РА́КУШКАВЫЯ.

астракоды (Ostracoda), падклас беспазваночных жывёл кл. ракападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). Каля 2 тыс. сучасных і больш за 12 тыс. выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на дне марскіх і прэсных вадаёмаў, у прыледавіковых азёрах, гарачых крыніцах, 7 відаў — у глебе трапічных лясоў. Большасць Р. — біял. меліяратары. На Беларусі больш за 40 відаў. Найб. трапляюцца гетэрацыпрыс павольны (Heterocypris reptans), цыклацыпрысы — яйцападобны (Cyclocypris ovum) і роўны (C. laevis), цыпрыс чванлівы (Cypris superba), цыпрыя выразная (Cypria exsculpta).

Даўж. да 30 мм (прэснаводных да 7,3 мм). Цела несегментаванае, укрыта хіцінавай двухстворкавай ракавінай (адсюль назва). якая зверху насычана вапнай. Крывяноснай сістэмы і жабраў няма, дыхаюць праз покрыва цела. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, жывёльнымі рэшткамі, ёсць драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. відам уласцівы партэнагенез. Развіццё з ператварэннем, 5—8 лічынкавых стадый. Дарослыя не ліняюць. Корм для некат. відаў прамысловых рыб. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Ю.​Р.​Гігіняк.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАНО́ГІЯ ракападобныя

(Isopoda),

атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн. г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.

Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Раўнаногія 1 — вадзяны вослік азелус; 2 — батыномус гіганцкі; 3 — макрыца парцэліо; 4 — хеміляпістус упрыгожаны.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУР (Ruhr),

Рурская вобласць, галоўная вугальна-металург. база Германіі, на тэр. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, па абодвух берагах р. Рэйн (асн. ч. на правабярэжжы, у бас. рэк Рур, Эмшэр, Ліпе). Тэрытарыяльна супадае з Рурскім вугальным басейнам. Пл. 3,3 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (2000); сярэдняя шчыльн. каля 1800 чал. на 1 км² (макс. больш за 5000 чал.). Гарады Р. (Эсэн, Дортмунд, Дуйсбург, Вуперталь, Дзюсельдорф, Мюльгайм, Гельзенкірхен, Бохум і інш.) з’яўляюцца вял. прамысл. цэнтрамі і зліліся ў адзіную канурбацыю. У Р. сканцэнтраваны гал. чынам галіны цяжкай прам-сці, асабліва кам.-вуг. (здабываецца каля 85% кам. вугалю ў краіне, у т. л. ўвесь каксавальны), чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім. і коксахім. прам-сць. У сувязі з хранічным крызісам гэтых галін многія шахты і прадпрыемствы закрываюцца. Традыц. галіны прам-сці часткова замяняюцца новымі для Р. галінамі — аўтабудаваннем, эл.-тэхн., нафтаперапр., швейнай. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Густая сетка чыгунак, аўтадарог, унутр. водных шляхоў; нафтаправоды з Ротэрдама і Вільгельмсгафена.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУФАКТУ́РА (позналац. manufactura ад лац. manus рука + factura выраб),

прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы; стадыя развіцця прам-сці, якая гістарычна папярэднічала буйной машыннай індустрыі. Узнікненне М. падрыхтавана развіццём рамесніцтва, таварнай вытв-сці, унутр. і знешняга гандлю, маёмасным расслаеннем сялян і рамеснікаў, паскорана першапачатковым накапленнем капіталу, вял. геагр. адкрыццямі, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы. Развілася з простай кааперацыі, фарміравалася пераважна двума шляхамі — аб’яднаннем у адной майстэрні рабочых розных спецыяльнасцей, калі гатовы прадукт атрымлівалі мех. злучэннем самаст. частковых прадуктаў (гетэрагенная М.), ці аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў адной спецыяльнасці з наступным раздзяленнем аднародных работ на больш дэталёвыя аперацыі, замацаваныя за асобнымі рабочымі (арганічная М.). З сярэдзіны 16 ст. М. ў Зах. Еўропе стала пануючай формай капіталіст. вытв-сці, у Расіі пашырылася ў 18 ст. У Беларусі першае прадпрыемства мануфактурнага тыпуНалібоцкая шкляная мануфактура, пабудаваная ў пач. 1720-х г. Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура, прадпрыемствы, на якіх выраблялі сукно і інш. тавары. У 2-й пал. 18 ст. сярод М. на Беларусі вылучаліся Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (21 М.), заснаваныя па ініцыятыве гродзенскага старосты А.​Тызенгаўза, якія выраблялі палатно, шоўк, сукно, дываны, габелены, паясы, металаапрацоўчую і інш. прадукцыю. Многія М. існавалі ў буйных феад. маёнтках. Новы этап у развіцці М. на Беларусі пачаўся пасля далучэння яе да Расіі; павялічылася іх колькасць, удасканальвалася тэхніка вытв-сці, больш шырока пачалі ўжывацца капіталіст. формы працы, з’явіліся новыя галіны прам-сці. У 1811 былі 33 М., на якіх працавала 1529 рабочых; у 1825 адпаведна 40 і 2880; у 1859—66 і 5740. Некат. М. былі вял. прадпрыемствамі, напр., на суконнай М. ў Хомску працавала больш як 500, на металургічнай у Налібаках — 600, на металургічнай і металаапрацоўчай у Старынцы — каля 900 рабочых. У канцы 1820-х г. М. Беларусі давалі больш за 10% тонкага сукна, 8% парусінавага палатна, больш за 50% аптэкарскага посуду ад агульнарас. вытв-сці. З развіццём М. падрыхтоўваўся прамысловы пераварот, М. выцясняліся фабрыкамі. Але многія прадпрыемствы мануфактурнага тыпу на Беларусі захаваліся і дзейнічалі на працягу 2-й пал. 19 і пач. 20 ст.

Літ.:

Романовский Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1966.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),

зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш. Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.

П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны парк франц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англ. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна).

На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.​Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

В.​Р.​Анціпаў, Г.​С.​Ларкін.

Дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску.
Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКІ́,

рэчывы, у якіх канцэнтрацыя рухомых носьбітаў зараду значна меншая за канцэнтрацыю атамаў матрыцы. Адрозніваюцца паводле ўпарадкаванасці размяшчэння атамаў, хім. саставу, уласцівасцей. Атамы П. лёгка іанізуюцца, у выніку чаго ўзнікаюць дэлакалізаваныя электрон і дзірка (электронная вакансія ў хім. сувязі атамаў матрыцы). У ідэальных П. канцэнтрацыі электронаў і дзірак роўныя. У рэальных П., якія маюць атамы дамешкаў і дэфекты структуры, гэта роўнасць можа парушацца і тады электраправоднасць П. у асноўным забяспечваецца адным тыпам носьбітаў зараду (электронамі ці дзіркамі).

П., у якім канцэнтрацыя электронаў праводнасці намнога большая за канцэнтрацыю дзірак, наз. П. n-тыпу, у якім больш дзірак — р-тыпу. Паводзіны носьбітаў зараду ў крышт. П. апісваюцца зоннай тэорыяй. Запоўненыя электронныя станы (узроўні энергіі) валентнай зоны аддзелены ад вакантных станаў зоны праводнасці забароненай зонай (энергетычнай шчылінай). Дамешкавыя атамы і дэфекты крышт. структуры прыводзяць да з’яўлення энергетычных станаў у забароненай зоне (радзей у зоне дазволеных энергій), але паняцце забароненай зоны захоўвае сэнс. Дамешкавыя атамы ў П. могуць набываць зарад (донары — дадатны, акцэптары — адмоўны), які кампенсуецца з’яўленнем электрона ў зоне праводнасці ці дзіркі ў валентнай зоне. Эл. актыўнасць дамешкавага атама абумоўлена тым, што ён мае інш. валентнасць, чым замешчаны ім атам крышт. матрыцы (рашоткі). Калі дамешкавы атам замяшчае ў крышт. рашотцы атам з той жа групы перыяд. сістэмы элементаў (ізавалентнае замяшчэнне), то, часцей за ўсё, ён электрычна неактыўны і не ўтварае лакалізаваны стан. Ізавалентныя дамешкі могуць уваходзіць у крышт. рашотку ў вял. канцэнтрацыях і ўтвараць цвёрдыя растворы. У іх размяшчэнне вузлоў рашоткі мае далёкі парадак, але атамы замяшчэння размяшчаюцца ў гэтых вузлах хаатычна. Бясшчылінныя П. маюць нулявую шырыню забароненай энергет. зоны. Ад тыповых П. (германій, крэмній) іх адрознівае адсутнасць парогавай энергіі, неабходнай для паяўлення электрон-дзірачнай пары, ад металаў — значна меншая канцэнтрацыя электронаў праводнасці.

На Беларусі даследаванні па фізіцы П. вядуцца з пач. 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це фізікі, Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;

Вавилов В.С. Алмаз в твердотельной электронике // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, №1;

Yu P.Y., Cardona M. Fundamentals of semiconductors. 2 ed. Berlin, 1999;

Seeger K. Semiconductor Physics. 7 ed. Berlin, 1999.

М.​А.​Паклонскі.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),

парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер 34, радзей ​3/8, ​6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.​Ланер, І.​Штраус-бацька, І.​Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар. танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, І.​Лучанок, С.​Картэс, Р.​Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГКО́К, Банкок, Крунгтэп,

горад, сталіца Тайланда. Засн. ў 16 ст. 5,9 млн. ж. (з прыгарадамі, 1990). Гал. марскі і рачны порт краіны, у вусці р. Менам-Чао-Прая, за 30 км ад Сіямскага зал. Паўд.-Кітайскага м. (грузаабарот каля 30 млн. т, каля 90% імпарту і 75% экспарту краіны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Рысаачышчальныя, лесаапрацоўчыя, тэкст., папяровыя, шклокерамічныя, цэментныя, электратэхн., нафтаперапр., хім., гумавыя прадпрыемствы; аўтазборка, суднабудаванне. Мастацкія рамёствы. Ун-ты. Нац. музей. Шмат каналаў.

У планіроўцы Бангкока элементы радыяльна-кальцавой структуры, вуліцы-каналы (часткова засыпаны ў 20 ст.). Гіст. цэнтр у лукавіне ракі, вакол — «старое прадмесце», зарэчны раён Тханбуры. Горад вядомы унікальнымі помнікамі: комплекс каралеўскага палаца Чакры (канец 18 — пач. 20 ст.), храмы (ваты) Пра Кео (канец 18 ст.), Чэтупон (По), Сутат, Раджабапіт, Бенчамабапіт, Арун (усе 19 ст.). З пач. 20 ст. забудоўваецца атэлямі, банкамі, канторскімі будынкамі еўрап. тыпу. Музеі: Нац. музей Тайланда, «Каралеўскія баржы», «Тайскі дом», «Палац Суан Пакад» і інш.

Бангкок. Храм Пра Кео. 1785.
Бангкок. Храмавы комплекс — Чэтупон (По). 19 ст.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ПАВЕТ,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі, Літ.-Бел. ССР, Польшчы ў 15—20 ст. Утвораны ў складзе ВКЛ пасля Крэўскай уніі 1385, уваходзіў у Віленскае ваяводства. Павятовы цэнтр — г. Вільня. Тэр. павета ўдакладнена ў ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 і замацавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет адышоў да Рас. імперыі, з 14.12.1795 у Віленскай, з 12.7.1797 у Літоўскай, з 9.9.1801 зноў у Віленскай губ. Пл. павета 5434 кв. вярсты, нас. (без гарадоў) 355 855 чал. (1897). Жылі беларусы, літоўцы, яўрэі, палякі, рускія. У складзе павета было 19 валасцей, г. Нова-Вілейск, 32 мястэчкі, 3059 паселішчаў сельскага тыпу. У 1-ю сусв. вайну павет у жн. 1915 акупіраваны герм. войскамі. Са студз. 1919 у Літ. ССР, з лют. 1919 у Літ.-Бел. ССР, з крас. 1919 у Польшчы. У ліп. 1920 заняты Чырв. Арміяй. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 разам з інш. землямі перададзены Літве. 9.10.1920 акупіраваны польскімі войскамі ген. Л.​Жалігоўскага. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 Віленскі павет уключаны ў склад Віленскага ваяводства.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)