тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.
Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.
На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн.руб.Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.
Літ.:
Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;
Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТАПО́ГЛЯД,
сістэма абагульненых поглядаў на прыродны і сацыяльны свет, на месца ў ім чалавека і яго адносіны да асяроддзя, да самога сябе і інш. людзей, а таксама асн. жыццёвыя пазіцыі, каштоўнасныя арыентацыі, перакананні і ідэалы, абумоўленыя гэтымі поглядамі. Носьбітамі С. з’яўляюцца асобы і сац. супольнасці. Інфармацыйны бок С. складаюць веды пра свет і чалавека. Перакананні з’яўляюцца стрыжнем С. і сведчаць пра сталасць С. асобы ці сац. супольнасці. У структуру С. ўваходзяць таксама ідэалы, якія выяўляюць вызначальныя мэты, накіраваныя ў будучыню. Ад характару С. залежыць арыентацыя чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці: сац.-паліт., прававой, маральнай, рэліг., філас., навукова-тэарэтычнай. Змест С. залежыць ад таго, якой сферы дзейнасці чалавек аддае перавагу. Паводле зместу і грамадскай значнасці адрозніваюць паслядоўна-навук. і ненавук., атэістычны і рэліг., прагрэсіўны і рэакцыйны С., якія па-рознаму ўздзейнічаюць на нормы паводзін, адносіны чалавека да працы, да інш. людзей, побыт, густы, інтарэсы. Сярод тыпаў С. вылучаюць данавуковы (звычайны), які фарміруецца з дзяцінства ў працэсе набыцця жыццёвага вопыту пад уздзеяннем непасрэдных умоў жыцця і функцыянуе ў форме стыхійных, тэарэтычна -не аформленых традыц. уяўленняў пра свет, і агульнакультурны, які ўключае міфалагічны, рэліг., філас., навукова-тэарэт. С., што дамінуюць на пэўных гіст. этапах. Міфалагічны С. характарызуецца антрапамарфізмам, ачалавечваннем навакольнага асяроддзя, адушаўленнем сіл прыроды і выяўляецца ў паданнях пра багоў і герояў, злых духаў і інш., а таксама ў міфічных абрадах (гл.Міфалогія). Рэлігійны С. звязаны з верай у звышнатуральны сусв. пачатак (гл.Рэлігія). С. новага і навейшага часоў характарызуецца спалучэннем рэліг., філас. і навукова-тэарэт. тыпаў. Філасофскі С. тэарэтычна абагульняе духоўны і практычны вопыт у форме агульных паняццяў — катэгорый і стварае катэгарыяльныя мадэлі свету. Тэарэт. аснова С. — філасофія. Яна абагульняе дасягненні навук аб прыродзе і грамадстве, садзейнічае пераадоленню фрагментарнасці ведаў і дасягненню цэласных уяўленняў аб свеце. Цэнтр. праблема С. — суадносіны свету і чалавека — разглядаюцца як пытанне суадносін матэрыі і свядомасці. Навукова-тэарэтычны С. узаемадзейнічае з філас. С., абагульняе прыродазнаўчыя, тэхн., сац.-эканам. і культ.-гіст. веды і стварае адзіную навук. карціну свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (АА.Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.І.Малінін); выбары ЦККП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦКВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУСБССР, КПК пры ЦКВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦКВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦКВКП(б) А.А.Андрэеў разам з нам.заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) П.К.Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНЯ́КА (Юрый Уладзіміравіч) (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел.нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар.арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар.арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела і «Залаты медаль» І.Шамякіна, паст. ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.Шалахава, паст. ў Дзярж.рус.драм. т-ры імя М.Горкага, «Мурын бор» І.Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл.драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел.нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Літ.:
Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],
абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.
Літ.:
Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;
Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст.Мн., 1978;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛА́БА-ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (грэч. syllabē склад + tonos націск),
сістэма вершаскладання, засн. на мерным чаргаванні націскных і ненаціскных складоў у паэтычным радку. Характэрна мовам з нефіксаваным націскам (бел., рус., укр., англ., ням. і інш.). У бел. паэзіі зараджэнне С.-т.в. як сістэмы адносіцца да канца 18—пач. 19 ст. («Уваскрэсенне Хрыстова», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»):
Прайшоў вёрст дзевяць тэй дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць;
Пад тэй гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кіпіць.
(«Тарас на Парнасе»).
У творчасці паэтаў 19 ст. (Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, А.Гурыновіч і інш.) пад уплывам нар. танічнага верша (гл.Танічнае вершаскладанне), рус. і ўкр. паэзіі адбывалася дэфармацыя форм сілабічнага верша (гл.Сілабічнае вершаскладанне) і набліжэнне іх да С.-т.в. У пач. 20 ст. гэты працэс завяршыўся станаўленнем класічных форм бел. верша. Дзякуючы творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча С.-т.в. стала пануючым ў бел. л-ры.
Рытм у сілаба-танічным вершы ўтвараюць радкі, у якіх мерна паўтараюцца націскныя і ненаціскныя склады. Сілаба-танічны верш мае стапу — метрычную адзінку з адным націскным і адным або двума ненаціскнымі складамі. У С.-т.в., найб. пашыраны 4-стопныя («Родны хлеб» П.Глебкі) і 5-стопныя («Маёй рукой пасаджанай бярозе...» А.Куляшова), найменш — 1-стопныя («Зімовыя малюнкі» П.Броўкі) і 2-стопныя («Лета» Р.Барадуліна) радкі. Вершы, радкі якіх складаюцца больш чым з 6 стоп, сустракаюцца вельмі рэдка («Паэты рэвалюцыі» А.Дудара). Некат. шматстопныя памеры атрымалі (па аналогіі з ант.) сваю назву: александрыйскі верш («Летапісец» Багдановіча), гекзаметр («Дзень гневу» А.Дудара, «Гекзаметры» У.Жылкі), пентаметр («Чорныя рукі» М.Рудкоўскага, «Пентаметры» Жылкі). Найчасцей у сілаба-танічных вершах адзін і той жа памер захоўваецца ва ўсіх радках («Мора» Цёткі, «Чырваніць, чырваніць...» Броўкі). Есць творы, у якіх спалучаюцца рэдкі рознай даўжыні, што разнастаіць іх рытм («Жаба ў каляіне» К.Крапівы). Сэнсавыяўленчыя, інтанацыйныя магчымасці сілаба-танічнага верша пашыраюць і інш. рытмаўтваральныя кампаненты — ужыванне разнастайных строф, рыфмаў, цэзуры. С.-т.в. — асноўная сістэма вершаскладання сучаснай усх.-слав., у т. л.бел., вершатворчасці.
Літ.:
Лазарук М.А., Лянсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬХА́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1911—13,
падзеі ў Кітаі, у выніку якіх скінута ўлада іншаземнай (маньчжурскай) дынастыі Цын і ўсталявана рэспубліка. Пачалася паводле традыц.кіт. календара ў год «сіньхай» (адсюль назва). Створаная Сунь Ятсенамарг-цыяТунмэнхой напярэдадні С.р. рыхтавала антыманьчжурскае паўстанне. Аднак рэпрэсіі супраць яе членаў выклікалі 10.10.1911 стыхійнае паўстанне ў гарнізоне г. Учан (прав. Хубэй). Неўзабаве пад кантроль паўстанцаў перайшла ўся прав. Хубэй, а ў кастр.-лістападзе 1911 да паўстання далучыліся яшчэ 14 правінцый, якія адмовіліся прызнаваць уладу Цынаў. У выніку Цынскі двор быў вымушаны прызначыць 2.11.1911 прэм’ер-міністрам ліберальнага ген.Юань Шыкая, які ў снеж. 1911 пачаў у г. Нанкін перагаворы з дэлегатамі ад паўстаўшых правінцый. Сход дэлегатаў абраў часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі Сунь Ятсена (уступіў на пасаду 1.1.1912), прыняў шэраг законаў, якія скасавалі найб. адыёзныя перажыткі кіт. грамадства (рабства і г.д.) і дэкларавалі дэмакр. свабоды. Ва ўмовах супрацьстаяння Поўдня і Поўначы Кітая рэвалюцыянеры пайшлі на кампраміс: Юань Шыкай прымусіў рэгента пры малалетнім імператару Пу I падпісаць 12.2.1912 адрачэнне Цынаў ад прастола, а Сунь Ятсен падаў у адстаўку. Часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі 15.12.1912 абраны Юань Шыкай. 10.3.1912 прынята канстытуцыя Кіт Рэспублікі, у крас. створаны часовы парламент. У жн. 1912 Сунь Ятсен стварыў Нац. партыю (Гаміньдан), якая на парламенцкіх выбарах у канцы 1912 атрымала большасць галасоў. Канфлікт паміж прэзідэнтам Юань Шыкаем, які дамагаўся поўнай улады, і парламентам абвастрыўся забойствам некалькіх выдатных рэв. дзеячаў, справакаваў прыхільнікаў Сунь Ятсена ў ліп. 1913 на ўзбр. паўстанне. У жн. 1913 паўстанне задушана, Сунь Ятсен пакінуў Кітай. Юань Шыкай прымусіў парламент абраць сябе пастаянным прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, ён забараніў Гаміндан, у студз. 1914 распусціў парламент, 1.4.1914 выдаў новую канстытуцыю, якая дала яму амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Аднак падзеі 1911—13 спрыялі ў наступныя гады хуткаму развіццю Кітая, а ў выніку — моцнаму культ. і інтэлектуальнаму ўздыму, які падрыхтаваў Рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі.
Літ.:
Белов Е.А. Учанское восстание в Китае (1911 г.). М., 1971;
Ефимов Г.В. Буржуазная революция в Китае и Сунь Ят-Сен (1911—1913 гг.). М., 1974;
Синьхайская революция, 1911—1913 гг.: Сб. док. и материалов. М., 1968;
Синьхайская революция (1911—1913 гг.) в современной историографии КНР. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАЗА́ННЕ ПРА БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,
адзін з найб. ранніх помнікаў стараж,рус. агіяграфічнай л-ры. Створана невядомым аўтарам у канцы 11 ст. (паводле інш. меркаванняў, у пач. 12 ст.). Захавалася больш чым у 170 спісах. Адносіцца да жыцій-марцірый (ад грэч. marturos сведка, пакутнік).
У аснову «Сказання...» пакладзены драм. эпізод забойства сыноў кіеўскага князя Уладзіміра Барыса і Глеба іх братам Святаполкам. У адрозненне ад кананічнай формы візант.жыція, не гаворыцца пра іх імкненне прысвяціць сябе служэнню Богу і г.д. Паводле агіяграфічнага канона, вызначаецца ўмоўнасцю сюжэтных сітуацый, рытарычнасцю, этыкетнасцю паводзін і моўных формул персанажаў. Характарыстыкі гал. герояў схематычныя, пазбаўлены яркіх індывідуальных рыс. Разам з тым аўтар тонка перадаў псіхал. стан Барыса і Глеба перад забойствам, імкнуўся да дакладнага абазначэння падзей і фактаў (згадаў гіст. мясціны і імёны), надаў твору выключную эмацыянальнасць. Вял. месца ў «Сказанні...» займаюць унутраныя маналогі, плачы, ёсць вытрымкі са Свяшчэннага пісання.
«Сказанне...» — твор тэндэнцыйны: у ім асуджаецца братазабойства. сцвярджаюцца ідэі родавага старшынства (з мэтай узмацнення паліт. адзінства ўсх.-слав. зямель), паліт. і рэліг. незалежнасці Русі. Сюжэт «Сказання...» карыстаўся вял. папулярнасцю. Вядома каля 255 спісаў помнікаў пра Барыса і Глеба, у т. л. «Чытанне пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», Нестара, «Жыціе Барыса і Глеба» і інш. Пытанні пра іх узаемадзеянне і храналогію складаныя і не высветлены. «Сказанне...» было добра вядома на Беларусі. Бытавала ў складзе пралогаў, чэццяў-міней і інш. зборнікаў. Адзін са спісаў твора захаваўся ў Чэцці 1489. Сюжэт «Сказання...» выкарыстаны ў п’есе «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», што ставілася ў Полацку (каля 1693).
Публ.: Памятники литературы древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.
Літ.:
Абрамович Д.И. Жития святых мучеников Бориса и Глеба и службы им. Пг., 1916;
Бугославский С. Українськоруські пам’ятки XI—XVIII вв. про князів Бориса та Гліба. Київ, 1928;
Воронин Н.Н. «Анонимное» сказание о Борисе и Глебе, его время, стиль и автор // Тр.Отд. древнерусской литературы. М., 1957. Т. 13;
Еремин И.П. «Сказание» о Борисе и Глебе // Еремин И.П. Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;
Словарь книжников и книжности древней Руси. Л., 1987. Вып. 1. С. 398—108.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЛ́АЦІ (Scarlatti),
сям’я італьян. кампазітараў; бацька і сын.
Алесандра (2.5.1660, г. Палерма, Італія — 22.10.1725), кампазітар, пачынальнік і буйны прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў свайго бацькі і ў М.-А.Спартоніо, А.В.Амата. У 1672—1722 капельмайстар у т-рах Рыма, каралеўскай капэле (1684—1702), у кансерваторыі Неапаля (1708—17 і выкладаў у ёй). У яго творчасці рэалізаваны гал. тэндэнцыі італьян.муз. барока і опернага мастацтва 17—18 ст. Аўтар опер-серыя (больш як 125, каля 80 страчана), у т. л. «Нявінная памылка» (паст. 1679), «Дзівацтвы кахання, ці Разаўра» (паст. 1690), «Карынфскі пастух» (паст. 1701), «Вялікі Тамерлан», «Мітрыдат Еўпатар» (абедзве паст. 1706), «Трыумф свабоды» (паст. 1707), «Сцыпіён у Іспаніі» (паст. 1714), «Тыгран» (паст. 1715), «Тэлемак» (паст. 1718); камедыі «Трыумф гонару» (паст. 1718); каля 660 кантат, 20 араторый, 20 серэнад, каля 200 мес для 4—10 галасоў, псалмаў, камерна-інстр. музыкі і інш. Оперныя уверцюры С. падрыхтавалі паяўленне жанру сімфоніі. Сярод вучняў Ф.Гелініяні, Ф.Дурантэ. Джузепе Даменіка (25.10.1685, г. Неапаль, Італія — 23.7.1757), кампазітар, арганіст, клавесініст-віртуоз. Сын Алесандра. Вучыўся ў свайго бацькі, у Ф.Гаспарыні і Б.Паскуіні. Працаваў у Лісабоне і Мадрыдзе як арганіст, капельмайстар, кампазітар капэл: з 1701 каралеўскай у Неапалі, з 1705 у Венецыі, 1708 у Рыме, у т. л. з 1713 у папскай. З 1720 прыдворны музыкант партуг. караля ў Лісабоне. З 1729 на службе ў іспанскай каралевы. Гал. месца ў яго творчасці належыць клавірным творам. У яго санатах для клавесіна («экзерсісы») фарміравалася санатнае алегра. Для твораў характэрны апора на танц. жанры, «барочнае» наватарства ў выяўленні магчымасцей клавесіна і ва ўвядзенні тэхн. навін у ігры на ім, якія развіліся ў фп. музыцы кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Сярод твораў: 20 опер, у т. л. «Актавія» (паст. 1703), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1713), 20 кантат, 6 араторый, серэнады, 12 канцэртаў для скр., альта і віяланчэлі, духоўная музыка, 555 твораў для клавіра і інш.
Літ.:
Алексеев А.Д. История фортепианного искусства. Ч. 1. М., 1962;
Окраинец И.А. Доменико Скарлатти: Через инструментализм к стилю. М., 1994;
Луцкер П В., Сусидко И.П. Итальянская опера XVIII в. Ч. 1. М., 1998.