КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРЫ́НІ ((Contarini) Амброджа) (?—1499),
італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.
Тв.:
Рус. пер. — Путешествие А.Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 604
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (30.11.1862, С.-Пецярбург — 1925),
рускі гісторык, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т. З 1880-х г. камісар па сял. справах у Царстве Польскім, потым (да 1900) чыноўнік па асобых даручэннях пры Іркуцкім ген.-губернатару. За ўдзел у акцыі пратэсту супраць разгону дэманстрацыі ў 1901 высланы ў Саратаў. Удзельнічаў у стварэнні партыі кадэтаў, у 1905—08, 1915—17 сакратар яе ЦК. З 1909 праф. Пецярбургскага. політэхн. ін-та, дзе чытаў курс па гісторыі Расіі 19 ст. Аўтар прац па гісторыі рас. грамадскага руху 1830—50-х г., сял. рэформы 1861 і інш., хронікі сям’і Бакуніных.
Тв.:
Курс истории России XIX в. М., 1993.
т. 8, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Фёдар Спірыдонавіч) (н. 15.9.1913, ст. Чарназём Цвярской вобл., Расія),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падп. арг-цыі і партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1940 нач. паравознага дэпо ст. Мінск. У ліп. 1941 арганізаваў і ўзначаліў падп. арг-цыю ў паравозным дэпо, якая ўваходзіла ў Мінскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 у партызанах: нам. камандзіра роты, камісар атрада «Мсцівец», у кастр. 1943 — лют. 1944 камісар брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага. Пасля вайны на адм. рабоце на Бел. чыгунцы. Аўтар успамінаў «Чыгуначнікі Мінска ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў» у зб. «З гісторыі партызанскага руху ў Беларусі (1941—1944 гг.)» (1961).
т. 8, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫРЛЕВА́НГЕР»
(«Dirlewanger»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. Адбылася ў 2-й дэкадзе сак. 1943. Паводле загаду нач. паліцыі бяспекі і СД оберштурмбанфюрэра СС Штрауха праводзіў аперацыю асобы батальён СС пад камандаваннем оберштурмбанфюрэра СС А.Дырлевангера з дапамогай каманды СД і каманды радыёсувязі «Пайгот». Па няпоўных звестках, гітлераўцы праводзілі аперацыю ў вёсках Дуброўка, Ляды, Прылепы, Халмецічы. Вёска Прылепы была спалена, 29 яе жыхароў расстраляны, 22 сак. спалена разам з жыхарамі в. Хатынь, на месцы якой створаны мемар. комплекс Хатынь.
т. 6, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),
1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.
2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c1—a2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.
3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).
4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).
5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).
6) Арганны рэгістр.
т. 6, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РГА КАБАЛЬЕ́РА ((Largo Caballero) Франсіска) (15.10.1869, Мадрыд — 25.3.1946),
іспанскі прафс., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1894 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСРП). У 1917—18 зняволены за ўдзел у арганізацыі ўсеагульнай забастоўкі. З 1918 дэп. картэсаў. У 1925—37 ген. сакратар Усеагульнага саюза працоўных. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 міністр працы (1931—33), старшыня ІСРП (1932—35, лідэр яе левага крыла). За ўдзел у паўстанні супраць урада правых рэспубліканцаў у 1934 зняволены (амнісціраваны ў лют. 1936), прэм’ер-міністр і ваен. міністр урада Нар. фронту (вер. 1936 — май 1937). З 1939 у эміграцыі ў Францыі. У 1942—45 зняволены ў ням.-фаш. канцлагеры.
т. 9, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКІЯ ХРО́НІКІ,
сярэдневяковыя гістарыяграфічныя творы, напісаныя на тэр. Лівоніі у 13 — пач. 18 ст., пераважна з пазіцый ням. рыцарства. Найважнейшыя: «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (завершана ў 1227), «Рыфмаваная хроніка» невядомага аўтара (падзеі да 1290), «Хроніка Прускай зямлі» ІІ.Дусбурга (завершана ў 1326), «Хроніка Лівоніі» Г.Вартберга (падзеі да 1378), «Хроніка Ліфляндскай правінцыі» Б.Русава (падзеі да 1582), Хроніка Кельха (канец 17 — пач. 18 ст.). Прысвечаны ў асн. гісторыі ордэна мечаносцаў, Лівонскага ордэна і Лівоніі. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, Л.х. маюць каштоўныя звесткі, у т. л. такія, якіх няма ў інш. крыніцах, па гісторыі суседніх з Лівоніяй дзяржаў, што змагаліся супраць крыжакоў: Полацкага княства, ВКЛ, Польшчы, Ноўгарада, Пскова, Маскоўскай дзяржавы.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)