РО́МЕР (Альфрэд Ізідар) (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),
жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.І.Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.Русецкага, К.Эстрэйхера, Ф.Даноўскага, У.Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму, адзін са стваральнікаў рус.ампіру. З 1796 пам.арх. В.Ф.Брэны. У 1802—03 вучыўся ў Італіі. Працаваў пераважна ў Маскве (пабудовы не захаваліся) і Пецярбургу (з 1816 адзін з гал. архітэктараў К-та для будавання і гідраўлічных работ). Стварыў шэраг манум. ансамбляў Пецярбурга, якія ў многім вызначылі аблічча яго цэнтра: палацава-паркавы комплекс на Ялагіным в-ве (1818—22), Міхайлаўскі палац (1819—25, праекты інтэр’ераў, у т. л. Белая зала; цяпер будынак Рускага музея), ансамблі Міхайлаўскіх плошчы (цяпер Мастацтваў) і вуліцы (цяпер Бродскага), на Дварцовай плошчы — ансамбль Гал. штаба і міністэрстваў (1819—29) з двайной праезнай аркай (у завяршэнні манум. калясніца). У 1816—34 стварыў ансамбль Александрынскага т-ра, у складзе якога Тэатральная вул. (цяпер Дойліда Росі), плошчы Александрынская (цяпер Астроўскага) і Чарнышова (цяпер Ламаносава). Сфарміраваў аблічча Сенацкай пл. з будынкамі Сената і Сінода (1828—34), злучаных аркай. Сярод інш. твораў: павільёны Анічкавага палаца (1817—18) у Пецярбургу, б-ка палаца (1822—24) і чыгунныя вароты з агароджай (1826) у Паўлаўску, званіца Юр’ева манастыра (1838—41) у Ноўгарадзе; аформіў галерэю Айч. вайны 1812 у Зімнім палацы (1826; пасля пажару 1837 адноўлена В.П.Стасавым). Творчасць Р. адметная шырынёй у вырашэнні арх. задач (ад планіроўкі буйных ансамбляў да дэтальнай распрацоўкі ўбрання інтэр’ераў), выразнасцю і багаццем ордэрных кампазіцый, гарман. спалучэннем арх. форм з алегарычнай скульптурай, наватарскімі канстр. прыёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ГУРТО́К,
група вучоных гісторыкаў і археографаў, якая ўпершыню ў гісторыі рас. навукі ў шырокіх маштабах пачала выяўленне і збор дакумент. помнікаў па гісторыі Расіі ў айчынных і замежных архівах і бібліятэках. Існаваў з 1810-х г. да 1826. Засн. ў Пецярбургу М.П.Румянцавым. Уваходзілі М.М.Бантыш-Каменскі, А.Ф.Маліноўскі, К.Ф.Калайдовіч, І.І.Грыгаровіч і інш. Амаль усе члены гуртка былі членамі Камісіі друкавання дзярж. грамат і дагавораў. На сродкі Румянцава і з яго дапамогай выдадзены падрыхтаваныя членамі гуртка археаграфічныя працы, летапісы, помнікі л-ры, даследаванні па гісторыі рус. і слав. народаў; «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), «Старажытныя расійскія вершы, сабраныя Кіршам Данілавым» (2-е выд., 1818), «Звесткі аб працах Швайпольта Фіёля, старажытнага славянскага друкаршчыка» (1820) — адно з першых рас. даследаванняў па гісторыі кнігадрукавання, «Іаан Экзарх Балгарскі» Калайдовіча (1824), «Помнікі расійскай славеснасці XII ст.» (1821) і інш. Члены гуртка цікавіліся таксама археалогіяй, нумізматыкай, этнаграфіяй, мовамі народаў Расіі. Вял. работу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі праводзілі Грыгаровіч (падрыхтаваў «Беларускі архіў старажытных грамат», склаў «Слоўнік заходнерускай гаворкі») і Калайдовіч — аўтар навук. апісання і кароткага слоўніка бел. мовы. Намаганнямі членаў гуртка ў навук. ўжытак уведзены шматлікія дакументы і матэрыялы, сфармуляваны прынцыпы публікацыі гіст. крыніц і ўзоры іх навук. апісання, зроблены першыя спробы гіст.-літ. і лінгвістычнай распрацоўкі помнікаў. Гурток распаўся пасля смерці Румянцава.
Літ.:
Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач.н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст.Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,
асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш.Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).
Літ.:
Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.
В.С.Пазднякоў.
Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫДЗ-СМІ́ГЛЫ ((Rydz-Śmigły) Эдвард) (11.3.1886, г. Беражаны, Цярнопальская вобл., Украіна — 2.12.1941),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч, адзін з паплечнікаў Ю.Пілсудскага. Маршал Польшчы (1936). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Кракаве. З 1908 у Саюзе актыўнай барацьбы, з 1912 у Стралецкім саюзе (Галіцыя), рэдагаваў штомесячнік «Strzelec»(«Стралец»). У 1-ю сусв. вайну ў легіёнах польскіх Пілсудскага, з ліп. 1917 гал. камендант Польск. вайск. арг-цыі. З ліст. 1918 ваен. міністр адноўленай польск. дзяржавы. Удзельнічаў у заняцці польск. войскамі Вільні (крас. 1919). У польска-сав. вайну 1919—20 камандаваў дывізіяй, арміяй, Сярэднім фронтам; удзельнічаў у заняцці Кіева (ліп. 1920), Гродна і Ліды (вер. 1920), абароне Варшавы (жн. 1920). У 1922—35 інспектар арміі. У час майскага перавароту 1926 падтрымаў Пілсудскага і яго прыхільнікаў. Пасля смерці Пілсудскага з мая 1935 ген. інспектар узбр. сіл, працаваў над 6-гадовым планам рэфармавання ўзбр. сіл краіны. У час Польскай кампаніі 1939вярх. галоўнакамандуючы (склаў паўнамоцтвы 7 ліст.), 17 вер. загадаў польскім узбр. сілам не ваяваць без крайняй неабходнасці супраць часцей Чырв. Арміі, якія ўступілі ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну; разам з польск. урадам перайшоў у Румынію, інтэрніраваны. У кастр. 1941 тайна вярнуўся ў акупіраваную ням.-фаш. войскамі Польшчу, намагаўся разгарнуць антыфаш. дыверсійную дзейнасць. Аўтар шэрагу прац па ваен. гісторыі і пытаннях абароны дзяржавы.
Літ.:
Leżeński C. Kwatera 139: Opowieść o marszałku Rydzu-Śmigtym. T. 1—2. Lublin, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАК,
1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССРнайб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.
2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж, і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНЛАНД-ПФАЛЬЦ (Rheinland-Pfalz),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у бас.р. Рэйн і яго прытокаў Мозеля і Лана. Пл. 19,8 тыс.км². Нас. каля 4 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Майнц. Найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Людвігсгафен, Кобленц, Кайзерслаўтэрн, Трыр. Большую ч.тэр. займаюць Рэйнскія Сланцавыя горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 19 °C, студз. 2 °C. Ападкаў каля 600—800 мм за год. Натуральная расліннасць найб. захавалася ў гарах, пераважаюць дубовыя, букавыя і дубова-грабава-букавыя лясы. Пад лесам каля 40%. Эканоміка мае індустр.агр. характар. Распрацоўваюцца невял. радовішчы нафты і прыроднага газу. Развіты хім. (гал. цэнтр Людвігсгафен), машынабудаванне і металаапрацоўка (Кайзерслаўтэрн), абутковая (каля 25% вытв-сці абутку ў краіне), харчасмакавая, аўтамабільная, буд. матэрыялаў прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (малочнага кірунку і свінагадоўля). Вырошчваюць пшаніцу, бульбу, цукр буракі, тытунь, кармавыя культуры. Найважн. раён вінаградарства (дае каля 75% збору вінаграду ў краіне, гал. чынам у далінах Рэйна, Мозеля і Наэ). Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Рэйне і Мозелі. Турызм.
Зямля ўтворана пасля 2-й сусв. вайны паводле распараджэння франц.акупац. улад ад 30.8.1946 з частак Баварыі (Пфальц), Гесена, Прусіі (Рэйнская прав.). Спачатку яе адм. цэнтрам быў г. Кобленц, з 1950 — г. Майнц У 1947 прынята зямельная канстытуцыя. З 1949 зямля ў складзе ФРГ. У 1969—76 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.Коль. У 1947—91 у яе паліт. жыцці дамінаваў Хрысц.-дэмакр. саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
рэнтгенаўскія прамяні, электрамагнітнае іанізавальнае выпрамяненне са спектральнай вобласцю паміж гама- і ультрафіялетавым выпрамяненнем. Даўж. хваль ад 10−8 да 10−11м. Умоўна падзяляецца на жорсткае (даўж. хвалі менш за 2∙10−10м) і мяккае (больш за 2∙10−10м). Адкрыта В.К.Рэнтгенам (1895).
Натуральнымі крыніцамі Р.в. з’яўляюцца Сонца і інш.касм. аб’екты (гл.Рэнтгенаўская астраномія). Штучныя крыніцы — рэнтгенаўская трубка (найб. пашырана), некаторыя радыеактыўныя ізатопы, сінхратроны і назапашвальнікі электронаў (мяккае Р.в.). Рэнтгенаўскі спектр бывае неперарыўным (тармазным; гл.Тармазное выпрамяненне) і лінейчастым (характарыстычным; гл.Мозлі закон), які атрымліваецца ў выніку іанізацыі атама з выбіваннем электрона з ягоўнутр. абалонак (першаснае Р.в.) ці пры паглынанні кванта эл.-магн. выпрамянення (флуарэсцэнтнае Р.в.). Пры ўзаемадзеянні Р.в. з рэчывам назіраецца фотаэфект, які суправаджае паглынанне, а таксама рассеянне Р.в. Фотаэфект узнікае, калі атам рэчыва пасля паглынання кванта Р.в. вылучае адзін з унутр. электронаў і адбываецца выпрамяняльны пераход (характарыстычнае выпрамяненне) або дадаткова вылучае электрон (ажэ-электрон) пры безвыпрамяняльным пераходзе. Рассеянне Р.в. ў вобласці вял. атамных мас і даўжынь хваль у асн. кагерэнтнае (без змены даўжыні хвалі); у вобласці малых атамных мас і даўжынь хваль — комптанаўскае (гл.Комптана эфект) ці камбінацыйнае. Рэгіструюць Р.в. з дапамогай спец. фотаматэрыялаў (гл.Рэнтгенаграма), а таксама дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэнтгенадыягностыкі і рэнтгенатэрапіі, рэнтгенаструктурным аналізе, рэнтгенаўскіх спектральным аналізе, тапаграфіі, спектраскапіі, астраноміі.
Літ.:
Блохин М.А. Физика рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1957;