АПАЛІНЭ́Р ((Apollinaire) Гіём) (сапр. Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі; 26.8.1880, Рым — 9.11.1918),
французскі паэт. Кастравіцкія паходзілі з Беларусі (з гэтага роду К.Каганец). Іх маёнтак Дарашковічы (каля Навагрудка) канфіскаваны пасля паўстання 1863—64. Дзед Апалінэра эмігрыраваў у Італію, там прайшло дзяцінства і юнацтва паэта. З 1899 Апалінэр у Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Літ. дзейнасць пачаў у 1901. У многіх творах адчуваецца духоўная сувязь з Расіяй, Польшчай, інш.слав. краінамі (верш «Адказ запарожскіх казакоў канстанцінопальскаму султану», раман «Жанчына ў крэсле», апавяданне «Сустрэча ў Празе»). Большасць твораў апублікавана пасмяротна. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, ці Картэж Арфея» (1911), зб-кі «Алкаголь. Вершы 1898—1913» (1913), «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918). Творчасць Апалінэра не пазбаўлена фармаліст. эксперыментаў (паасобныя вершы; буфонная п’еса «Грудзі Тырэзія», 1918; раман «Жанчына», 1920), падхопленых дадаістамі і сюррэалістамі. На бел. мову творы Апалінэра перакладала Э.Агняцвет (зб. «Зямны акіян», 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКУШ (польскае arkusz),
1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.
Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс.см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш.Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 21.9.1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1969), АНСССР (1981, з 1992 Рас.АН) і шэрагу замежных АН. Д-р фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1994). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1955 нам. дырэктара Ін-та фізікі, у 1969—87 прэзідэнт АН Беларусі. З 1992 ганаровы прэзідэнт АН Беларусі і старшыня камісіі па гісторыі навукі. Навук. працы па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы і інфрачырвонай тэхніцы. Даследаваў рассеянне выпрамянення дысперснымі сістэмамі, стварыў (разам з супрацоўнікамі) новы клас аптычных фільтраў для інфрачырвонай вобласці спектра. Адкрыў (разам з Б.С.Непарэнтам) з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (зарэгістравана ў 1977). Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Инфракрасные фильтры. Мн., 1971 (разам з В.Р.Верашчагіным, М.А.Валідавым).
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс.чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДЫС ((Brandys) Казімеж) (н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),
польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел.паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.
старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.Х.Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв.танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл.Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав. войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕНЬ (? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛБерасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.