клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.
Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш.арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.
Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш.арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду xn+a1xn-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.
Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Літ.:
Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДА (Міхаіл) (? — чэрв. 1586),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу для дзяцей дробнай гар. буржуазіі і служачых у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1872—1912. Утвораны з пав. вучылішчаў. Прымалі дзяцей з 7 гадоў. Навучанне 6-гадовае, платнае. Былі 1-, 2-, 3- і 4-класныя. У 2-класных курс 1-га класа 4-гадовы, курс 2-га класа 2-гадовы; у 3- і 4-класных курсы 1-га і 2-га класаў па 2 гады, а 3-га і 4-га па 1 году. Выпускнікі маглі паступаць у ніжэйшыя прафес. школы ці на 1- і 2-гадовыя пед. курсы пры некаторых гарадскіх вучылішчах (давалі права выкладаць у пач. вучылішчах і паступаць у настаўніцкія ін-ты). На Беларусі ў 1906 было 60 гарадскіх вучылішчаў, у т. л. 2-класных 3, 3-класных 40, 4-класных 17. У 1912 гарадскія вучылішчы 3- і 4-класныя пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаецца раскладанне функцый у трыганаметрычныя шэрагі і інтэгралы. Класічны гарманічны аналіз узнік у 18—19 ст. пад уплывам фіз. задач і стаў самаст.матэм. дысцыплінай у канцы 19 — пач. 20 ст. Далейшае развіццё прывяло да ўстанаўлення сувязей гарманічнага аналізу з агульнымі праблемамі тэорыі функцый і функцыянальнага аналізу. Метады гарманічнага аналізу выкарыстоўваюцца ў тэорыі імавернасцей, тэорыі дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў і інш.
Сутнасць класічнага гарманічнага аналізу ў раскладанні перыядычных функцый у збежныя Фур’е шэрагі, каэфіцыенты якіх у некат. выпадках вылічаюцца па Эйлера—Фур’е формулах, калі функцыя зададзена складаным выразам, табліцай або графікам — лікавымі, графічнымі і інш. метадамі набліжанага інтэгравання або з дапамогай спец. прылад — гарманічных аналізатараў. Неперыядычная функцыя (пры пэўных умовах) выражаецца ў выглядзе Фур’е інтэграла, што апісвае яе як суму бясконца малых гарманічных кампанентаў, параметры якіх вызначаюцца Фур’е пераўтварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),
род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).
Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ЗВА́РАЧНАЯ,
1) прыстасаванне, якое прыдугавой зварцы забяспечвае замацаванне электрода, падвод да яго эл. току і падачу ахоўнага газу ў зону зваркі.
2) Прыстасаванне для газавай зваркі і кіслароднай рэзкі, у якім паліва змешваецца з паветрам або кіслародам для атрымання ўстойлівага канцэнтраванага полымя. Адрозніваюць гарэлку зварачную для ручной і паўаўтам., а таксама для аўтам. зваркі.
Гарлка зварачная для электразваркі мае токаправодны муштук са зменным наканечнікам. Праз сапло падаецца газавы струмень, які ахоўвае зварачную ванну і электрод ад уздзеяння паветра. У гарэлцы зварачнай для газавай зваркі гаручыя газы змешваюцца і паступаюць у муштук. Гэтыя гарэлкі бываюць адна-, двух- і шматполымныя, нізкага (з інжэктарам для падсмоктвання гаручага газу) і высокага (у іх газ падаецца з газагенератараў або балонаў) ціску. Гарэлкі зварачныя для рэзання металаў маюць дадатковыя каналы падачы кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛпры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),
хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.
Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл.Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.
Да арт.Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.