РУ́СТЫКА (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны) у архітэктуры, рэльефная муроўка ці дэкар. абліцоўка сцен будынка каменем з груба абколатай ці выпуклай вонкавай паверхняй (гл.Руст). Выпукласць каменю можа мець розную форму (найб. пашырана пірамідальная). Р. ажыўляе сцяну багатым зіхаценнем святлаценю, стварае ўражанне моцы, масіўнасці будынка. Пры аддзелцы фасада тынкоўкай Р. імітуецца разбіўкай сцяны на прамавугольнікі або палосы. Вядома са старажытнасці (Стараж. Грэцыя і Рым). Асабліва пашырана ў аддзелцы італьян. палацаў эпохі Адраджэння. Найчасцей Р. ўжывалася ў грамадз. і палацава-сядзібнай архітэктуры стылю класіцызму і ампіру. Ёю афармлялі цокаль ці 1-ы паверх будынка, вуглавыя пілястры, лапаткі, рызаліты. Часта выкарыстоўвалася і тынкоўка «пад руст». Пашырана ў афармленні фасадаў будынкаў (аконных і дзвярных праёмаў, архівольтаў і інш.) у архітэктуры канца 19—пач. 20 ст. У драўляным культавым і сядзібным буд-ве выкарыстоўвалася тэхніка разьбы, якая імітавала каменную муроўку, былі пашыраны шалёўка сцен і афармленне вуглоў «пад руст».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЬВЕ́Р (англ. revolver ад revolve вярцецца),
індывідуальная многазарадная наразная агнястрэльная зброя з вярчальным барабанам (патроннікам-магазінам). Прызначаны для паражэння жывых цэляў на адлегласці да 100 м. Ёмістасць барабана 6—7 патронаў, калібр 7,62—11,56 мм, скарастрэльнасць 6—7 выстралаў за 15—20 с.
З’явіўся ў 16 ст., пашырыўся як наразны з 1830-х г. У рас. арміі на ўзбраенні былі Р. сістэмы Сміта—Весана, з канца 19 ст. — сістэмы Нагана ўзору 1895 (гл. Наган), якія былі на ўзбраенні і ў Сав. Арміі. У 1-й пал. 20 ст. паступова заменены самазараднымі пісталетамі.
Рэвальверы: 1 — чатырохзарадны Колера з ударнакрамянёвым замком (пач 19 ст., Вялікабрытанія); 2 — капсульны Марыета з вярчальнай звязкай з 4 ствалоў (1830-я г., Бельгія); 3 — шпілечны 12-зарадны Лефашэ (2-я пал. 19 ст., Бельгія); 4 — Бамонта—Адамса падвойнага дзеяння (1856, Вялікабрытанія); 5 — грамадзянскі «Бульдог» 5—6-зарадны (канец 19 — пач. 20 ст., у розных краінах); 6 — сямізарадны «Стралец» (пач. 20 ст., Расія); 7 — шасцізарадны (1960, Чэхаславакія).
бел. і рускі журналіст і выдавец, краязнавец і грамадскі дзеяч. Бацька І.Л.Саланевіча. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1886), працаваў у нар. вучылішчах Гродзенскай губ. (1886—96), потым у Гродзенскім губ. праўленні (да 1907). Адначасова з канца 1890-х г. супрацоўнічаў у «Гродненских губернских ведомостях». Чл. Гродзенскага царк.-археал.к-та, манархісцкай арг-цыі «Селянін». Разам з П.В.Каранкевічам заснаваў у 1908 Беларускае таварыства. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Прыхільнік гіст. канцэпцыі М.В.Каяловіча і паліт. платформы П.А.Сталыпіна. З 1909 у Вільні, дзе пачаў выдаваць газ.«Белорусская жизнь» (з 1911 — «Северо-Западная жизнь»). З 1916 у Ялце (Крым). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адышоў ад журналісцкай і грамадскай дзейнасці. Пасля ўцёкаў сына Івана з СССР (1934) арыштаваны і паводле некаторых звестак загінуў у лагеры г.п. Севера-Енісейскі Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ Ў ЮГАСЛА́ВІІ 1941—45,
узброеная барацьба народаў Югаславіі супраць ням., італьян., венг., балг.акупац. войск і мясц. калабарацыяністаў у 2-ю сусв. вайну. Вялася рознымі ваен.-паліт. сіламі краіны, адну з гал. роляў адыгрывала Кампартыя Югаславіі (КПЮ). Неўзабаве пасля нападзення Германіі, Італіі і Венгрыі на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941) паводле рашэння Палітбюро ЦК КПЮ у Заграбе 10.4.1941 быў створаны Ваен.к-т на чале з ген. сакратаром КПЮ І.Ціта (Броз Ціта). Ваен. к-ты пачалі дзейнічаць ва ўсіх раёнах краіны, фарміраваліся баявыя групы. У дзень нападзення Германіі на СССР (22.6.1941) КПЮ заклікала да ўзбр. барацьбы. 27.6.1941 ЦК КПЮ стварыў Гал. штаб (з 3 вер.Вярх. штаб) партыз. атрадаў. 4.7.1941 прынята рашэнне пачаць узбр. паўстанне. У канцы 1941 у Югаславіі было 80 тыс. партызан. 22.12.1941 сфарміравана першая рэгулярная вайсковая часць (1-я Пралетарская брыгада). Баявая актыўнасць руху супраціўлення прымушала акупантаў трымаць у Югаславіі значную групоўку войск (у 1941—42 было 27—32 дыв.). У ліст. 1942 створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (агульнаюгасл. паліт. орган), пачалося фарміраванне Нар.-вызв. арміі Югаславіі (НВАЮ, вярх. галоўнакамандуючы — Ціта); да канца года створана 9 дывізій. Усяго ў краіне дзейнічала 38 брыгад і 36 партыз. атрадаў (150 тыс.чал.). У выніку баёў на рэках Нератва і Суцьеска (1943) НВАЮ вызваліла шэраг раёнаў краіны. Зах. дзяржавы, што раней падтрымлівалі югасл. эмігранцкі ўрад, устанавілі кантакт з Вярх. штабам НВАЮ. Пасля капітуляцыі Італіі (вер. 1943) актывізавалася нац.-вызв. барацьба. Ў складзе НВАЮ вялі баі сав., чэхаславацкія, венг., балг., італьян.партыз. батальёны. У ліст. 1943 створаны Нацыянальны камітэт вызвалення Югаславіі — першы нар. ўрад. Да канца 1943 вызваленыя раёны складалі каля палавіны тэр. краіны. Матэрыяльную, ваен. і інш. дапамогу югасл. нар.-вызв. руху аказваў СССР. У вер. 1944 Чырв. Армія наблізілася да граніц Югаславіі і, паводле маскоўскіх пагадненняў, прыняла ўдзел сумесна з югасл. войскам у вызваленні Бялграда (гл.Бялградская аперацыя 1944). 7.3.1945 у Бялградзе сфарміраваны ўрад Дэмакр. Федэратыўнай Югаславіі на чале з Ціта. Да 15.5.1945 югасл. армія (800 тыс.чал.) завяршыла вызваленне краіны. За час вайны ў Югаславіі загінула 1 млн. 700 тыс. яе жыхароў, у т. л. 305 тыс. байцоў і партызан.
Літ.:
Славин Г.М. Освободительная война в Югославии (1941—1945 гг.). М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ўу Маскве.
Бярэ пачатак ад ваен. архіваў Рас. імперыі: створанага ў 1819 Маскоўскага аддз. архіва Інспектарскага дэпартамента Гал. штаба (з 1865 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. штаба, з 1906 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. ўпраўлення Генштаба) і створанага ў 1797 Імператарскага дэпо карт (з 1812 Ваен.-тапаграфічнае дэпо Ваен.мін-ва, з 1863 Ваен.-гіст. і тапаграфічны архіў Гал. ўпраўлення Генштаба, з 1867 Ваен.-вучоны архіў Гал. штаба, з 1906 — Гал. ўпраўлення Генштаба). З 1921 гэтыя архівы былі асн. сховішчамі 3-й (ваен.-марской) секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, у 1925 на іх аснове створаны Ваен.-гіст. архіў (да яго далучаны дакументы б. Маскоўскага ваен.акр. архіва і вылучаны дакументы Чырв. Арміі), з 1933 Цэнтр.ваен.-гіст. архіў, з 1941 Цэнтр.дзярж.ваен.-гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1956—58 папоўнены дакументамі б. Ленінградскага філіяла (створаны ў 1819 як архіў інспектарскага дэпартамента Ваен.мін-ва, пасля — Агульны архіў Гал. штаба, у 1934—41 Ленінградскі ваен.-гіст. архіў). 13 870 фондаў, З 397 628 адзінак захоўвання за 1520—1918 (асобныя дакументы за 1919—41). Зберагае матэрыялы дзейнасці вышэйшых, цэнтр. і мясц. органаў вайск. кіравання і вайск. устаноў Расіі з канца 17 ст. да сак. 1918, у т. л.Ваен. калегіі (1717—1812), Ваен.мін-ва (1808—1918), Гал. штаба (1865—1918), Гал. ўпраўлення Генштаба (1905—18), Штаба Вярх. галоўнакамандуючага Стаўкі (1914—18), ваен. акруг, крэпасцей, ваен.-навуч. устаноў, армій, карпусоў, дывізій, палкоў і інш.вайск. злучэнняў, зборы картаграфічных матэрыялаў. Дакументы асвятляюць войны і ваен. кампаніі, якія вяла Расія: Лівонскую вайну 1558—83, войны з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67, 1792, Паўн. вайну 1700—21, вайну 1812, 1-ю сусв. вайну, барацьбу з Барскай канфедэрацыяй 1768, задушэнне паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Беларусі. Захоўвае фонды вайск. часцей і ўстаноў, размешчаных на тэр. Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., тапаграфічныя карты і планы гарадоў Беларусі канца 18 — пач. 20 ст., карты дзярж. межаў Расіі з Рэччу Паспалітай 18 ст.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 158—162;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСК,
горад у Расіі, цэнтр Архангельскай вобл., у вусці р.Паўн. Дзвіна. 415,7 тыс.ж. (1994). Марскі і рачны порт. Чыг. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр лесаапр., лесахім. (цэлюлозна-папяровая, гідролізная) прам-сці. Машынабудаванне (абсталяванне для лясной і дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне і суднарамонт), харч. (мяса-малочная, перапрацоўка марскіх водарасцяў) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Мастацкія промыслы (разьба па дрэве і косці). Пачатковы пункт многіх палярных экспедыцый, адна з асн. баз Паўн. марскога шляху.
Засн. ў 1584 паводле загаду Івана IV. Наз. Новахалмагоры, з 1613 Архангельскі (ад назвы Міхайла-Архангельскага манастыра), пасля — Архангельск. Першы марскі порт Расіі. У 1693 Пётр I заклаў на в-ве Саламбал верф і засн. адміралцейства. У 1701—05 у Карабельным вусці пабудавана Навадзвінская крэпасць. З 1708 цэнтр Архангелагародскай губ. У 1771 засн. мараходнае вучылішча. З канца 19 ст. буйны лесапрамысл. і лесаэкспартны пункт Расіі. З 1898 звязаны чыгункай з Масквой. З 1929 цэнтр Паўн. краю, з 1936 — Паўночнай, з 1937 — Архангельскай вобл. У царскія і сав. часы месца паліт. ссылкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,
баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.В.Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс.чал. пры 20 гарматах. 21 ліст.рус. авангард (каля 4,5 тыс.чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс.чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс.чал., у французаў — каля 5 тыс.чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж.Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.