ГЛУ́ШАК (Тамара Сцяпанаўна) (н. 3.1.1927, г. Луганск, Украіна),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла 1-ы Маскоўскі пед. ін-т замежных моў (1954). З 1961 у Арэнбургскім пед. ін-це, з 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1965—77 заг. кафедры). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі германскіх моў, распрацоўвае праблемы функцыянальнага плана ням. і часткова англ. моў. Аўтар працы: «Функцыянальная стылістыка нямецкай мовы» (1981), а таксама арт. «Стан і асноўныя напрамкі лінгвастылістычнай праблематыкі ў мовазнаўстве Беларусі» (1979), «Моўная намінацыя і грамадска-культурны працэс» (1991) і інш.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІСЕ́ВІЧ (Стафан) (1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),

бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).

Літ.:

Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.

І.​І.​Траццяк.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЧАНКА (Рыгор Міхайлавіч) (н. 25.12.1942, г.п. Тураў Гомельскай вобл.),

бел. плакатыст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у ін-це «Белбыттэхпраект», «Агітплакаце» (1975—90), цяпер на Мінскім маст.-вытв. камбінаце (з 1975). Творам Д. ўласціва лаканічнасць і строгасць формы, ашчадная выразнасць маст. мовы. Аўтар плакатаў: «Адновім помнікі архітэктуры» (1978), «Тураву — 1000 год» (1980), «Небяспечней эпідэміі» (1981), «Раззбраенне!» (1982), «Вайна — вайне!», «Хлеб — усяму галава» (абодва 1983), «Чарнобыльскі боль» (1994). Працуе ў жанры партрэта («Кірыла Тураўскі», 1980, і інш.), займаецца рэканструкцыяй арх. помнікаў (Тураўскі храм 12 ст., 1981; Тураўскі замак і гарадзішча, 1981—84; Полацкі замак, 1996).

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НЕЦ (Аляксандр Валянцінавіч) (н. 31.1.1962, в. Харомск Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). Працаваў у творчай майстэрні скульптуры пры АМ СССР (1989—93), з 1996 выкладчык Бел. АМ. Творчасці ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў бел. гісторыі: «Кастусь Каліноўскі» і «Дунін-Марцінкевіч» (абодва 1985), праект помніка Цётцы (1987), памятныя дошкі Ф.​Скарыне на будынках Нац. АН Беларусі (1990) і чэш. Нац. бібліятэкі (Прага, 1996) і інш. Пераможца Рэсп. конкурсу праектаў помніка Ф.​Скарыне для Мінска (1990).

А.Дранец. Памятная дошка Ф.​Скарыне ў Празе на будынку Нацыянальнай бібліятэкі. 1996.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТАК,

слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Баханькоў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЬНІЧ (сапр. Бембель Алег Андрэевіч, н. 16.12.1939, Мінск),

бел. паэт. Сын А.Бембеля. Вучыўся ў БПІ (1956—59), скончыў Мінскае муз. вучылішча (1963) і Бел. кансерваторыю (1969). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (1974—83, 1984—87), у 1991—93 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны. Друкуецца з 1979. Паэзія пераважна рэлігійна-быційнай тэматыкі. Аўтар зб-каў паэзіі «Рэха малітвы», «Саната ростані» (абодва 1988), «Малітвы за Беларусь» (1989), філас.-сацыялагічнага даследавання «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» (1985), прысвечанага лёсу і сучаснаму стану бел. мовы. Выступае як публіцыст.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЯ МО́ВА,

адна з кельцкіх моў. Пашырана ў Ірландскай Рэспубліцы (афіц. мова разам з англ.), Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія), часткова ў ЗША. Вылучаюцца 3 дыялектныя зоны (мунсцерская, канахцкая і ульстэрская), паміж якімі значныя адрозненні. Нормы адзінай літ. мовы новага перыяду пачалі выпрацоўвацца ў пач. 20 ст., яны вельмі няўстойлівыя, адлюстроўваюць адрозненні дыялектаў на ўсіх узроўнях.

Пісьменнасць узнікла ў 4—7 ст. н.э. (т. зв. агамічныя надпісы, гл. Агамічнае пісьмо). З канца 5 — пач. 6 ст. пісьменнасць на аснове лац. алфавіта. Першыя помнікі 6 ст. захаваліся ў спісах 11 ст. На І.м. існуе багатая арыгінальная л-ра.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫ́НІН (сапр. Бурштын) Барыс Сяргеевіч

(10.8.1893, в. Заплюссе Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 4.4.1964),

рускі паэт-перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Друкаваўся з 1913. З 1938 перакладаў на рус. мову творы ўкр. (А.​Малышкі, М.​Рыльскага), літ. (А.​Венажындзіса, Майроніса), чув. (К.​Іванова) і інш. паэтаў. З бел. мовы пераклаў паэму Я.​Коласа «Рыбакова хата» (з С.​Гарадзецкім і П.​Сямыніным, 1949), асобныя творы Я.​Купалы, М.​Багдановіча (у кн. «Выбраныя вершы», 1940), П.​Броўкі (у кн. «Выбранае», 1949), М.​Танка (у кн. «Вершы. Казкі. Паэмы», 1953) і інш. Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу і Я.​Коласа.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БАК (Сяргей Львовіч) (н. 13.7.1953, г. Старгард-Шчэцінскі, Польшча),

бел. вучоны ў галіне анатоміі і эмбрыялогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1979. Навук. працы па эмбрыялогіі чалавека, эксперым. тэраталогіі, вывучэнні прыроджаных заган развіцця апорна-рухальнага апарату зародкаў чалавека. Пераклаў з англ. мовы «Кішэнны атлас анатоміі чалавека» Х.​Феніша і падручнік «Анатомія і фізіялогія для медсясцёр» Э.​Пірс (абодва 1996) разам з В.​В.​Рудзянком.

Тв.:

Костно-суставная система: морфол. и биохим. аспекты формирования. Мн., 1990 (разам з АП.​Аніськовай, С.​П.​Фешчанкам).

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)