ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),
форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж.дзейнасці: знешнія зносіны, вярх.ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),
сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп.дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
прыродная складаючая ч. асяроддзя існавання і вытв.дзейнасці чалавецтва; частка навакольнага асяроддзя. Уключае сукупнасць прыродных і змененых чалавечай дзейнасцю аб’ектаў жывой і нежывой прыроды, якія часткова або поўнасцю захавалі ўласцівасць самаразвіцця (напр., лясныя высечкі, аблогі, часткова знішчаныя папуляцыі дзікіх жывёл). П.а. не залежыць ад непасрэднага кантакту з чалавекам, можа разглядацца ў адносінах да жывёл, раслін і інш. Блізкае да П.а. ў вял. маштабе паняцце геаграфічнага асяроддзя. Існуюць таксама паняцці вонкавае асяроддзе (сілы і з’явы прыроды, яе рэчыва і прастора, дзейнасць чалавека, якія знаходзяцца па-за разглядаемым аб’ектам, аднак ўзаемадзейнічаюць з ім) і экалагічнае асяроддзе (у дачыненні толькі да жывых істот). Мадыфікацыі П.а., створаныя людзьмі (гасп. зямельныя ўгоддзі, зялёныя насаджэнні, с.-г. жывёлы і інш.), наз.асяроддзем развіцця. Яно не здольна самападтрымлівацца і без рэгулявальнага ўздзеяння чалавека паступова разбураецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),
князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат.дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн.Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн.Васілька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва эпохі першабытнага грамадства. Пачатковыя імпульсы выяўл.дзейнасці вядомы ў неандэртальцаў, фарміраванне П.м. адносіцца да позняга палеаліту і паяўлення сучаснага чалавека (40—30 тыс.г. назад). Найб.стараж. помнікі П.м. выяўлены ў Зах. Еўропе, пераважна на тэр. Францыі і Іспаніі (наскальныя размалёўкі ў пячоры Альтаміра і інш.), Афрыцы (наскальныя выявы на плато Тасілін-Аджэр), а таксама ў Італіі, Аўстрыі, Чэхіі, на Урале, Каўказе і інш. У абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, эскімосаў Канады, некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі і Паўн.-Усх. Сібіры П.м. захавалася да нашых часоў. Першапачаткова П.м. не было аформлена ў асобны від дзейнасці і было звязана з прац. працэсам, паляўнічай (пазней і аграрнай) магіяй, выяўляла асн. жыццёвыя інтарэсы і светаўяўленне першабытнага чалавека, адухоўленне сіл прыроды (гл.Анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (гл.Татэмізм) і інш. Сярод матываў П.м. пашыраны гравіраваныя, рэльефныя і жывапісныя выявы (гл.Наскальнае мастацтва) жывёл — аб’ектаў палявання, схематычныя фігуры чалавека, каменныя і касцяныя статуэткі жанчын з гіпертрафіраванымі формамі цела і схематызаванымі галовамі (т. зв. «палеалітычныя Венеры», магчыма, звязаныя з культам прамаці), абагульнена-выразныя скульпт. фігуркі жывёл і іх гравіраваныя выявы на косці і камені, просты геам. арнамент на посудзе і прыладах працы, пятрогліфы. Помнікі П.м. эпохі палеаліту вызначаюцца яркай, стыхійнай рэалістычнасцю перадачы знешняга выгляду, звычак жывёл. У познім палеаліце зарадзілася архітэктура: паглыбленыя ў зямлю жытлы, дамы на па́лях, культавыя комплексы з вял. камянёў (гл.Кромлех, Дальмен) і інш. У мастацтве мезаліту павялічваецца схематызм, пашыраюцца шматфігурныя кампазіцыі, выявы чалавека ў дзеянні (сцэны паляванняў, бітваў і інш.). Развіццё керамікі, ткацтва, металаапрацоўкі абумовіла пашырэнне і ўскладненне мастацтва арнаменту, спрыяла вылучэнню дэкар.-прыкладнога мастацтва ў самаст. від творчай дзейнасці. На мяжы бронзавага і жал. вякоў у сцяпных стэпавых народаў Еўразіі пашырыўся «звярыны стыль». У перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін пачалі ўзнікаць развітыя віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.
На тэр. Беларусі знаходкі выяўл. П.м. вядомы з мезалітычнага часу (арнаментаваныя касцяныя наканечнікі, гравіраваныя выявы мужчын і звяроў). На неалітычных стаянках сустракаюцца арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рогу, косці. Арнамент на керамічным посудзе пераважна штампаваны і пракрэслены, складзены з ямак, наколаў, насечак, грабеньчатых адбіткаў, ліній. У канцы неаліту і ў бронзавым веку паявіліся сімвалічныя выявы нябесных свяціл, а таксама сімвалы плоднасці. Для ранніх этапаў бронзавага веку Беларусі характэрна суіснаванне маст. традыцый мясц. паляўнічых з абстрактным стылем маст. творчасці земляробаў. У П.м. жал. веку на Беларусі развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва. Буйныя скульптурныя формы, характэрныя для канца жал. веку, прадстаўлены каменнымі ідаламі. Адчуваліся ўплывы з Прычарнамор’я, Цэнтр. Еўропы і Прыбалтыйскага рэгіёна.
Літ.:
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Мириманов В.Б. Первобытное и традиционное искусство. М., 1973;
Мировая художественная культура: Хрестоматия. [Т.] 1. Художественная культура первобытного общества. СПб., 1994;
Столяр А.Д. Происхождение изобразительного искусства. М., 1985;
Формозов А.А. Памятники первобытного искусства на территории СССР. 2 изд. М., 1980.
С.У.Пешын, М.М.Чарняўскі.
Да арт.Першабытнае мастацтва. Першабытны мастак. З мал. З.Бурыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,
сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.
І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл.Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл.Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,
антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасцісацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам.дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв.к-т» на чале з С.Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.М.Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.Д.Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс.чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс.чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс.чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г.дзейнасці і інш.
Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.
Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.
Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.