1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).
2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.
3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.
Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам r, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖ, калодзезь,
1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в.Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам у цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, Э.А.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.
Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.
І.І.Леановіч.
(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); б — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. conformatio форма, размяшчэнне) у хіміі, пэўнае размяшчэнне ў прасторы атамаў малекулы вядомай канфігурацыі; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Пераход паміж К. адбываецца ў выніку вярчэння фрагментаў (атамаў ці груп атамаў) малекулы адносна простых сувязей, выгінання і інш. дэфармацый сувязей, якія не змяняюць канфігурацыю малекулы.
Малекула мае некалькі К., кожнай з іх адпавядае пэўная энергія. Адрозніваюць К. з макс. (заслоненыя К.) і мінім. значэннем энергіі (запаволеныя К.). Напр., для малекулы этану H3C—CH3 магчыма існаванне 2 К., якія максімальна адрозніваюцца па энергіі — запаволеная і заслоненая, энергетычны бар’ер вярчэння адносна сувязі вуглярод-вуглярод складае ~13 КДж/моль. Заслоненыя К. адпавядаюць энергетычным бар’ерам пераходаў паміж адносна стабільнымі запаволенымі. У час вярчэння фрагментаў малекулы адносна сувязей магчыма ўтварэнне некалькіх К., якім адпавядае мінімум энергіі, такія К. наз.канфармерамі. Пры высокіх значэннях энергіі вярчэння (больш за 80 КДж/моль пры т-ры 300 К) канфармеры — геам. ізамеры (гл.Геаметрычная ізамерыя), атропаізамеры (напр., ортазамешчаныя дыфенілы) і шэраг цыклічных малекул, у якіх вярчэнне запаволена з-за наяўнасці аб’ёмных замяшчальнікаў, можна вылучыць у выглядзе індывід.хім. злучэнняў. Гл. таксама Канфармацыйны аналіз.
Т.Т.Лахвіч.
Да арт.Канфармацыя ў хіміі: а — запаволеная і б — заслоненая канфармацыі малекулы этану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСКІ БАЛЕ́ТВялікабрытаніі
(The Royal Ballet),
балетная трупа. Створаны ў Лондане Н. дэ Валуа і Л.Бейліс пры т-ры «Сэдлерс-Уэлс». Напачатку наз. «Вік Уэлс бале», з 1942 — «Сэдлерс-Уэлс бале», з 1957 сучасная назва. Маст. кіраўнікі дэ Валуа (з 1931), Ф.Аштан (з 1963), К.Макмілан (з 1970). У рэпертуары аднаактовыя спектаклі на музыку класікаў і сучасных кампазітараў, класічныя балеты П.Чайкоўскага, А.Адана, Л.Дэліба і інш. у пастаноўках маст. кіраўнікоў, а таксама Р.Хелпмена, Р.Пці, Дж.Баланчына і інш. Сярод вядучых артыстаў 1930—40-х г. П.Мей, П.Аргайл, Дж. Брэй, М.Хонер, М.Фантэйн, Х.Цёрнер, У.Гор, М.Сомс, У.Чапел. У 1950—60-я г. К.б. адзін з вядучых у Еўропе. У 1955 створана 2-я трупа — «Сэдлерс-Уэлс опера бале» (балетмайстры Дж. Кранка, Макмілан, А.Радрыгес і інш.). Сярод пастановак балеты на муз.Б.Брытэна, Ф.Ліста, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, І.Стравінскага, Г.Малера, С.Пракоф’ева і інш. З канца 1970-х г. у К.б. асноўная (выступае ў т-ры «Ковент-Гардэн») і гастрольная (са штогоднім сезонам у т-ры «Сэдлерс-Уэлс») трупы. Існуе эксперым. група «Балет для ўсіх». З 1931 пры К.б. дзейнічае школа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЗЯНКО́ВА Аляўціна Аляксандраўна(н. 25.3.1935, С.-Пецярбург), бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1954 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Бел. харэагр. вучылішча. З 1992 педагог-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. З 1998 балетмайстар-пастаноўшчык Дзярж.т-ра музкамедыі Рэспублікі Беларусь. Танцоўшчыца шырокага творчага дыяпазону. Яе творчасці характэрны валоданне рознымі формамі танца, тонкая распрацоўка дэталей, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Марыя, Наталька, Джулія («Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Анітра, Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса). Выступала ў спектаклях Бел. тэлебачання як драм. актрыса.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 63—73.
А.І.Калядэнка.
А.Карзянкова ў ролі Папялушкі.А.Карзянкова ў ролі Францыскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
міжусобныя дынастычныя войны ў Іспаніі паміж дзвюма галінамі ісп.Бурбонаў у 19 ст. Былі звязаны з ісп. рэвалюцыямі 1834—43 і 1868—74. 1-я К.в. (1833—40) развязана пасля смерці караля Фердынанда VII карлістамі — прыхільнікамі сына Карла IV (правіў у 1788—1808) дона Карласа Старэйшага, які выступаў супраць Марыі Крысціны — рэгентшы пры малалетняй каралеве Ізабеле II. Карлісты выступалі за захаванне абсалютызму і феад. парадкаў, апіраліся на сялянства паўн. і ўсх. абласцей Іспаніі, выкарыстоўвалі сепаратысцкія настроі жыхароў Каталоніі, Басконіі і Навары, вялі пераважна партыз. вайну. Летам 1837 іх войска (14 тыс.чал.) на чале з донам Карласам намагалася авалодаць Мадрыдам. Урадавыя войскі на чале з ген.Б.Эспартэра да лета 1840 разбілі асн. сілы карлістаў (дон Карлас у 1839 уцёк у Францыю). У ходзе 2-й К.в. (1872—76) карлісты імкнуліся зацвердзіць на ісп. прастоле пад імем Карла VII дона Карласа Малодшага — унука Карласа Старэйшага. Да канца 1875 іх ваен. сілы, сканцэнтраваныя ў Басконіі, Навары і Каталоніі і падзеленыя на 3 арміі, налічвалі каля 100 тыс.чал. У лют. 1875 у бітве пры Лукары карлісты разбілі ўрадавую армію, але з-за ўнутр. рознагалоссяў пачалі цярпець паражэнні і ў пач. 1876 разгромлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз.мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.
Асн. элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл.Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл.Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЁР-АГЛЫ́»,
«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).
Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст.Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд.азерб. версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.
Публ.:
Кёроглу. Баку. 1959.
Літ.:
Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.