генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв.фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 12 ст. ў Гродне. Пабудовы Гродзенскай школы дойлідства вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці — выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкар. прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геам. кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных формаў. Для аб’ёмна-прасторавых кампазіцый характэрна адносна невял. таўшчыня апорных канструкцый, круглая і гранёная форма ўнутр. слупоў. Каб палепшыць акустыку, у верхнія часткі сцен умуроўваліся керамічныя збаны (галаснікі). Узоры Гродзенскай школы дойлідства — Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, Гродзенскі княжацкі церам, царква ў Ваўкавыску (сярэдзіна 12 ст.; у 1956 выяўлены рэшткі падмурка на замчышчы).
Да арт.Гродзенская школа дойлідства. Муроўка Барысаглебскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТАВЫ́Я ВО́ДЫ,
безнапорныя або слабанапорныя падземныя воды. Звычайна размяшчаюцца ў першым ад паверхні пастаянна існуючым ваданосным гарызонце, які падсцілаецца воданепранікальным слоем. Глыб. залягання, хім. састаў і рэжым залежаць ад геал. будовы, рэльефу, клімату, глебавага і расліннага покрыва мясцовасці. Асн. крыніца жыўлення грунтавых вод — атм. ападкі, а таксама падток падземных вод з напорных ваданосных гарызонтаў у далінах рэк. У лясных, лесастэпавых і стэпавых раёнах пашыраны прэсныя або слабамінералізаваныя, у сухіх стэпах, паўпустынях і пустынях пераважаюць салёныя грунтавыя воды. На Беларусі сярэдняя глыб. залягання грунтавых вод 10—15 м, у паніжэннях (поймы рэк, балоты) да 0,5 м, нярэдка яны змыкаюцца з паверхневымі водамі. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння, у с.-г. вытв-сці, буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Валянціна Іванаўна) (н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.
В.Грыгарышына. Серыя дэкаратыўных пластоў «I ўпала на зямлю зорка...». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (21.4.1882, г. Міргарад, Украіна — 9.9.1953),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР (1935). Д-ргіст.н. (1934). Ганаровы чл.АНБССР (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1910 выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Пярмі, Сімферопаля, Масквы. Дырэктар Ін-та гісторыі (з 1937), Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры (1944—46), Ін-та славяназнаўства (1947—51) АНСССР. Акад.-сакратар Аддзялення гісторыі і філасофіі АНСССР (1946—53). Аўтар падручнікаў дляВНУ, прац па гісторыі Ноўгарада, Кіеўскай Русі (стваральнік яе сав. канцэпцыі—феад. дзяржава, агульная радзіма рускіх, украінцаў, беларусаў і інш.), рас. сялянства, паўд. і зах. славян, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ (Рыхард) (4.10.1895, Баку — 7.11.1944),
савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1964). Унук Ф.А.Зорге. Скончыў Берлінскі ун-т. З 1914 у ням. арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1924 у СССР, з 1929 у разведорганах Чырв. Арміі. У 1930—40-я г. ў якасці ням. журналіста ў Германіі, Кітаі, Японіі. У Токіо стварыў разведвальную групу «Рамзай», якая здабывала важную дляСССР інфармацыю. Адзін з першых паведаміў дату (20—22 чэрв.) нападу фаш. Германіі на СССР, колькасць ням. дывізій і агульную схему іх плана ваен. дзеянняў, у кастр. 1941 — аб непадрыхтаванасці Японіі да нападу на СССР. 18.10.1941 арыштаваны яп. паліцыяй, 29.9.1943 прыгавораны да пакарання смерцю. Павешаны, пахаваны ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І,
дзесятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІВАНО́Ў»
(«Iwanow»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл. 25—26.8.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 700-га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, аператыўнай групы, спец. аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і с.-г. прадукцыі. Мэта аперацыі: разгром партыз. фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і вываз насельніцтва з вёсак Баравіца, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцяроўка, Печы, Рубеж, Уюноўка, размешчаных на Пд ад шашы Беразіно—Бялынічы. У ходзе аперацыі сустрэчнымі баямі партыз. атрады палкоў 113, 121 і 208-га разграмілі аўтакалону, нанеслі адчувальныя страты карнікам. Аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы длянавук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.