РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКА,

галіны навукі і тэхнікі, што звязаны з перадачай і пераўтварэннем інфармацыі на аснове выкарыстання радыёчастотных электрамагнітных ваганняў. Ахоплівае радыётэхніку і электроніку, а таксама квантавую электроніку, мікраэлектроніку, оптаэлектроніку. Цесна звязана з радыёфізікай, фізікай цвёрдага цела, оптыкай, аўтаматыкай, тэхн. кібернетыкай, механікай і электронікай. Метады і сродкі Р. выкарыстоўваюцца ў большасці галін навукі і тэхнікі.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУЦЭ́НТЫ [ад лац. reducens (reducentis) які вяртае, аднаўляе],

арганізмы, якія ў працэсе жыццядзейнасці ператвараюць арган. рэшткі ў неарган. (мінер.) рэчывы. Большасць — мікраарганізмы, што знаходзяцца ў глебе і вадзе, а таксама грыбы і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві). Прадукты жыццядзейнасці Р. выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, аднаўляюць урадлівасць глебы.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРА́НА (італьян. soprano ад sopra над, звыш),

1) самы высокі пеўчы (у асн. жаночы ці дзіцячы) голас. Асн. разнавіднасці С.: драм., лірычнае і каларатурнае; а таксама лірыка-драм., лірыка-каларатурнае і інш. 2) Самая высокая партыя ў мяшаным хоры.

3) Высокія па рэгістры разнавіднасці некат. муз. інструментаў (сапранавыя труба, саксафон і інш.).

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТАНІ́-ДАР, Сатанідар,

раннепалеалітычная стаянка на паўд.-зах. схіле гары Арагац у Арменіі. Даследавана ў 1945—49. Выяўлена шмат прылад з абсідыяну і базальту — адшчэпаў, рубіл, грубых сякучых прылад, а таксама нуклеусаў грубадыскападобнай і кубападобнай формы. Вылучаюць 2 яго комплексы: найб. старажытны датуюць познашэльскім часам (гл. Шэль), больш позні — познаашэльскім (гл. Ашэль).

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ПІЯ (лац. sepia ад грэч. sēpia каракаціца),

светла-карычневае фарбавальнае рэчыва. Натуральную С. вырабляюць з сакрэту т.зв. чарнільнага мяшка галаваногіх марскіх малюскаў — сепій (адсюль назва). У 20 ст. С. — штучная карычневая акварэльная фарба шматлікіх адценняў. С. наз. таксама від графічнай тэхнікі, пашыраны ў Еўропе з сярэдзіны 18 ст. (Ж.​А.​Фраганар у Францыі і інш.).

т. 14, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАГЕНЕРА́ТАР,

электронная прылада (генератар), якая выпрацоўвае імпульсы зададзенай формы і з пэўнымі часавымі зрухамі паміж імі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійнай апаратуры (на тэлецэнтрах) для фарміравання сінхранізавальных (радковых і кадравых) і тушыльных (для выключэння электроннага праменя на час адваротнага ходу разгорткі) імпульсаў кіравання работай прылад разгорткі відарысаў, а таксама ў апаратуры многаканальнай сувязі з часавым раздзяленнем каналаў.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАБО́К,

шматфункцыянальная прылада працы з аббітага каменю, найчасцей з крэменю, для апрацоўкі скуры, рогу, косці і дрэва. Вядомы з эпохі палеаліту, выкарыстоўваўся і ў эпоху бронзы. С. адрозніваліся формай загатоўкі, арыентацыяй рабочага ляза (на пласціне, адшчэпе, сколе і г.д.), а таксама другаснай апрацоўкай (рэтушшу). На Беларусі найб. стараж. С. знойдзены ў Бердыжы і Юравічах.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЕВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з зярнят соі. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924—934 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла, а таксама пакосту, алкідных смол, алейных лакаў. мыйных сродкаў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРО́ГРАФ (ад спектр + ...граф),

аптычная спектральная прылада, прыёмнік якой (фатаграфічны матэрыял, шматэлементны фотапрыёмнік і інш.) рэгіструе ўвесь спектр аптычны. Апошні разгортваецца з дапамогай прызмаў або дыфракцыйнай рашоткі ў факальнай плоскасці прылады. Выкарыстоўваецца пераважна для прамысл. і навук. даследаванняў спектраў рэчываў, а таксама ў астр. даследаваннях (разам з тэлескопам) фіз. уласцівасцей і руху нябесных аб’ектаў.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЦЯНА́ КАМУНА́РАЎ»,

сцяна могілак Пер-Лашэз у Парыжы, каля якой у 1871 былі расстраляны абаронцы Парыжскай камуны 1871 (адсюль назва). Каля пастаўленага на гэтым месцы помніка пахаваны таксама П.Лафарг, М.Тарэз, А.Барбюс і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну.

«Сцяна камунараў» у Парыжы. Скульптар П.​А.​Барталаме. 1899.

т. 15, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)