ПІН-ДЫЁД,

паўправадніковы дыёд з p-i-n-структурай. Адрозніваецца ад дыёдаў p-n-структуры наяўнасцю базавай вобласці з нізкай праводнасцю (i-вобласці) паміж p- і n-абласцямі з высокай праводнасцю ў крышталі паўправадніка. Такія дыёды маюць павышанае хуткадзеянне ў рэжыме пераключэння, высокае значэнне напружання прабою, малую паразітную ёмістасць. Выкарыстоўваюцца ў якасці высакавольтных магутных дыёдаў, пераключальных і абмежавальных ЗВЧ-дыёдаў, лавінна-пралётных дыёдаў, паўправадніковых дэтэктараў ядз. выпрамяненняў і інш.

т. 12, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАХЛО́Р (ад піра... + грэч. chlōros зялёны),

мінерал падкласа складаных аксідаў групы ніабата-танталатаў, (Na, Ca)2(Nb, Ta, Ti)2 O6(O, OH, F). Разнавіднасць, абагачаная танталам і уранам — гатчаталіт. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, зерні. Колер чырвоны, жоўты, зялёны з бураватым адценнем. Цв. 4—5,5. Шчыльнасць 3,7—5 г/см³. Трапляецца ў карбанатытах, шчолачных гранітоідах і палевашпатавых метасаматытах. Руда ніобію і танталу. Гл. таксама Ніобіевыя руды.

Пірахлор.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́ЧНАЕ ВО́ЗЕРА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,23 км², даўж. 630 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны невыразныя, нізкія, пад забалочаным лесам. Берагі нізкія, часткова забалочаныя. Уздоўж зах. берага цягнецца озавая града выш. 10—15 м. Выцякае р. Нячэрская, злучае яго з воз. Тутча.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),

Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЯСУ́ХА»,

бел. нар. сольны танец імправізацыйнага характару. Наз. таксама «Плясавая», «П.-рассядуха». Муз. памер ​2/4. Тэмп ад павольнага да вельмі хуткага. Пабудаваны на разнастайных прысядачных рухах (таму наз. і «П.-рассядуха») і дробатах з суправаджэннем пляскання ў далоні. Танец часам суправаджаецца кароткімі, часцей чатырохрадковымі прыпеўкамі. Сустракаюцца варыянты «П.», якія выконваюцца пад «Барыню». Мяркуюць, што танец запазычаны ў пач. 20 ст. ў перасяленцаў з Расіі. Зафіксаваны ў Гомельскай вобл.

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛТАРАЎШЧЫНСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчаны за 500 м на З ад в. Полтараўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 4,8 м, шыр. 2,3 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 20 м³, маса каля 53 т. Прынесены ледавіком каля 150—130 тыс. гадоў назад з тэр. Фенаскандыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ДХА-БЕЙ (Prudhoe Bay),

буйное газанафтавае радовішча ў ЗША (штат Аляска). Размешчана ў зал. Прадха Бофарта м. Уваходзіць у Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968, распрацоўваецца з 1977. Пачатковыя прамысл. запасы нафты з кандэнсатам 1,3 млрд. т, газу 730 млрд. м³. Пл. 607 км². 12 пакладаў у адкладах ад каменнавугальнага да палеагенавага ўзросту на глыб. 0,75—3,2 км. Нафта метана-нафтэнавая, шчыльн. 844—913 кг/м³. У газе 44% метану.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЖЭ́КТАР (англ. projector ад лац. projectus кінуты наперад),

асвятляльная прылада, якая канцэнтруе святло ў абмежаваным прасторавым вугле з дапамогай аптычнай сістэмы (люстэркаў або лінзаў). Крыніцы святла — спец. пражэктарныя лямпы напальвання, дугавыя вугальныя лямпы. Адрозніваюць П. далёкага дзеяння (выкарыстоўваюцца ў ваен. справе), заліваючага святла (для асвятлення фасадаў будынкаў, тэатр. сцэн) і сігнальныя (для перадачы інфармацыі).

Схемы пражэктараў: а — рэфлектарнага (люстранога); б — кандэнсарнага (лінзавага); 1 — аптычная сістэма; 2 — крыніца святла.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕТА́РЫІ (лац. proletarii ад proles патомства, г. зн. немаёмны, які мае толькі патомства) антычныя, у Старажытным Рыме паводле рэформы цара Сервія Тулія — найніжэйшы немаёмны слой грамадзян, якія не ўваходзілі ў склад 5 класаў (ці разрадаў) рым. абшчыны; выстаўлялі ў нар. апалчэнне адну цэнтурыю і мелі адзін голас (з 193) у каміцыях (нар. сход). З 1 ст. П. — дэкласаваныя слаі грамадства, якія жылі за кошт падачак дзяржавы і багацеяў.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ПАРШЧЫК (ад стараж.-слав. прапар — сцяг, палотнішча),

воінскае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У рас. арміі з 1649 П. наз. сцяганосцамі. У 1712—1917 — малодшы афіцэрскі чын (з 1884 толькі для ваен. часу). У рас. ВМФ у 1862—82 П. адпавядала званне гардэмарын. Ва Узбр. Сілах СССР званне П. ўведзена ў 1972 (адпавядала званню мічман у ВМФ), старшы П. — у 1980.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)