ДАВІДО́ВІЧ (Мікалай Пятровіч) (15.8.1919, в. Карбачоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 29.6.1993),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Туркестанскае кулямётнае вучылішча (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Давідовіч вызначыўся ў 1943 на Варонежскім фронце: у вер. ўдзельнічаў у захопе плацдарма на правым беразе Дняпра ў раёне с. Новыя Пятроўцы Вышгарадскага р-на Кіеўскай вобл.; застаўшыся жывым адзін, некалькі гадзін адбіваў атакі праціўніка. Да 1946 у Сав. Арміі.

М.П.Давідовіч.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́РА—ЛАГРА́НЖА ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл, што дзейнічаюць на пункты сістэмы з ідэальнымі сувязямі механічнымі, сума работ актыўных сіл і сіл інерцыі на любым магчымым перамяшчэнні сістэмы роўная нулю. Дае агульны метад рашэння задач дынамікі і статыкі, дазваляе вывучаць рух мех. сістэмы без увядзення ва ўраўненні невядомых рэакцый сувязей. Названы па імёнах Ж.Д’аламбера і Ж.Лагранжа. Гл. таксама Варыяцыйныя прынцыпы механікі.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС (Герман Іванавіч) (7.8.1802, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.12.1850),

рускі хімік, адзін з заснавальнікаў тэрмахіміі. Акад. Пецярб. АН (1830). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1825). З 1830 праф. Пецярб. тэхнал. ін-та, у 1832—49 — Пецярб. горнага ін-та. Адкрыў асн. закон тэрмахіміі (гл. Геса закон), некалькі новых мінералаў (у яго гонар тэлурыд серабра названы гесітам), цукровую к-ту (1837). Даследаваў каталітычныя здольнасці плаціны, састаў каўказскай нафты.

Літ.:

Соловьев Ю.И. Герман Иванович Гесс. М., 1962.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНО́З (ад грэч. hypnos сон),

штучна выкліканы своеасаблівы стан чалавека і жывёл, падобны на сон, у аснове якога ляжыць працэс тармажэння вышэйшых аддзелаў кары галаўнога мозга. У адрозненне ад сну тармажэнне пры гіпнозе ахоплівае толькі асобныя ўчасткі кары мозга. Узнікае пры гіпнатычных уздзеяннях на органы пачуццяў. Чалавек праз незатарможаныя ўчасткі кары ўспрымае загады гіпнатызёра. Навук. тлумачэнне гіпнозу даў рус. фізіёлаг І.​П.​Паўлаў. Гіпноз — адзін з метадаў псіхатэрапіі, выкарыстоўваецца для лячэння многіх хвароб.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЭ́ЛКА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́МПДЭН, Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл I. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ (Віктар Канстанцінавіч) (н. 20.10.1934, в. Стаўбуновічы Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне механізацыі жывёлагадоўлі. Канд. тэхн. н. (1971), праф. (1989). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1959). З 1959 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па кормавытворчасці, перапрацоўцы кармоў і тэхналогіі іх прасавання. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў па механізацыі жывёлагадоўлі.

Тв.:

Комплексная механизация прудового рыбоводства. 2 изд. М., 1973 (разам з А.​М.​Моравым).

Л.​В.​Бароўка.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,

мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБРА́Л ((Cabral) Амілкар) (12.9.1924—20.1.1973),

дзеяч нац.-вызв. руху Гвінеі і а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ). Брат Л.Кабрала. Аграном. Адзін з заснавальнікаў (1956) і ген. сакратар Афр. партыі незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК), якая з 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць партуг. калан. улад і дамаглася ўстанаўлення свайго кантролю над б.ч. Партуг. Гвінеі. Аўтар твораў «Факты аб партугальскіх афрыканскіх калоніях» (1960), «Рэвалюцыя ў Гвінеі» (1969) і інш. Забіты вайскоўцамі, якія ўзбунтаваліся.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫРЫ́ (сапр. Кадыраў) Абдула

(ліпень 1894, Ташкет — 26.8.1940),

узбекскі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў узб. маст. прозы. Дэбютаваў апавяданнем «Распуснік» і п’есай «Няшчасны жаніх» (абодва 1915), якія адметны дэталізацыяй узб. побыту. У творчасці 1910-х г. — уплыў ідэй джадзідызму. Аўтар гіст. раманаў «Мінулыя дні» (1925), «Скарпіён з алтара» (1929, пра жыццё узб. народа ў 19 ст.), сатыр. апавяданняў, фельетонаў, скіраваных супраць адмоўных з’яў у побыце і свядомасці суайчыннікаў. Аповесць «Абід-Кетмень» (1935) прысвечана калектывізацыі ў краіне.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)