старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч. Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э.рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст.н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.
Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Для ўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст.н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Для зах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст.н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),
пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,
стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,
жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтрытрадыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.
Літ.:
Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;
История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБІЯ (Србија),
Рэспубліка Сербія (Република Србија), рэспубліка ў складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславіі. Займае большую ч краіны (88,4 тыс.км² са 102 тыс.км²) і канцэнтруе большую ч. насельніцтва (каля 10 млн.чал. з 10,7 млн.чал. у краіне, 2000). Сталіца — г.Бялград. У адм. адносінах падзяляецца на акругі і абшчыны. Сербы складаюць каля 70%, албанцы — каля 17% (пераважна ў б.аўт. краі Косава), венгры — каля 4% (пераважна ў б.аўт. краі Ваяводзіна) насельніцтва. Жывуць таксама румыны, харваты, чарнагорцы, цыганы і інш.Паўн.ч. знаходзіцца на паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны, у цэнтры і на Пд — Сербскае нагор’е, Усх.-Сербскія горы, частка Дынарскага нагор’я, катлавіны Косава Поле і Метохія. Найвыш. пункт (2764 м) на мяжы з Албаніяй, у хр. Карабі. Клімат умераны, кантынентальны. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. З карысных выкапняў ёсць мёдныя і свінцова-цынкавыя руды, каменны і буры вугаль, нафта і прыродны газ. Лясы, пераважна букавыя (займаюць каля 27% тэр.), захаваліся ў гарах. У гаспадарцы роля прам-сці і сельскай гаспадаркі прыкладна аднолькавая. У прам-сці найб. развітыя энергетычныя, горназдабыўная, металург. і маш.-буд. галіны. Энергетыка базіруецца на выкарыстанні бурага і каменнага вугалю. ГЭС Джэрдап на Дунаі (сумесная з Румыніяй), значныя ГЭС на рэках Дрына, Уласіна. Лім і інш. Вылучаюцца здабыча, выплаўка і пракат медзі і сурмы, здабыча свінцу і цынку. Чорная металургія прадстаўлена камбінатам у г. Смедарава. У хім. прам-сці значная вытв-сць сернай кіслаты і мінер. угнаенняў, выпуск штучных валокнаў і нафтахім. прадукцыі. Шматгаліновае машынабудаванне: электратэхніка і электроніка, вытв-сцьс.-г. машын, горнага абсталявання, грузавых і легкавых аўтамабіляў і інш. Развіты тэкст., гарбарна-абутковая, харч. і інш. галіны прам-сці. Гал.прамысл.цэнтры: Бялград, Нові-Сад, Ніш, Субаціца, Крагуевац, Прышціна. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, жыта, цукр. буракі, каноплі, сланечнік, бульбу, гародніну. Садоўніцтва (найб. сліва) і вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней і авечак. Птушкагадоўля. Збожжавая гаспадарка найб. развіта ў раўнінных раёнах на Пн, жывёлагадоўля — у цэнтр. і паўд. горных раёнах. Транспарт. чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Дунаі і Саве.
Гісторыя. На тэр. сучаснай С. здаўна жылі ілірыйскія і фракійскія плямёны, моцна раманізаваныя ў выніку заваявання Стараж. Рымам (229 да н.э. — 106 н.э.). З 395 н.э. большая ч. гэтых зямель у складзе Візантыі. У 4—6 ст. на тэр. С. нападалі вестготы, гуны, авары. У 7 ст. сюды прыйшлі слав. плямёны, якія падпарадкавалі і асімілявалі мясц.насельніцтва. З 8 ст. пачала фарміравацца сербская народнасць і складваліся феад. адносіны. У 9 ст. сербы прынялі хрысціянства. У сярэдзіне 10 ст. ўзнікла Сербскае княства. У пач. 11 ст. С. падпарадкавана Візантыяй. У 2-й пал. 12 ст. тут узмацнілася княства Рашка, дзе вял. жупанам (князем) у 1168—96 быў Стэфан Нэманя (Няманя) — заснавальнік дынастыі Няманічаў. Пры ім вакол Рашкі склалася адзіная сербская феад. дзяржава (з 1217 каралеўства, з 1345—46 царства), дасягнута незалежнасць ад Візантыі. У 1219 абвешчана аўтакефалія (фактычная незалежнасць) сербскай правасл. царквы. Кароль (з 1346 цар) Стэфан Душан [1331—55] пашырыў сваю ўладу на амаль усе сербскія, македонскія, албанскія і ч.грэч. зямель. У 2-й пал. 14 ст. царства Няманічаў распалася. У выніку паражэння на Косавым Полі (1389) С. трапіла ў васальную залежнасць ад туркаў, у 1459 уключана ў Румелійскі эялет Асманскай імперыі. У 16—18 ст. сербы неаднаразова (1594, 1597—98, 1688—90, 1711) паўставалі супраць тур. няволі. У выніку сербскіх паўстанняў пачатку 19 стагоддзя (1804—13, 1815) пачалося аднаўленне сербскай дзяржаўнасці на чале з князем і скупшчынай (парламентам). Першым князем С. стаў Георгій Петравіч-Карагеоргій [1808—13], наступным — Мілаш Абрэнавіч [1815—39, 1858—60]. У далейшым на прастоле С. змяніліся прадстаўнікі дынастый Абрэнавічаў [1815—42, 1858—1903] і Карагеоргіевічаў [1842—58, 1903—18]. У 1830—33 пад дыпламат. націскам Расіі Турцыя афіцыйна дала статус аўт. княства Паўн. С. ў межах Бялградскага пашалыка. Пры кн. Міхаілу Абрэнавічу (1860—68) створана нац. армія, ліквідаваны тур.ваен. гарнізоны. У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 С. паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 атрымала незалежнасць і павялічыла сваю тэрыторыю. З 1882 С. — каралеўства. У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 да С. далучаны паўн.ч.гіст. Македоніі (сучасная Рэспубліка Македонія) і б.ч. краю Косава са значным алб. насельніцтвам. Рэзка абвастрыліся адносіны з Аўстра-Венгрыяй, якая, скарыстаўшы Сараеўскае забойства, 28.7.1914 напала на С., што стала пачаткам 1-й сусв. вайны, у якой С. ўдзельнічала на баку Антанты. З 1915 С. акупіравана аўстра-герм. і балг. войскамі. Вызвалена восенню 1918.
1.12.1918 С. разам з інш. паўднёваслав. землямі ўтварыла адзіную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) на чале з дынастыяй Карагеоргіевічаў. Пасля скасавання манархіі ў 1945 С. (у сучасных межах) — Нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі, з 1963 — адна з сацыяліст. рэспублік у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ). Па-за межамі С., у рэспубліках Боснія і Герцагавіна, Харватыя засталася значная колькасць сербаў. Пасля распаду СФРЮ (1991) С. (з 1991 сучасная назва) і Чарнагорыя ўтварылі 27.4.1992 новую федэрацыю — Саюзную Рэспубліку Югаславію. Гісторыю пасля 1918 таксама гл. ў арт.Югаславія.
Літ.:
История Югославии. Т. 1—2. М., 1963;
Јиричек К. Историја Срба. Кн. 1—2. Београд, 1980;
Историја српског народа. Кн. 1—2. Београд, 1981;
Раннефеодальные государства и народности: (южные и западные славяне VI—XII вв.). М., 1991;
Сербия: Вчера и сегодня. Белград, 1995;
Данченко С.И. Развитие сербской государственности и Россия, 1878—1903. М., 1996;
История южных и западных славян. Т. 1. Средние века и новое время. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВКБССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.Ф.Карскі, прафесары В.П.Волгін, Л.С.Мінор, У.І.Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.М.Пранішнікаў, Ф.Ф.Турук, А.Ф.Фартунатаў, К.А.Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.І.Барычэўскі, Ц.М.Годнеў, М.В.Доўнар-Запольскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, М.А.Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук.л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел.політэхн.ін-т. У гады Вял.Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.
У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд.навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж.цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв.геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук.час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУЗах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс.км². Нас. 3037 тыс.чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г.Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.
Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах.ч.Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас.р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс.кВтгадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн.га (запасы драўніны 598 млн.м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.
Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн.т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн.цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш.Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд.кВтгадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім.прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн.га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс.км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ,
унікальны твор старабел. эмальернага мастацтва, помнік пісьменства 12 ст.; рэліг. і духоўная святыня беларусаў. Зроблены ў 1161 полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай як каўчэг для захавання хрысц. рэліквій. Крыж 6-канцовы, выш. 51,8 см, даўж. верхняга перакрыжавання 14 см, ніжняга — 21 см, таўшчыня 2,5 см. Аснова з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу пакрыта 21 залатой пласцінкай з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, бакі абкладзены 20 сярэбранымі з пазалотай пласцінкамі, брыжы пярэдняга боку абведзены шнурком жэмчугу. Пласціны пярэдняга боку ўтвараюць іканапісную кампазіцыю — вял., або расшыраны, дэісус. На верхніх канцах крыжа паясныя выявы Хрыста, Маці Божай, Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — 4 евангелісты, на канцах — архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе крыжа — патроны заказчыцы і яе бацькоў; св. Ефрасіння Александрыйская, Георгій і Софія. У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невял. 4-канцовы крыжык, у ніжнім — 6-канцовы. На адвароце выявы айцоў царквы Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, св. Стафана, Дзмітрыя, Панцеляймона. З імі чаргуюцца эмалевыя арнаментальныя пласціны. Над кожным абразком часткова грэч., часткова слав. літарамі зроблены надпісы. У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі яго крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Маці Божай, часткі мошчаў св. Стафана і Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Унізе дробны надпіс з імем майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На баках крыжа па спіралі ў 2 рады зроблены вял. завяшчальны надпіс: «У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да...40 грыўняў, і хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворную Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...» Захоўваўся (з перапынкамі) у Полацку. У 1921 крыж рэквізаваны. У 1929—41 зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1992 прынята рашэнне аб узнаўленні крыжа і створана навук.-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі бел. і рас. вучоныя. У 1997 брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку.
Літ.:
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Крест — красота церкви: [История создания и воссоздания Креста преподобной Ефросинии Полоцкой]. Мн.. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 1.8.1927. Мяжуе на ПнЗ з Фінляндыяй, на З — з Эстоніяй. Абмываецца Фінскім зал. Балтыйскага м., Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 85,9 тыс.км². Нас. (без Санкт-Пецярбурга) 1679 тыс.чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — Санкт-Пецярбург. Найб. гарады: Гатчына, Выбарг, Ціхвін, Сасновы Бор, Волхаў, Кінгісеп.
Прырода. Берагавая лінія Фінскага зал. слаба парэзаная, за выключэннем раёна Выбаргскага зал. (шхеры). На большай ч.тэр. вобласці — нізіны (Прыбалтыйская, Прынеўская, Вуоксінская, Свірская і інш.) са слядамі дзейнасці ледавіковых вод. Паміж Фінскім зал. і Ладажскім воз. — Карэльскі перашыек з Лембалаўскім узв. (выш. да 179 м) у цэнтры. На З вобласці распасціраецца Балтыйска-Ладажскі ўступ (Глінт). На Пд ад яго размешчана Ардовікскае плато, у межах якога знаходзіцца Іжорскае ўзв. (выш. да 168 м). На ПнУ Вепсаўскае ўзв. (выш. да 291 м), на У Ціхвінская града. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы, баксіты, фасфарыты, гліны, граніт, вапнякі, пяскі. Крыніцы мінер. вод. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. 9—11 °C, ліп. 16—17 °C. Ападкаў 750—850 мм за год. Гал. рэкі: Нява, Свір, Волхаў, Луга, Сясь, Вуокса. Каля 1800 азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя, балотныя, алювіяльныя, ёсць урадлівыя дзярнова-карбанатныя. Пад лесам 55% тэрыторыі. На Карэльскім перашыйку Ліндулаўскі лістоўнічны гай. Балоты займаюць каля 12% тэрыторыі. Ніжнясвірскі запаведнік.
Гаспадарка. Прам-сць Л.в. цесна звязана з Санкт-Пецярбургам. У галіновай структуры прам-сці вядучае месца займаюць паліўная, электраэнергетыка, машынабудаванне, лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Вядзецца здабыча гаручых сланцаў і торфу. Ленінградская АЭС, 8 ГЭС (Волхаўская, Свірская, Нарвенская, Вуоксінская і інш.), Кірышская ДРЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены суднабудаваннем і суднарамонтам, вытв-сцю вузлоў для трактароў і металаліццём, вырабам абсталявання для цэлюлозна-папяровай і хім. прам-сці, машын для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці. Металургічны комплекс грунтуецца на перапрацоўцы баксітаў і прывазных (з Кольскага п-ва) нефелінаў на гліназёмных з-дах, алюмініевым камбінаце. Нафтаперапр.прам-сць. Хім.прам-сць (вытв-сць двайнога суперфасфату, амафосу, сернай кіслаты, перапрацоўка сланцаў, быт. хімія, лесахім. прадукты). Развіта лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць; лёгкая і харч. (у т. л. рыбная і рыбакансервавая) галіны. Прам-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, пераважна малочна-мясная, свінагадоўля (племянныя пароды), птушкагадоўля. Зверагадоўля (блакітны пясец, норка). Конегадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 745,4 тыс.га, у т. л. пад ворнымі землямі 423,8 тыс.га. У раслінаводстве каля 2/3 пасяўных плошчаў пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, са збожжавых сеюць жыта, авёс, ячмень. Даўж. чыгунак 2780 км. Асн.чыг. вузлы: Санкт-Пецярбург, Выбарг, Гатчына. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10 тыс.км. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Беламорска-Балтыйскім і Сайменскім каналах, па Ладажскім і Анежскім азёрах, рэках Нява, Свір і інш. Марскія парты: Санкт-Пецярбург, Выбарг. Развіты трубаправодны транспарт. Турызм, Ленінградская і Выбаргская курортныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),
сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.
Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн.чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння 1/3 насельніцтва і 1/2прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.
Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.
Літ.:
Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;
Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;
Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.