КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬ (грэч. Konstantinupolis, лац. Constantinopolis),
Царград, сталіца Рымскай (330—395) і Візантыйскай (395—1453, акрамя 1204—61) імперый. Засн. ў 324—330 рым. імператарам Канстанцінам I (адсюль назва) на месцы стараж.-грэч. калоніі Візантый. Развіццю горада спрыяла зручнае геагр. размяшчэнне (на перакрыжаванні гандл. шляхоў з Зах. Азіі ў Егіпет і з Міжземнага м. ў Чорнае). Яго неаднаразова асаджвалі авары (626), арабы (673—677, 717—718), балгары (814), усх. славяне (напр., Алег). Да канца 11 ст. дамінуючы гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Візантыі. У 1204 захоплены і разрабаваны крыжаносцамі, якія зрабілі горад сталіцай створанай імі (1204) Лацінскай імперыі. У 1261 адваяваны візантыйцамі пры падтрымцы генуэзцаў. Найбуйнейшы (больш за 100 тыс. жыхароў) і найбагацейшы горад сярэдневяковай Еўропы. Яго лічылі сваёй рэліг. і культ. сталіцай паўд. і ўсх. славяне (называлі Царград). У 1453 захоплены і разрабаваны туркамі-асманамі, перайменаваны ў Стамбул (сталіца Турцыі да 1923; назва «К.» ужывалася ў еўрап. і інш. краінах да 1920-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎРЭР ((Maurer) Георг Людвіг фон) (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),
нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццю сац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕ́НІЯ (грэч. Messenia),
гістарычная вобласць у Стараж. Грэцыі на ПдЗ п-ва Пелапанес. У старажытнасці яе насялялі лелегі. Паводле Гамера, тэр. М. складала аснову магутнага царства стараж.грэч. цара Нестара са сталіцай у г.Пілас. У 12 і 9 ст. да н.э. пацярпела ад нашэсця дарыйцаў, якія паступова асімілявалі мясц. насельніцтва. У выніку паражэння ў Месенскіх войнах у 8—7 ст. да н.э. пад уладай Спарты. Незалежнасць адноўлена ў 369 да н.э. пасля перамогі Эпамінонда над Спартай. М. са сталіцай у г.Месіна супрацьстаяла спартанскаму ўплыву ў Пелапанесе. У 3 ст. да н.э. далучылася да Ахейскага саюза, у 146 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая.
Літ.:
Колобова К.М. Древняя Спарта (X—VI вв. до н.э.). Л., 1957;
Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э.М., 1966;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Павсаний. Описание Эллады: Пер. с греч. Т. 1—2. Спб., 1994.
(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),
італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),
агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.
Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1919—22,
вайна Грэцыі пры падтрымцы дзяржаў Антанты (Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, ЗША) супраць Турцыі. Грэцыя, якая прэтэндавала на ч.тэр. Турцыі, аслабленай пасля 1-й сусв. Вайны, 15.5.1919 высадзіла дэсант у г. Ізмір. У ходзе наступлення (чэрв.—ліп. 1920) яе войскі прарвалі абарону тур.партыз. атрадаў і прасунуліся на 150—250 км у глыб Анатоліі, уступілі ва Усх. Фракію. Акупацыя значнай ч.тэр. Турцыі (у т. л. 16.3.1920 Стамбула брыт. войскамі) актывізавала ў ёй нац.-вызв. рух (гл.Кемалісцкая рэвалюцыя). У процівагу султанскаму (стамбульскаму) у г. Анкара створаны рэв. ўрад на чале з Мустафой Кемалем (Атацюркам). Сфарміраваныя ім ваен. атрады на чале з Ісмет-пашой у выніку 2 бітваў каля с. Інёню (10.1 і 31.3.1921) часова прыпынілі грэч. наступленне. Летам 1921 грэч. сілы (96 тыс.чал.) прарвалі абарону тур. атрадаў (51 тыс.чал.) і выйшлі да р. Сакар’я, аднак у выніку бітвы 23.8—13.9.1921 былі адкінуты тур. войскам (вярх. галоўнакаманд. Атацюрк). Ва ўмовах выхаду з антытур. кааліцыі Францыі (20.10.1921) і Італіі анкарскі ўрад з ваен. дапамогай Сав. Расіі да лета 1922 рэарганізаваў і пераўзброіў свае ваен. часці, якія 26.8.1922 перайшлі ў наступленне (гал. ўдар у раёне Аф’ён-Карахісара), разбілі грэкаў каля Думлупынара (30 жн.), вызвалілі Ізмір (9 вер.), да 18 вер. — усю Анатолію. У палон трапіла 40 тыс. вайскоўцаў грэч. арміі. Паражэнне Грэцыі прывяло да хваляванняў у яе арміі (вер. 1922), адрачэння ад прастола караля Канстанціна I, пакарання смерцю 5 міністраў на чале з прэм’ерам Д.Гунарысам.
Літ.:
Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983. С. 165—175.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗЕЛІ́Н [франц. vaseline ад ням. Was(ser) вада + грэч. elaion аліўкавы алей],
аднародная сумесь цяжкага нафтавага масла і цвёрдых вуглевадародаў (парафін, цэрэзін, петралатум). Мазепадобная белая маса, шчыльн. 870—885 кг/м³, tпл 35—60 °C. Атрымліваюць расплаўленнем вуглевадародаў у масле з далейшай ачысткай сернай к-той і адбельвальнай глінай. Выкарыстоўваюць у медыцыне (аснова мазяў), электратэхніцы, у тэхніцы для кансервацыі металавырабаў, як змякчальнік гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФТЫ (грэч. apthai),
невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАПТЫСТЭ́РЫЙ (ад грэч. baptistērion купель),
памяшканне для хрышчэння ў правасл. ці каталіцкім храме. У краінах Зах. Еўропы — часта асобнае збудаванне, круглае або мнагаграннае ў плане, завершанае купалам. Унутры баптыстэрый упрыгожвалі мазаікай, скульптурай; пасярэдзіне знаходзілася купель для хрышчэння. Найбольш вядомыя італьян. баптыстэрыі ў Равене, Парме, Пізе, Фларэнцыі.
Баптыстэрый у Пізе. Закладзены ў 1153. Арх. Дыятысальві.Баптыстэрый у г. Равена (Італія). Сярэдзіна 5 ст.