САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,

геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс. г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМСО́НАВА (Аліса Самуілаўна) (н. 2.7.1940, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі і экалогіі. Д-р біял. н. (1995). Скончыла БДУ (1967). З 1968 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях узаемадзеяння мікраарганізмаў з кампанентамі навакольнага асяроддзя, метабалічных шляхах ператварэння мікраарганізмамі ксенабіётыкаў, выкарыстанні біятэхналогій для ачысткі навакольнага асяроддзя ад таксічных арган. рэчываў.

Тв.:

Микробные ценозы торфяных почв и их функционирование. Мн., 1983 (у сааўт.);

Биотехнология охраны окружающей среды // Биотехнология — сельскому хозяйству. Мн., 1988;

Микробиологический метод очистки сточных вод от метанола и формальдегида (у сааўт.) // Изв. Бел. инженер. Академии. 1997. № 1 (3).

т. 14, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНАЦІ́НА (італьян. sonatina памяншальнае ад sonata),

інструментальны твор, блізкі да санаты, аднак меншы за яе і тэхнічна больш просты. Характарызуецца прастатой і яснасцю вобразнасці, нескладанай фактурай; яго санатная форма мае некат. асаблівасці: экспазіцыя лаканічная, распрацоўка невял. або адсутнічае, рэпрыза мала дынамізавана. Пашырана пераважна ў пед. рэпертуары (санаціны Ф.​Кулаў, М.​Клеменці, Л.​Бетховена, А.​Дворжака, М.​Равеля, М.​Мяскоўскага, А.​Хачатурана, Дз.​Кабалеўскага). У бел. музыцы С. для розных інструментаў ёсць у М.​Аладава, Г.​Вагнера, П.​Падкавырава, М.​Русіна, А.​Туранкова, Э.​Тырманд, Л.​Шлег, М.​Шнейдэрмана і інш.

Ю.​Дз.​Златкоўскі.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІ́НА (франц. sanguine ад лац. sanguis кроў) у графіцы, матэрыял для малявання ў выглядзе алоўка без аправы. Натуральная С. (мінерал крывава-чырв. колеру) выкарыстоўвалася ў наскальных размалёўках палеаліту. Тэхніка малюнка С. склалася ў еўрап. мастацтве эпохі Адраджэння, найб. пашырылася ў 17—18 ст. у натурных малюнках. У наш час С. вырабляюць з кааліну і аксідаў жалеза з невял. дабаўленнем сувязных рэчываў. У малюнку дае цёплы мяккі колер (ад чырвона-рудога да цёмна-карычневага і фіялетавага), багатую тонавую гаму, дазваляе выкарыстоўваць растушоўку, штрыхі рознай інтэнсіўнасці (асабліва пры змочванні), лакальныя плямы; не патрабуе фіксацыі.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ДЫЕ́ГА (San Diego),

горад на Пд Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША, каля граніцы з Мексікай, у штаце Каліфорнія. Засн. іспанцамі ў 1769. 1220,7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 3 млн. ж. (2000). Марскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр цытрусаводчага раёна, авіяракетнай прам-сці і вытв-сці касмічных лятальных апаратаў. Прам-сць: радыёэлектронная, у т. л. вытв-сць ЭВМ і абсталявання, пераважна для ваенных мэт; суднабуд. прыладабуд., металаапр., хім., плодакансервавая. 9 ун-таў. Ін-т акіянаграфіі. Кліматычны курорт. У парку Бальбоа адзін з буйнейшых у свеце заапаркаў. Гал. ваенна-марская база ЗША на Ціхім ак.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

рака на Пд Канады. Утвараецца ад сутокаў рэк Норт-С. і Саўт-С., якія пачынаюцца ў Скалістых гарах. Даўж. 544 км (ад вытоку р. Саўт-С. — 1928 км), пл. бас. 385 тыс. км². Цячэ па Вялікіх і Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Разводдзе ў чэрв.—жн., межань ад снеж. да сакавіка. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады 780 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння ў вярхоўях. Вадасх. Гранд-Рапідс у ніжнім цячэнні. Суднаходная на асобных участках. На р. Саўт-С. — г. Саскатун, на р. Норт-С. — гарады Эдмантан і Прынс-Альберт.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА (Мікалай Емяльянавіч) (н. 7.10.1936, в. Турышчавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік і педагог. Дац. (1990). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1958). З 1967 у Бел. ун-це транспарту. Навук. працы па праблемах выкладання фізікі, пытаннях пераемнасці навучання ў школах і ВНУ. Аўтар навуч. дапаможнікаў для школ і падрыхтоўчых аддз. ВНУ.

Тв.:

Ошибки на вступительных экзаменах по физике: Справ. пособие. 2 изд. Мн, 1992;

Решение задач по физике. 3 изд. Мн, 1999;

Физика в вопросах и задачах. Мн., 2000;

Задачи по физике с анализом их решения. 2 изд. М., 2000.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З АБАРО́НЫ ЎСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ»,

падпольная антыбальшавіцкая арг-цыя ў Расіі ў канцы 1917 — пач. 1918. Створаны ў Петраградзе 23.11(6.12).1917 прадстаўнікамі правых эсэраў, нар. сацыялістаў, меншавікоў-абаронцаў і часткі канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў); меў аддзяленні ў Маскве, Ноўгарадзе, Адэсе, Самары і інш. Мэта — выкарыстаць маючае быць 5(18).1.1918 адкрыццё Устаноўчага сходу для звяржэння ўлады бальшавікоў і аднаўлення дэмакр. ладу. Выдаваў «Известия Союза защиты Учредительного собрания», распаўсюджваў антыбальшавіцкія лістоўкі, арганізаваў 5—9 (18—22).1.1918 у Петраградзе і Маскве дэманстрацыі ў падтрымку Устаноўчага сходу (расстраляны ўладамі). Неўзабаве пасля разгону бальшавікамі Устаноўчага сходу [у ноч на 6(19).1.1918] «С.а.У.с.» спыніў існаванне.

т. 14, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ЗЯМЕ́ЛЬНЫХ УЛА́СНІКАЎ,

палітычная арганізацыя памешчыкаў Расіі ў 1905—08 і 1916—20. Засн. ў ліст. 1905 у С.-Пецярбургу для абароны буйнога прыватнага землеўладання і самадзярж. ладу ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07. Пасля яе задушэння часова спыніў існаванне (1908). Адноўлены ў ліст. 1916 з мэтай дапамогі арміі с.-г. прадуктамі і абароны прыватнай уласнасці на зямлю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 С.з. у. — падп. манархічная арг-цыя, звязаная з белым рухам. Адзін з яго кіраўнікоў А.​В.​Крывашэін у 1920 узначальваў белагвардзейскі «Урад Поўдня Расіі». Пасля разгрому Чырв. Арміяй асн. сіл белагвардзейцаў саюз распаўся.

т. 14, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РЖАНСКАЯ ФАЯ́НСАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1742—60 у мяст. Новы Свержань Навагрудскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Заснаваў уладальнік мястэчка кн. М.​Радзівіл. Працавала больш за 50 чал. Выраблялі пераважна сталовы і аптэчны посуд, а таксама дэкар. куфэркі, шкатулкі, літургічны посуд, фігуры святых да алтароў, бюсты стараж. філосафаў для інтэр’ера б-кі Радзівілаў у Нясвіжскім замку, фаянсавыя белыя і зялёныя пячныя пліткі і інш. Традыцыі зах.-еўрап. (саксонскага) фаянсу набылі тут характэрную мясц. інтэрпрэтацыю; у вырабах адчуваецца ўплыў позняга барока. Узораў С.ф.м. захавалася мала.

Я.​М.​Сахута.

Талерка, зробленая на Свержанскай фаянсавай мануфактуры.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)