КАПЫ́СЦЕНСКІ (Захарыя) (?, г. Перамышль, цяпер Пшэмысль, Польшча — 21.3.1627),
украінскі пісьменнік-палеміст, грамадска-культ. і царк. дзеяч. Вучыўся ў Львоўскай брацкай школе. З 1616 у Кіеўскім брацтве, з 1624 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры. Асн. твор — палемічны трактат «Палінодыя, або Кніга абароны...» (1621—22), накіраваны супраць каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар трактатаў «Кніга пра веру адзіную...» (1619—21), «Кніга пра праўдзівае адзінства праваслаўных хрысціян...» (1623), царк. пропаведзей, прадмоў, перакладаў з грэч.мовы лаўрскіх выданняў. Высока ацэньваў бел. культуру, у прыватнасці дзейнасць Л.Карповіча.
Літ.:
Микитась В.Л. Українська література в боротьбі проти унії. Київ, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРАЛІ́НСКАЯ ШКО́ЛА»,
адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.Герыка, Т.Кэр’ю, Р.Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.
Літ.:
Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;
Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Анатоль Іванавіч) (28.12.1925, Мінск — 27.9.1986),
бел. мовазнавец. Брат Л.І.Кісялеўскага. Д-рфілал.н. (1980), праф. (1981). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1957). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1963 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў (у 1968—75 прарэктар). Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, лексікаграфіі і тэрміналогіі. Аўтар працы «Мовы і метамовы энцыклапедый і тлумачальных слоўнікаў» (1977), «Лацінска-руска-беларускага батанічнага слоўніка» (1967), вучэбных дапаможнікаў па агульным мовазнаўстве. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НИН»,
сельскагаспадарчы і грамадска-паліт. штотыднёвы часопіс; орган т-ва«Селянін». Выдаваўся ў 1906—15 у Вільні на рус. мове. Заснавальнік і выдавец С.Кавалюк. Прызначаўся для заможных бел. праваслаўных сялян. Прапагандаваў палітыку самадзяржаўя, выступаў у падтрымку сталыпінскай агр. рэформы, супраць нац.-вызв. руху. Не прызнаваў самастойнасць бел. народа, яго мовы і культуры. Змяшчаў матэрыялы супраць газ. «Наша ніва» і бел. л-ры ўвогуле, але друкаваў творы мясц. аўтараў, урыўкі з твораў М.Някрасава, Л.Талстога і інш. Змест і дзейнасць «К.» высмейваў у сваіх эпіграмах і сатыр. вершах Я.Купала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛАКО́ЎСКІ Аляксей Елісеевіч [16.3.1877, 4-ы Жэхсагонскі наслег Аляксееўскага р-на, Рэспубліка Саха (Якуція) —6.6.1926), якуцкі паэт, вучоны-асветнік; класік якуцкай л-ры. Аўтар песні «Заклінанне Баяная» (1900) — першага літ. твора на як. мове. У паэмах «Партрэты якутак» (1904), «Скупы багач» (1907), «Пракляты да нараджэння» (1913), «Надыход лета» (1924) адлюстраваў побыт і поравы дарэв. Якуціі, выступаў з асуджэннем самадзяржаўя, заклікаў да культ. абуджэння народа. Адзін з першых даследчыкаў мовы, фальклору, гісторыі і этнаграфіі Якуціі. Аўтар навук. прац «Матэрыялы да вывучэння вераванняў якутаў» (1923), «Якуцкія прыказкі і прымаўкі» (1925) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Герасім Сцяпанавіч) (1749, г. Яраслаўль, Расія — 27.7.1817),
першы расійскі індолаг. У 1785—97 жыў у Мадрасе і Калькуце. Заснавальнік першага інд.т-раеўрап. тыпу (1795—96). У 1801 выдаў у Лондане граматыку мовы хіндустані, у 1805 у Пецярбургу — кн. «Непрадузяты змест сістэм Усходняй Індыі брамгенаў, свяшчэнных абрадаў і іх народных звычаяў», якая змяшчала звесткі пра культуру, эканоміку, геаграфію Індыі, яе касты і інш. Шэраг рукапісаў (бенгальская граматыка, па інд. арыфметыцы і інш.) не выдадзены і частка іх страчана. Першы з рус. навукоўцаў, які вывучыў асновы санскрыту і адной з дравідскіх моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НКА (Франя Міхайлаўна) (н. 17.6. 1941, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-рпед.н. (1996), праф. (1997). Скончыла БДУ (1965). Працавала ў школе, у 1967—68 у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. З 1969 у БДУ. Даследуе праблемы методыкі выкладання рус.мовы ў сярэдняй школе. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі моўнай адукацыі на Беларусі і аўтараў падручнікаў, навуч. і метадычных дапаможнікаў па рус. мове для школы.
Тв.:
Семантико-грамматический аспект осложнения // Весн. БДУ. Сер. 4. 1992. № 3;
Предложения с характеризующим членом: семантика, интонация, актуальное членение // Вопросы лингвистики: Сб. науч. статей. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́ВІЧ ((Łukaszewicz) Юзаф Анджэй) (30.11.1799, в. Крамплева каля Познані, Польшча — 13.2.1873),
польскі гісторык, публіцыст, бібліёграф. Чл. Кракаўскага (1857) і Пазнанскага (1873) навук. т-ваў. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1829 у Познані; супрацоўнік, потым дырэктар б-кі Э.Рачынскага, у 1832—42 настаўнік польскай мовы ў пратэстанцкай гімназіі імя Фрыдрыха Вільгельма, у гар. архіве. Рэдагаваў час. «Przyjaciel Ludu» («Сябра народу», 1839—45) і «Orędownik Nauk» («Прыхільнік навук», 1840—46). Аўтар прац па гісторыі арыянства, кальвінізму, лютэранства і інш. пратэстанцкіх кірункаў у Польшчы (па рэгіёнах) і ВКЛ. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.