СА́ЎЧАНКА Уладзімір Кірылавіч (н. 27.9.1939, в. Хмяльное Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989), д-рбіял.н. (1977), праф. (1988). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1962). У 1965—90 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (у 1979—90 заг. лабараторыі). У 1980—90 старшыня Бел.нац.к-та па праграме ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера», з 1990 нам. дырэктара Аддзела экалагічных навук ЮНЕСКА. Навук. працы па агульнай і тэарэт. генетыцы. Распрацаваў новыя метады генет. аналізу і сінтэзу, асн. палажэнні генетыкі паліплоідных папуляцый, выявіў генет. прычыны геномнага эфекту, тэарэтычна абгрунтаваў і эксперыментальна распрацаваў канцэпцыю геномнай лабільнасці бісексуальных жывёл і асацыятыўнага адбору, вывучыў генет. працэсы ў папуляцыі пры працяглым адборы. Распрацаваў сістэмную мадэль самаарганізацыі эвалюц. працэсу, сістэму генет. маніторынгу папуляцый, прапанаваў спосаб сеткавых пробных скрыжаванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Генетика полиплоидных популяций. Мн., 1976;
Генетический анализ и синтез в практической селекции. Мн., 1986;
Длительный отбор в популяциях. Мн., 1988 (разам з М.У.Тананка, Б.Ю.Аношанкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ДАСЯГНЕ́ННЯ РАЎНАПРА́ЎЯ ЯЎРЭ́ЯЎ У РАСІ́І Існаваў з сак. 1905 да мая 1907. На Беларусі саюз дзейнічаў у Гомелі, Мінску, Гродне і інш. гарадах і мястэчках. Устаноўчы сход адбыўся ў крас. 1905 у Вільні, створаны цэнтр. камітэт саюза, у які ўвайшлі М.Вінавер (старшыня), Ю.Гесен (сакратар), С.М.Дубноў, Г.Б.Сліёзберг. Дзейнасць зводзілася да арганізац. мер для ўдзелу яўрэяў у выбарах у Дзярж. думу, прававой дапамогі яўр. насельніцтву. Чл. саюза выступалі за асіміляцыю яўрэяў у складзе Рас. імперыі (у адрозненне ад сіяністаў), за роўныя правы ў галіне адукацыі і культуры, за тэр. аўтаномію. Па нац. пытанні падтрымлівалі партыю кадэтаў. Адбыліся 4 з’езды саюза. У сак. 1906 саюз перайменаваны ў «Таварыства раўнапраўя яўрэйскага народа ў Расіі». Чл. саюза ўдзельнічалі ў выбарах у 1 -ю Дзярж. думу (6 дэпутатаў увайшлі ў фракцыю кадэтаў) і 2-ю Дзярж. думу. Саюз меў друк. выданні: газ. «Еврейская жизнь» (1905—07), «Хроника еврейской жизни» (1905—06), «Еврейский выборщик» (1907). У маі 1907 саюз раскалоўся на «Яўрэйскую народную групу», Яўрэйскую нар. партыю (заснавальнік Дубноў) і сіянісцкую партыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА І НЕАБХО́ДНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія вызначаюць узаемадзеянне паміж дзейнасцю людзей і аб’ектыўнымі законамі прыроды і грамадства. Характарызуюць здольнасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі ведамі, інтарэсамі і мэтамі з улікам унутр. і ўстойлівых узаемасувязей і адносін аб’ектыўнай рэальнасці. Прадстаўнікі ідэалістычнай філасофіі разглядаюць С. і н. як узаемавыключальныя паняцці, разумеюць свабоду як свабоду волі, самавызначэнне духу, недэтэрмінаваныя знешнімі ўмовамі, аснову чалавечай адказнасці. Прадстаўнікі механіст. дэтэрмінізму адмаўляюць свабоду волі і сцвярджаюць, што дзеянні чалавека вызначаюцца знешнімі, незалежнымі ад яго абставінамі. Б.Спіноза разумеў свабоду як усвядомленую неабходнасць. Г.Гегель распрацаваў канцэпцыю дыялект. адзінства С. і н. Дыялектычна-матэрыяліст. асэнсаванне праблемы С. і н. зыходзіць з прызнання першаснасці аб’ектыўнай неабходнасці і другаснасці свабоды і свядомасці чалавека як вытворных ад неабходнасці. У паўсядзённай практыцы людзі сутыкаюцца з выяўленнем неабходнасці ў форме ўмоў жыцця, сац.-эканам. адносін, наяўных матэрыяльна-тэхн. сродкаў. Непазнаныя законы развіцця прыроды і грамадства з’яўляюцца неўсвядомленай неабходнасцю. У працэсе развіцця соцыуму межы неўсвядомленай неабходнасці звужаюцца, а свабода асобы як усвядомленая неабходнасць узрастае ў межах дзеяння аб’ектыўных законаў развіцця прыроды і грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЯ́К Казімір (сапр.Стаповіч Канстанцін Мацвеевіч; 19.2.1890, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 6.5.1926),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1914). У 1915 пасвячоны ў ксяндза. Абавязкі ксяндза спалучаў з адукацыйна-асветнай работаю: адкрываў бел. школы, збіраў бел. фальклор, казанні ў касцёле гаварыў па-беларуску, за што зазнаў нападкі касцельнай іерархіі. Друкаваўся з 1913. Аўтар публіцыст. трактата аб шкоднасці п’янства «Алкаголь» (1913), п’есы «Янка Канцавы» (1920), зб. вершаў «Мая ліра» (1924), вершаванага апавяд. «Чарку дай, браце» (1926), драм. паэмы «Купалле» (1930), філас. дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932). Пісаў вершы, апавяданні, эсэ, філас. эцюды, гумарэскі, публіцыст. артыкулы рэліг. і літ.-крытычнага зместу (нарыс пра Ф.Багушэвіча, арт. пра аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы») і інш.Найб. раскрыўся ў паэзіі: творы прасякнуты патрыят. думкамі і гуманіст. ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэйшай справядлівасці».
Тв.:
У кн.: Ростані волі. Мн., 1990.
Літ.:
Станкевіч А. З жыцьця і дзейнасці Казімера Сваяка. Вільня, 1936;
Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975;
Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас.р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял.Айч. вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на беразе аднайм. возера. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г.п. Ушачы, 162 км ад Віцебска, 22 км ад чыг. ст. Зябкі. 319 ж., 135 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Руіны касцёла св. Веранікі і кляштара бернардзінцаў (1726).
Упамінаецца з 1552 як двор С., уладанне полацкага харунжага Івана Корсака, 23 дымы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1878 уваходзіла ў Кубліцкую вол. Лепельскага пав. Віцебскай губ., уладанне А.Шырына. У 1886 мястэчка, 110 ж., 17 двароў, вадзяны млын, вінакурны з-д, 2 крамы, карчма. З 1924 у Чарапоўшчынскім с/с Ушацкага р-на Полацкай, з 1935 у Лепельскай акр. У 1926 у С. 298 ж., 36 двароў, у 1941—224 ж., 54 двары. У Вял.Айч. вайну акупанты спалілі 3 двары, загубілі 14 жыхароў. З 1954 цэнтр сельсавета. У 1969—252 ж., 54 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯСлуцкая народная агульная гімназія Хаўрусу настаўнікаў,
сярэдняя навучальная ўстанова ў 1917—20 у г. Слуцк Мінскай вобл. Утворана ў ліп. 1917 па ініцыятыве камісара Слуцкага пав. пры Часовым урадзе Р.К.Астроўскага (першы дырэктар). Утрымлівалася за кошт субсідый Слуцкага пав. земства і платы за навучанне, атрымлівала грашовыя дапамогі ад урада БНР (у 1918), Часовага Бел.нац.к-та ў Мінску (у 1920). У розны час у склад пед. рады ўваходзілі: М.Штэрнаў (дырэктар у 1919—20), П.Я.Жаўрыд, А.Істочнікава, Э.Людвіг, А.Макарава, С.К.Петрашкевіч, П.Сутрыс, М.Травін, М.Ярац і інш.Навуч. праграма гімназіі будавалася на ўзор б.рас. гімназій, дадаткова ўведзены бел. мова (абавязковы прадмет), гісторыя і геаграфія Беларусі (факультатыўныя), якія выкладаліся на бел. мове. Асн. кантынгент навучэнцаў — сял. дзеці з навакольных вёсак. Гімназісты з бедных сем’яў вызваляліся ад платы за навучанне. Пры гімназіі дзейнічала бел. маладзёжная арг-цыя «Папараць-кветка». У верасні 1920 гімназія пераўтворана ў сав. школу 2-й ступені. У гімназіі вучыліся С.Бусел, Л.Рыдлеўскі, М.Каберац, А.Яцэвіч (Змагар) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў кастр. 1952 у г.Слуцк. Лл. экспазіцыі 280 м², 5 залаў, б-ка, 22,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, жан. ўпрыгожанні з гарадзішча Івань, касцяныя і драўляныя шахматныя фігуры, каменныя і бурштынавыя крыжыкі 12 ст., керамічны посуд, скураны абутак з гарадзішча стараж. Слуцка, кафля 17 ст. з выявай герба Слуцка, фрагменты слуцкіх паясоў, вырабы з урэцкага шкла, габелены «Паляванне на дзіка» (18 ст.), «На водную прагулку» (19 ст.), старадрукі 18 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, рэв. рух 19 — пач. 20 ст., Слуцкае паўстанне 1920, падзеі часоў грамадз. вайны, партыз. рух і падполле ў Вял.Айч. вайну, слуцкі лагер смерці. У калекцыях музея творы бел. прафесійных і самадзейных мясц. мастакоў, вырабы мясц. майстроў ткацтва, вышыўкі, лозапляцення, разьбы па дрэве, рогу і інш. Музей выпускае брашуры і буклеты па гісторыі Случчыны, пра помнікі архітэктуры, слуцкія паясы і інш. З 2001 працуе філіял «Побыт сялян. 19 — пач. 20 ст.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТА́ЙКІ»,
алімпійскі спарт. комплекс за 12 км на ПдУ ад Мінска, паблізу магістралі Мінск — Магілёў. Засн. ў 1947, пабудаваны ў канцы 1960-х г. З 1970 гал. база падрыхтоўкі да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімп. гульняў па розных відах спорту. Пл. 90 га. Комплекс уключае: 2 універсальныя залы-манежы (50×72 м, арх. П.Пугач, У.Машукоў; 54×36 м), 2-зальны гімнастычны комплекс, залы спецыялізаваныя для штангі з 12 памостамі, боксу з рынгам, трэнажорныя. павільён з трэніровачнымі прыстасаваннямі, 5 крытых 140-метровых бегавых дарожак з сінт. пакрыццём. На тэр. комплексу знаходзяцца 6 футбольных палёў, 5 тэнісных кортаў, 5 універсальных пляцовак, 5 валейбольных і 2 баскетбольныя пляцоўкі, 4 кругавыя 400-метровыя лёгкаатлетычныя дарожкі, вучэбныя гарадкі для скачкоў у вышыню і для кідання кап’я, вадасховішча. Функцыянуюць 8 гасцінічных карпусоў, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, рэстаран, бары, буфеты, 2 кіназалы, канферэнц-зала, зала актыўнага адпачынку (більярд, настольны тэніс), б-ка, чытальная зала. У «С.» арганізоўваюцца і праводзяцца спарт.-масавыя мерапрыемствы рэсп. і міжнар. узроўняў, семінары, сімпозіумы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАБАРЫ́САЎ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Барысаў—Зембін. Цэнтр Прыгараднага с/с і Мінскага абл. унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 2 км на Пн ад горада і 7 км ад чыг. ст. Барысаў, 75 км ад Мінска. 1209 ж., 489 двароў (2001). Кансервавы з-д. Сярэдняя школа і школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). У вёсцы захавалася гарадзішча (пл. 1 га.) і селішча (3 га), дзе ў 12—13 ст. размяшчаўся пасад стараж.г.Барысаў, заснаванага ў 1102 князем Барысам (гл.Рагвалод Усяславіч). Пры археал. даследаваннях у 1968, 1969, 1971 тут выяўлена тыповая матэрыяльная культура полацкага горада 12—13 ст. Праз некалькі стагоддзяў з заснаваннем Барысаўскага замка горад перамясціўся на 4—5 км ад свайго першапачатковага месцазнаходжання і запусцелае паселішча стала называцца Старым Барысавам (цяпер Старабарысаў).
Літ.:
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975. С. 229.