рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСАЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс назапашвання ў глебе лёгкарастваральных у вадзе солей у колькасцях, таксічных для с.-г. культур. Найб. развіта ва ўмовах засушлівага клімату пры цяжкім адтоку паверхневых і грунтавых вод. Адрозніваюць першаснае (прыроднае) і другаснае (антрапагеннае) З.г., якое выклікаецца парушэннем рэжымаў гідрамеліярацыі, асабліва ў паўд. зонах інтэнсіўнага арашэння. У пустыннай, паўпустыннай і сухастэпавай зонах фарміруюцца саланчакі, саланцы і саланчакаватыя глебы з рознай ступенню і тыпам засалення. На Беларусі З.г. пераважна лакальнае, мае антрапагенны характар (напр., у зоне дзеяння калійных камбінатаў Салігорска). Магчыма і прыроднае З.г. (напр., утварэнне карбанатных жалезіста-саланчакаватых дзярновых забалочаных глеб у некат. раёнах Палесся). З.г. ліквідуюць прамыўным паліваннем з штучным адвядзеннем грунтавых і прамыўных вод з дапамогай дрэнажу, хім. меліярацый, агратэхн., біял. і інш. прыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОР, кальвінскі збор,
тып культавага збудавання рэфарматарскай царквы. З распаўсюджаннем Рэфармацыі пашыраны ў Полчышчы, Літве і на Беларусі ў 16—1-й пал. 17 ст. Драўляныя ці мураваныя З. строгіх лаканічных форм спалучалі мясц.буд. традыцыі з асаблівасцямі гатычнага і рэнесансавага стыляў: прамавугольны або 8-гранны ў плане аб’ём, завершаны стромкім 2-схільным, вальмавым, шатровым, купальным дахам; на гал. фасадзе меў высокую абарончую вежу-званіцу з вокнамі-байніцамі, пакрытую шатром або купалам. Сцены часта ўмацоўвалі контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі. Пры З. часта будаваліся школы, друкарні, шпіталі. У часы Контррэфармацыі (2-я пал. 17 ст.) многія З. прыстасоўвалі пад касцёлы, у 19 ст. — пад праваслаўныя цэрквы. Найб. вядомыя кальвінскія З.: Дзераўноўскі, Клецкі, Койданаўскі, Смаргонскі, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБО́РНІКІ РУ́СКАГА ГІСТАРЫ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА»
(«Сборники Русского исторического общества»),
зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬШЧЫНА,
від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Пасля сял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад 1/4 да 2/3 ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕСУШЫ́ЛКА,
машына (агрэгат ці ўстаноўка) для сушкі збожжа, насення траў, агародніны і інш. Выкарыстоўваецца ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу або асобна. Бываюць: перасоўныя і стацыянарныя; барабанныя, шахтавыя, калонкавыя, канвеерныя, вакуумныя.
Збожжа ў іх сушаць нагрэтым паветрам або сумессю яго з газамі, што ўтвараюцца пры згаранні цвёрдага ці вадкага паліва ў спец. топках. У барабанных З. збожжа рухаецца ўздоўж восі вярчальнага барабана ў патоку цепланосьбіта (гарачага паветра), у шахтавых — перамяшчаецца ўніз пад дзеяннем уласнай вагі, а цепланосьбіт паступае ў сушыльную ч. шахты збоку і перасякае збожжавы паток. На Беларусі пашыраны З. шахтавага і барабаннага тыпу, выкарыстоўваюцца на збожжасховішчах, элеватарах і інш. Прадукцыйнасць З. да 16 т/гадз і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́ТКІН (Сяргей Міхайлавіч) (н. 19.8.1951, г. Батумі, Грузія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і марфалогіі. Д-рбіял.н. (1990). Акад. Расійскай медыка-тэхн. акадэміі, Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў Гродзенскі мед.ін-т (1974). З 1981 у Ін-це біяхіміі Нац.АНБеларусі, з 1998 прарэктар па навук. працы Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па нейрамарфалогіі, нейрахіміі і патагенезе алкагалізму.
Тв.:
Aldehyde dehydrogenasa activities in the brain of rats and mice genetically selected for different sensitivity to alcohol (разам з Р.А.Дзітрыхам // Alcoholism: Clinical and experimental research. 1995. Vol. 19, № 5;
Thiamine deficiency as predisposition to and consequence of increased alcohol consumption (разам з Т.І.Зіматкінай) // Alcohol and Alcoholism. 1996. Vol. 31, № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ»,
газета дэмакратычнага кірунку. Орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 28.10.1923 да 31.1.1924 два разы, з № 8 тры разы на тыдзень у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Шыла. Асвятляла эканам. становішча ў Зах.Беларусі, пытанні нац.-вызв. руху, развіцця асветы, нац. мастацтва і культуры. Крытыкавала палітыку ўрада Польшчы за сац. і нац. ўціск, пагардлівыя адносіны да бел. мовы, школы, культуры, за фін. нестабільнасць у краіне. Заклікала да стварэння рабоча-сял. партыі. Друкавала літ.-публіцыстычныя нарысы, рэцэнзіі на кнігі, навук.-папулярныя творы. У газ. друкаваліся М.Краўцоў, А.Луцкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, У.Самойла і інш. Выйшаў 31 нумар, з іх 2 канфіскаваны.
Апошні нумар — газета-аднадзёнка «Нашае змаганне» — выйшаў 3.2.1924. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫў гады Вялікай Айчыннай вайны,
ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНКСССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс.чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр.Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКАЎКА (Stellaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 120 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі 10 відаў: З. багнавая (S. alsine), балотная (S. palustris), доўгалістая (S. longifolia), дуброўная (S. nemorum), злакавая (S. graminea), ланцэтападобная (S. holostea), незаўважаная (S. neglecta), сярэдняя, або макрыца (S. media), таўсталістая (S. crassifolia), тупачашачкавая (S. hebecalyx). Растуць у лясах, на лугах, балотах, у хмызняках, на палях, агародах і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце супраціўнае, ад лінейна-ланцэнтнага да яйцападобнага. Кветкі двухполыя, 5-, рэдка 4-членныя, звычайна белыя ў паўпарасонікавых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., кармавыя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Многія віды пустазелле, ёсць ядавітыя.