ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр. Лангер

(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл. ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл. ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),

дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БІЯШ ((Dobiáš) Вацлаў) (22.9.1909, Радчыцы, каля г. Семілі, Чэхія — 1978),

чэшскі кампазітар, муз. дзеяч. Нар. арт. ЧССР (1976). Вучыўся ў кансерваторыі (1932—37) і ў Школе вышэйшага майстэрства (1937—39) у Празе. Праф. пражскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (з 1950). Старшыня Саюза кампазітараў ЧССР (1955—63). Старшыня Камітэта муз. фестывалю «Пражская вясна» (да 1978). Сярод асн. твораў: 3 кантаты, у т. л. «Будуй Радзіму — умацуеш мір» (3-я рэд. 1950, Залаты медаль Міру Сусв. Савета Міру); 3 сімфоніі (1943, 1957, камерная 1939), 4 стр. квартэты, санет «Аб роднай краіне» і інш., фп. п’есы, санаты, вак. цыклы, масавыя песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія ЧССР 1952.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРАЎСКІ ((Dobrovský) Іосеф) (17.8.1753, Дзьярмат, каля г. Дзьёр, Венгрыя — 6.1.1829),

чэшскі асветнік-славіст. Адзін з заснавальнікаў славяназнаўства, дзеяч чэш. Адраджэння. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1768—76). Чл. Каралеўскага т-ва навук у Празе (з 1784), ганаровы чл. Рас. АН (з 1820) і акадэмій інш. краін. Заклаў асновы параўнальнага вывучэння славянскіх моў, культуры і гісторыі. Аўтар прац «Гісторыя чэшскай мовы і літаратуры» (1792), «Глагалітыка» (1807), «Асновы стараславянскай мовы» (1822), цыкла артыкулаў «Крытычныя спробы ачышчэння чэшскай гісторыі ад пазнейшых выдумак» (1803—19) і інш. Выдаваў навук. славістычныя зб-кі «Славін» (1806—08) і «Славанка» (1814—15).

Тв.:

Spisy a projevy. Sv. 5—23. Praha, 1936—63.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ (Іосіф Львовіч) (17.12.1911, Мінск — 7.12.1964),

бел. тэатр. дзеяч і драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў курсы кінасцэнарыстаў у Мінску (1930). Працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931—33). З 1935 заг. літ. часткі БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа). З 1948 дырэктар гэтага т-ра. З 1961 дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм». Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар драмы «Цэнтральны ход» (1948) і лірычнай камедыі «Алазанская даліна» (1949; абедзве з К.​Губарэвічам, пастаўлены ў т-ры імя Я.​Коласа), п’есы «Права на шчасце» (пастаўлена ў т-ры імя Я.​Коласа і ў драм. т-ры ў г. Вялікія Лукі), нарысаў, артыкулаў па праблемах тэатр. мастацтва.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́А (Гершан Майсеевіч) (парт. псеўд. Д.Боген; 5.5.1892, г. Седльцы, Польшча — 12.11.1948),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. За рэв. дзейнасць у 1916—18 зняволены герм. акупац. ўладамі ў канцлагер. З 1920 у Палесціне, адзін з заснавальнікаў і ген. сакратар ЦК Кампартыі Палесціны, высланы англ. каланіяльнымі ўладамі. У 1925—32 чл. ЦК КПЗБ, прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1933—35 у апараце выканкома Камінтэрна. У 1937 у складзе паліт. кіраўніцтва інтэрнац. брыгад рэсп. Іспаніі. Пасля паражэння рэспублікі эмігрыраваў у Францыю, потым на Кубу, быў карэспандэнтам камуніст. друку ў ЗША. З 1947 у Польшчы.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БЕЛЬТ (Лявонцій Васілевіч) (1792, г. Магілёў — 9.5.1862),

ваенны і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў паліт. вышуку ў Расіі. Генерал ад кавалерыі (1856). Скончыў Горны кадэцкі корпус (1807), служыў у пяхоце (да 1830). Ўдзельнік кампаній 1807 і 1812—15, ад’ютант Дз.С.Дахтурова, М.М.Раеўскага. У пач. 1820-х г. масон. З 1830 у Корпусе жандараў, з 1835 нач. штаба корпуса. У 1839—56 адначасова кіраўнік «Трэцяга аддзялення», чл. Гал. ўпраўлення цэнзуры і Сакрэтнага к-та аб раскольніках. Кіраваў праследаваннем паэтаў А.​С.​Пушкіна і М.​А.​Някрасава, расследаваў справы Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства і петрашэўцаў. З 1856 у адстаўцы.

Літ.:

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

т. 6, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАЧ (Тэадор Часлававіч) (9.2.1883, г.п. Чупахаўка Сумскай вобл., Украіна — 12.5.1943),

дзеяч рабочага руху, юрыст. Скончыў Харкаўскі ун-т. Працаваў у судах на Украіне. З 1919 адвакат у Польшчы, абараняў дзеячаў рэв. і нац.-вызв. руху на судовых працэсах, у т. л. на працэсе Т.​Домбаля (1922), працэсе 56-і (1928), кобрынскім (1933), луцкім (1934) і інш. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. арг-цыі дапамогі рэвалюцыянерам у Польшчы. У 1933—37 нам. старшыні Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Польскай рабочай партыі і чл. яе ЦК з 1942. У 1943 арыштаваны гестапа і ў час следства закатаваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАСФЕ́Н (Demosthenes; каля 384, п-аў Атыка, Грэцыя — 12.10.322 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і прафес. прамоўца. Выступаў супраць захопніцкай палітыкі Македоніі і яе цара Філіпа II («філіпікі»), пасля чаго стаў прызнаным лідэрам Афін (341). Дамогся стварэння антымакед. кааліцыі стараж.-грэч. полісаў. У 330 да н.э. ўзнаг. афінянамі ганаровым залатым вянком. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323) зноў заклікаў да барацьбы супраць Македоніі. У выніку паражэння антымакед. кааліцыі ў Ламійскай вайне (323—322 да н.э.), ратуючыся ад праследавання, скончыў самагубствам. Захаваліся тэксты каля 60 прамоў, якія прыпісваюцца Д.

Тв.:

Рус. пер. — Речи. Т. 1—3. М., 1994—96.

Дэмасфен. Мармуровая копія старажытнагрэчаскай бронзавай статуі.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБО́ЎСКІ ((Dembowski) Ян) (26.12.1889, С.-Пецярбург — 22.9.1963),

польскі заолаг, грамадскі і дзярж. дзеяч. Акад. Польскай АН (1951). Замежны чл. АН СССР (з 1958). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 працаваў у Ін-це імя М.​Ненцкага ў Варшаве (з 1933 дырэктар), у 1934—39 у Віленскім ун-це. У 1944—47 аташэ пасольства ПНР у Маскве і адначасова супрацоўнік Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. З 1947 праф. Лодзінскага ун-та, у 1951—56 прэзідэнт Польскай АН, у 1952—60 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі. Навук. працы па эталогіі і зоапсіхалогіі розных груп жывёл. Вывучаў рытм дзялення і трапізм у інфузорый.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)