МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш.еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав.маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.Пляханава, Д.Благоева, А.Луначарскага, Ю.Мархлеўскага, В.Вароўскага, А.Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел.нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш., раманы І.Мележа, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Пташнікава і інш., п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка і інш). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.Маякоўскі, М.Шолахаў, К.Федзін, Л.Лявонаў, А.Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.Арагон, Г.Зэгерс, М.Пуйманава, Ж.Амаду, Я.Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але ягогіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.
Літ.:
Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;
Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Гаранін Л Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і ягодэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яговярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў ягор. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял.кн.ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн.Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыяРСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругіБССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс.чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-дмаст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял.Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.
У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр.ч.гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст.Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах.ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. applicatio прыкладванне),
у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.
У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач ягоБандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).
Да арт.Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.Да арт.Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.Да арт.Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 мпл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб.шыр. 7,8 км, найб.глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс.яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс.км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб.выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б.ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.