парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.
Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,
з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр, фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,
рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,
грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙКІЛАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. poikilos пераменлівы, разнастайны + тэрма),
халаднакроўныя жывёлы, жывёлы з непастаяннай унутр. т-рай цела, аднолькавай з т-рай навакольнага асяроддзя або вышэйшай на 1—2 °C.
Да П.ж. належаць усе беспазваночныя, з пазваночных — кругларотыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны. Некат. П.ж. гінуць ці часова страчваюць рухомасць, калі т-ра асяроддзя павышаецца або паніжаецца за межы аптымальнай. Т-ра іх цела можа значна перавышаць т-ру асяроддзя пры павелічэнні рухальнай актыўнасці (напр., у насякомых у час палету, хутка плаваючых рыб) або пад уплывам паглынання сонечнага цяпла (паўзуны і інш.). Тэрмарэгуляцыя П.ж. абумоўлена нізкай агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў 20—30 разоў ніжэйшы, чым у гамаятэрмных жывёл, адсутнасцю замкнутай сістэмы кровазвароту (беспазваночныя) або недасканаласцю яе рэгуляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць заасн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКРА́Т (Polykratēs; ? — каля 522 да н.э.),
старажытнагрэчаскі тыран в-ва Самас [каля 540 — каля 522 да н.э.]. З дапамогай братоў авалодаў в-вам Самас, дамогся яго паліт. аб’яднання, увёў замест родавых тэрытарыяльныя філы. Праводзіў палітыку ў інтарэсах гандл.-рамесніцкіх слаёў дэмасу. Пры ім пабудаваны мол і хвалярэзы ў гавані, водаправод, храм багіні Геры. У барацьбе з гарадамі М. Азіі і астравамі Эгейскага м.загандл. шляхі стварыў моцны флот і ўсталяваў сваю гегемонію над усім Эгейскім морам. Збіраў творы мастацтва, рукапісы; пры яго двары жылі паэты Анакрэонт і Івік, урач Дэмакед, філосаф Піфагор. Палітыка П. выклікала супраціўленне родавай арыстакратыі, якая ў саюзе са Спартай і Карынфам падняла супраць яго паўстанне. Забіты паводле загаду Ахеменідаў. П. прысвечана балада Ф.Шылера «Пярсцёнак Палікрата».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУБЕ́С (сапр.Іванаў) Сцяпан, цаніннік 2-й пал. 17 ст. Выхадзец з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў. З 1654 (?) працаваў у Маскве ў кн. Трубяцкога, у 1660—66 аздабляў Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры. З 1666 майстар Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Аўтар кафляных фрызаў царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) і Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674, паводле інш. крыніц 1671—79; абодва з І.Максімавым), маёлікавай аздобы «Церамка» над брамай Круціцкага падвор’я (1693—94). Мяркуюць, што ўдзельнічаў у аздабленні Церамнога палаца, царквы Спаса за залатой рашоткай і Аптэкарскага прыказа ў Крамлі. Найб. значны твор — маёлікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691). Іл.гл. ў арт.Кераміка.
С.Палубес і І.Максімаў. Фрагмент дэкору Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МПА, пампасы (ісп. pampa, множны лік pampas, з мовы індзейцаў кечуа),
субтрапічная стэпавая расліннасць, якая займае раўніны на ПдПаўд. Амерыкі. Прадстаўлена злакамі і разнатраўем. П. называюць таксама некаторыя раўнінныя тэр. ў Паўд. Амерыцы з пераважаннем аднайм. травяністай расліннасці. Уласна П. — прыродная вобласць у цэнтр. частцы Аргенціны. Акумулятыўная раўніна з лёсавым покрывам, якая паступова ўздымаецца на З, да перадгор’яў Анд. На ПдУ горныя масівы выш. да 1243 м. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300—500 мм (на З) да 800—950 мм (на У) за год. Характэрны штармавыя вятры пампера. Гал. рака — Парана. Прыродная разнатраўна-злакавая расліннасць захавалася на асобных мясцінах. П. — адзін з асн.эканам. раёнаў краіны. Вял. колькасць гарадоў; пасевы пшаніцы і кукурузы; на З — пашы.