вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).
Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. і 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыяРСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,
перайманне стараж.-рус. ці нар.рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.
Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв.рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.А.Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.М.Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.А.Гартмана, І.П.Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.
На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл.драм. тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́НКІНА,
архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.Кампарэзі, П.Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.Гардзеева і Г.Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.Бурдзін, Л.Батанаў, В.Мілашэўскі, інж. М.Нікіцін, Б.Злобін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛА́РУЧЫ,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Вяча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПдЗ ад Лагойска, 26 км ад Мінска. 89 ж., 55 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
З 16 ст.мяст. Бяларуч Мінскага пав.ВКЛ. У 1600 мястэчка, маёнтак і двор Бяларучы належалі А.Друцкай-Горскай. У 1870 цэнтр Бяларуцкай вол., у 1880 — 140 ж, 15 двароў, царква, нар. вучылішча, якое ў 1898 скончыў Я.Купала. З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў ліп. 1942 спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў. У 1970 — 164 ж., 54 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВО́Е,
вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав.ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).
французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),
Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л.Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп.«Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.
Літ.:
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Лізавета I. Маст. Н.Хіліярд. 1585.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСЕНТУКІ́,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс.ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОР, кальвінскі збор,
тып культавага збудавання рэфарматарскай царквы. З распаўсюджаннем Рэфармацыі пашыраны ў Полчышчы, Літве і на Беларусі ў 16—1-й пал. 17 ст. Драўляныя ці мураваныя З. строгіх лаканічных форм спалучалі мясц.буд. традыцыі з асаблівасцямі гатычнага і рэнесансавага стыляў: прамавугольны або 8-гранны ў плане аб’ём, завершаны стромкім 2-схільным, вальмавым, шатровым, купальным дахам; на гал. фасадзе меў высокую абарончую вежу-званіцу з вокнамі-байніцамі, пакрытую шатром або купалам. Сцены часта ўмацоўвалі контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі. Пры З. часта будаваліся школы, друкарні, шпіталі. У часы Контррэфармацыі (2-я пал. 17 ст.) многія З. прыстасоўвалі пад касцёлы, у 19 ст. — пад праваслаўныя цэрквы. Найб. вядомыя кальвінскія З.: Дзераўноўскі, Клецкі, Койданаўскі, Смаргонскі, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква.