны, якія знаходзяцца ў зоне іх адказнасці. Асобныя злучэнні і вайск. часці родаў войск і спец. войск, тэхн. забеспячэння, вучэбныя вайск. часці, інш. часці і ўстановы, што ўваходзяць у склад СВ, прызначаны для выканання баявых задач, а таксама для аператыўнага (баявога), тэхн., тылавога забеспячэння баявых дзеянняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.
Камандаванне СВ сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дырэктывы міністра абароны ў студз. 2002 на базе 5-га гвардз. армейскага корпуса. На яго ўскладзены задачы падтрымання на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, непасрэднага кіраўніцтва штодзённай дзейнасцю і баявой падрыхтоўкай органаў кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей, а таксама кіраўніцтва тэр. абаронай. Будаўніцтва і развіццё СВ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі забеспячэння ваен. бяспекі дзяржавы, выкладзенымі ў канцэпцыі нац. бяспекі (2001), Ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь (2002), і на аснове праграмных дакументаў — Канцэпцыі будаўніцтва Узбр. Сіл да 2010, Праграмы завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл на 2001—05 і Плана будаўніцтва Узбр. Сіл да 2006. Гал. мэта рэфармавання — стварэнне боегатовых і здольных да разгортвання ў пэўныя тэрміны аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і арганізацый СВ аптымальнай структуры, складу і колькасці, якія валодаюць дастатковым патэнцыялам стрымлівання і могуць процістаяць любой ваен. пагрозе. Адна з важных задач рэфармавання — ажыццяўленне якасных пераўтварэнняў, якія гарантуюць нарошчванне баявых магчымасцей, удасканаленне арганізац.-штатных структур, аснашчэнне сучасным узбраеннем і ваен. тэхнікай (УВТ), удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, паляпшэнне якасных паказчыкаў укамплектаванасці асабовага складу, павышэнне баявой вывучкі ваеннаслужачых, зладжанасці злучэнняў і вайск. часцей. Як адзін з асн. спосабаў павелічэння сумарнага баявога патэнцыялу войск прадугледжана павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання (органаў і пунктаў кіравання, сродкаў сувязі і аўтаматызаванага кіравання войскамі). Важнае значэнне надаецца распрацоўцы і ўкараненню новых падыходаў, прынцыпаў кіравання і метадаў кіраўніцтва. З мэтай падтрымання ў баявым стане, развіцця і ўдасканалення УВТ праведзена іх мадэрнізацыя з адначасовай планамернай і паэтапнай заменай на новыя перспектыўныя ўзоры шляхам распрацоўкі, вытв-сці (самастойна або ў кааперацыі з інш. дзяржавамі). Вядуцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы па стварэнні элементаў і сістэм новага УВТ, зарыентаваныя на рэалізацыю такіх перспектыўных кірункаў будаўніцтва СВ, як развіццё ракетных войск і артылерыі, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі. З улікам развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў перагледжаны многія палажэнні тактыкі і дзеянняў злучэнняў і часцей, спосабы выкарыстання СВ у цэлым. Распрацаваны і ўведзены ў дзеянне новыя сучасныя праграмы баявой падрыхтоўкі мотастралковых, танк., мабільных падраздзяленняў, а таксама падраздзяленняў родаў войск, праграмы камандзірскай падрыхтоўкі афіцэраў і прапаршчыкаў, курсы стральбы і ваджэння баявых машын. Кардынальна перапрацаваны нарматывы па баявой падрыхтоўцы. СВ паспяхова дзейнічалі ў час комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004 г.». Кадры для СВ рыхтуюць Ваен. акадэмія Рэспублікі Беларусь, Аб’яднаны навуч. цэнтр па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, а таксама шэраг ваен. кафедраў (ф-таў) цывільных ВНУ і інш. Кіраўніцтва СВ ажыццяўляе камандуючы Сухапутнымі войскамі, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючыя СВ Рэспублікі Беларусь: Ю.В.Партноў (2001—03), С.С.Смольскі (з 2003).
А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Артылерыйскі разлік на тактычных занятках.Падраздзяленне мотастралкоў на палявых занятках.Танкавае падраздзяленне на маршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Ашмянскія грады,
фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае узв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага узв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб.выш. 320 м над узр. м. — г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс.км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах. галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага узв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.
У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл.«Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх.ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.
М.Я.Камароўскі.
Ашмянскае ўзвышша каля в. Жупраны Ашмянскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем у біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕНГА́ГЕН (København),
горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс.ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс.ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л.вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім.прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.
Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.
Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл.цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.
У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.Д.Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.К.Хансенам у 1800—20, Т.Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.Бінесбёль, мастак І.Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх. А.Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».
У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л.Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц. жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.
Панарама Капенгагена.Да арт.Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.Да арт.Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ,
від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.
Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж. рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Якасн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Макушнікаў А. Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;
Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);
Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;
Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.
Г.В.Ласкавы.
Да арт.Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛЛЕ,
выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.
Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх.рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.