РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),
парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаўдля кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД,
мяса-яечная парода курэй. Выведзена ў 19 ст. ў ЗША скрыжаваннем мясц. курэй з палевымі кахінхінамі, дамініканскімі, чырвона-бурымі малайскімі курамі і бурымі легорнамі. Выкарыстоўваюць для стварэння матчыных ліній пры вытв-сці бройлераў і гібрыдных нясушак з павышанай яйцаноскасцю. Гадуюць у ЗША, краінах Зах. Еўропы і інш.
Тулава шырокае. Крылы невял., слабаразвітыя. Галава сярэдняй велічыні з невял. лістападобным грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Дзюба і ногі жоўтыя. Апярэнне карычнева-чырвонае, сустракаецца чорнае пер’е на хвасце, крылах і шыі. Маса пеўняў 3—3,5, курэй 2,3—2,5 кг. Яйцаноскасць 170—180 яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМО́ЎСКІ (Сцяпан Якаўлевіч) (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),
расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8″, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.Бюфона, Тацыта, Л.Эйлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-РУМЫ́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1914Аб дружалюбным нейтралітэце Румыніі ў адносінах да Расіі ў 1-ю сусветную вайну і пашырэнні тэрыторыі Румыніі.
Аформлена шляхам абмену нотамі 1 кастр. паміж міністрам замежных спраў Расіі С.Дз.Сазонавым і рум. пасланнікам у Расіі К.Дыямандзі. Расія абавязвалася процідзейнічаць спробам парушэння тэр. цэласнасці Румыніі, прызнала за ёй «права далучыць населеныя румынамі вобласці Аўстра-Венгерскай манархіі». У Букавіне «Прынцып большасці насельніцтва» павінен быў «служыць падставай для размежавання тэрыторый, што павінны быць далучаны або да Расіі, або да Румыніі». Румынія абавязвалася захоўваць дружалюбны нейтралітэт у адносінах да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБААХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
тэхнічныя канструкцыі для прадухілення траўміравання і гібелі рыбы ў месцах водазабору, каля гідратэхн. збудаванняў (напр., помпавых станцый). Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на мех., гідраўлічныя і фізіялагічныя. Механічныя ў выглядзе жалюзі, сетак, сеткавых барабанаў, конусаў з рыбаадводамі ствараюць перашкоды на шляху перамяшчэння рыб. У гідраўлічных Р.з. струмень накіроўвае рыб у бяспечны бок ад гідратэхн. збудаванняў. У фізіялагічных Р.з. выкарыстоўваюць адпужвальныя раздражняльнікі (эл., светлавыя, гукавыя сігналы і інш.). Эфектыўнасць Р.з. да 80%. На Беларусі найб. пашыраны мех. Р.з., на водазаборах тэхн. водазабеспячэння часцей выкарыстоўваюцца сеткавыя барабаны, на пітных водазаборах — касетна-гравійныя фільтры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ТАЎ (Міхаіл Васілевіч) (16.1.1846, г. Наваміргарад Кіраваградскай вобл., Украіна — 17.4.1920),
бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў навук. агародніцтва і пладаводства на Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). З 1879 у Горы-Горацкай земляробчай школе, з 1919 праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Навук. працы па біялогіі агароднінных і пладовых раслін. Паказаў магчымасць вегетатыўнай гібрыдызацыі і стварэння новых сартоў спосабам адбору іх пры вырошчванні ў адпаведных умовах, прапанаваў насеннае размнажэнне яблыні, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак. Арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Оўэн Уіланс) (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ, расслабленне ў біялогіі,
паніжэнне тонусу шкілетнай мускулатуры, якое праяўляецца паніжэннем рухальнай актыўнасці ці поўнай нерухомасцю (параліч). Бывае пры некат. паталаг. станах, выклікаецца штучна пры скарыстанні рэчываў, што блакіруюць перадачу імпульсу нервовага, і пры наркозе. Распаўсюджванне, ступень і працягласць Р. залежыць ад хім. рэчыва і месца яго ўвядзення. Наркатычныя сродкі ўздзейнічаюць на цэнтр. аддзелы нерв. сістэмы і выклікаюць распаўсюджаную, але няпоўную Р., рэчывы, якія выкарыстоўваюцца длямясц. анестэзіі, уплываюць на перыферычныя нервы і выклікаюць Р. мясц. і няпоўную. Найб. распаўсюджаная і поўная Р. бывае пры ўвядзенні спец. прэпаратаў — міярэлаксантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАГРА́МА,
зарэгістраваны на спец. фотаплёнцы (фотапласцінцы) відарыс аб’екта, што ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння яго з рэнтгенаўскім выпрамяненнем. Пры такім узаемадзеянні адбываецца паглынанне, адбіццё ці дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў. Прасторавае размеркаванне інтэнсіўнасці выпрамянення фіксуецца на фотаматэрыяле і адлюстроўвае будову аб’екта.
Абсарбцыйная Р. рэгіструе «ценявы» відарыс аб’екта, які ўзнікае з-за неаднолькавасці паглынання рэнтгенаўскага выпрамянення рознымі ўчасткамі аб’екта. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, біялогіі, дэфектаскапіі і рэнтгенаўскай мікраскапіі. Дыфракцыйныя Р. атрымліваюць у рэнтгенаўскіх камерах і рэгіструюць дыфракцыйнае рассеянне выпрамянення крышт. ўзорамі (гл.Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад). Выкарыстоўваюцца для рашэння задач рэнтгенаструктурнага аналізу, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.