род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, як заноснае — паўсюдна ў нетрапічных краінах. На Беларусі 2 віды С.: звычайная (B. vulgaris) і прамая (B. stricta). Трапляюцца на вільготных лугах, па берагах рэк, на палях, у пасевах.
Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Ніжняе лісце лірападобнае, верхняе суцэльнае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне ядавітае для свойскай жывёлы і птушак. Зімовы крэс (B. vema) культывуюць у Зах. Еўропе як салату. Харч., тэхн., меданосныя расліны, часта — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ТКА,
верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з сукна. Бытавала ў беларусаў, рускіх, украінцаў да 1930-х г. На Пн Беларусі насілі С. прамога халатападобнага крою (спінка і пярэдняе крыссе прамыя), у цэнтр. раёнах — з адразной спінкай (ніжняя частка ў зборкі, пярэдняе крыссе прамое) і з неадразной спінкай, звужанай у таліі (ад проймы рукавоў зашывалі вытачкі, якія ніжэй таліі ўтваралі фальбоны альбо фалды). Для Палесся характэрны С. з «вусамі» — вял. клінамі, ушытымі па баках ад таліі і ўпрыгожанымі каляровым шнурам, пярэстымі пампонамі, вышыўкай.
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчаты ў світках Вёска Вугляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
установа для бесперапыннай рэгістрацыі ваганняў зямной паверхні пры землетрасеннях, выбухах і інш. з дапамогай сейсмографаў. Вылучаюць апорныя С.с. (рэгіструюць сейсм. сігналы на адлегласці да эпіцэнтра больш за 2 тыс.км) і рэгіянальныя С.с. (на адлегласці да 2 тыс.км). С.с. свету рэгіструюць землетрасенні па адзіным часе — сярэднім Грынвіцкім. У сусв. сетцы С.с. больш за 2 тыс. стацыянарных, у т. л. ў СНД — каля 350 станцый (адзіная сістэма назіранняў). На Беларусі — 1 апорная С.с. «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі і 3 рэгіянальныя: «Нарач», «Гомель» (в. Чонкі) і «Салігорск».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВО́Я (Sequoia),
род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯДО́ЛІ,
першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВА́Ж (франц. servage ад лац. servus раб),
від феад. залежнасці сялянства ў Зах. Еўропе ў сярэднія вякі; адна з найб. крайніх форм абмежавання грамадз. і гасп. правоў сялян (серваў). Сервы працавалі на зямлі феадала, былі ў асабістай ад яго залежнасці, падсудныя яго суду, але ў адрозненне ад прыгоннага права ў Расіі юрыдычна не былі прымацаваныя да зямлі. С. характэрны для перыяду феад. раздробленасці. Рост таварнай вытв-сці ў 13—14 ст., адкрытае супраціўленне сялян (нар. паўстанні 14—15 ст.) зменшылі значэнне С. У 16—18 ст. С. захаваўся толькі ў асобных адсталых рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВЭ́ ((Servais) Адрыен Франсуа) (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),
бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.В’ётанам і Ю.Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.Германоўскі, Я.Карловіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],
памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),
1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.Шуберта.
2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.А.Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ВЕРЦАЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 28.11.1945, г. Цюмень, Расія),
бел. мастак. Муж Г.М.Сіверцавай. Скончыў Уральскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1966), Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1971). З 1978 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе ў галінах комплекснага маст. праектавання інтэр’ераў, выставак, манум.-дэкар. мастацтва. Аўтар праектаў маст. афармлення інтэр’ераў гал. корпуса Нац.АН Беларусі (1981), рэстарана «Свіцязь» (1984), Палаца моладзі і школьнікаў (1988), рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1997—99) у Мінску; манум.-дэкар. скульптуры са зварнога металу для фасада Палаца культуры ў г. Слонім Гродзенскай вобл. (у сааўт., 1987) і інш.
В.Сіверцаў. Фрагмент фасада Дома культуры ў Слоніме. 1987.