назва этнапаліт. супольнасці ваУсх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл.Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед.гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст.сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл.слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр.ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст.наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх.ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.
Літ.:
Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар у Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),
чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.
Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.
Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл.Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).
Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́ГІЯ (ад лац. religio набожнасць, святыня, прадмет культу),
сістэма тэалагічных дактрын, уяўленняў, культавых рэчаў і дзеянняў, а таксама арг-цый, накіраваная на абгрунтаванне існавання Бога або наогул звышнатуральнага пачатку. Існуе шмат падыходаў у вырашэнні пытанняў сутнасці і генезісу Р. Прадстаўнікі этналагічнага кірунку (Э.Тайлар, Дж.Дж.Фрэйзер, К.Леві-Строс) узнікненне Р. ставілі ў залежнасць ад прымітыўнага ўзроўню вытв-сці і духоўнай культуры. Марксізм лічыў Р. адлюстраваннем у свядомасці чалавека з’яў навакольнага свету. Псіхалагічныя канцэпцыі паходжання Р. трактуюць яе як выяўленне асобных станаў псіхікі чалавека (У.Джэмс, З.Фрэйд, К.Г.Юнг, Л.Леві-Бруль). П.А.Фларэнскі, Г.Лейв, Р.Ота вызначалі сутнасць Р. як агульначалавечае імкненне да свяшчэннага, трансцэндэнтнага аб’екта. Сац. змест Р. грунтуецца на пэўнай сістэме каштоўнасцей (этнічных, паліт., бытавых), якой надаецца эталонны статус, замацаваны аўтарытэтам Бога. Сярод асн. функцый Р. інтэграцыйная (аб’яднанне няўстойлівых сац. суполак на аснове рэліг. ідэалогіі) і выхаваўчая (перадача з пакалення ў пакаленне ведаў, духоўных каштоўнасцей, жыццёвага вопыту і інш.). Гал. элементам Р. з’яўляецца ідэалогія (веравызнанне), якая складаецца з комплексу догматаў і дактрын і канцэнтруе ў сабе сац. вопыт. Веравызнанне вызначае належнасць этнасу да пэўнай цывілізацыі (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, Э.Хантынгтан). Т.ч., Р. выступае не толькі модусам этнаўтварэння, але і дамінантай духоўнай культуры. Значнае месца ў Р. займае культ рэлігійны, дзякуючы якому ў грамадстве ўзнаўляюцца і захоўваюцца пазітыўныя традыцыі. Рэліг. арг-цыі складаюць такія ін-ты, як царква, секта, дэнамінацыя (рэліг.арг-цыя ў стадыі станаўлення), а таксама рэліг. суполкі (брацтвы, місіі, цэнтры і інш.). Р. з’яўляецца ч. натуральна-гіст. эвалюцыі грамадства, і таму спробы вывесці яе па-за межы сац. працэсу (як, напр., у СССР) адбываліся ў адм., прымусовай і нават гвалтоўнай формах. Найб. раннімі выяўленнямі Р. былі магія, татэмізм, анімізм і інш. Для стараж. Р. характэрны політэізм (мнагабожжа), які змяніўся монатэізмам (адзінабожжам). Вылучаюць розныя гіст. формы і тыпы Р.: родава-пляменныя (язычніцтва), нац.-дзярж., ці этнічныя, прыхільнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі адной нацыянальнасці (даасізм, індуізм, іудаізм, сінтаізм і інш.); сусветныя, якія набылі наднац. характар і атрымалі паўсюднае пашырэнне (будызм, хрысціянства, іслам). Апошнім часам у свеце набывае дынаміку працэс стварэння адзінай глабальнай Р. ў межах экуменічнага руху на аснове ідэй і прынцыпаў розных Р. (гл.Экуменізм).
На Беларусі ў стараж. перыяд рэліг. вераванні існавалі ў форме язычніцтва. У канцы 10—пач. 11 ст.дзярж. рэлігіяй на бел. землях стала хрысціянства ваўсх. форме (з 1054 праваслаўе), а пасля Крэўскай уніі 1385 і каталіцызм (гл.Беларуская праваслаўная царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі). З 14—15 ст. са з’яўленнем у ВКЛ татар і яўрэяў на Беларусі пашырыліся іслам і іудаізм. У 16 ст. ўзнік пратэстантызм і яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства і інш. З 1569 дзейнічала уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква). На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічае 26 канфесій (2663 абшчыны), у т. л. 1172 правасл. абшчыны, 417 рымска-каталіцкіх, 13 грэка-каталіцкіх, 34 стараабрадніцкія, 470 хрысціян веры евангельскай, 268 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 22 — іудаістаў, 24 абшчыны мусульман і інш.
Літ.:
Никольский Н.М. Избранные произведения по истории религии. М., 1974;
Фрэйзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Иллюстрированная история религий. Т. 1—2. 2 изд. М., 1992;
Митрохин Л.Н. Философия религии. М., 1993;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т. 1—2] М., 1996;
Росс Ф., Хиллс Т. Великие религии человечества: Пер. с англ. М;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́РЫХ (сапр.Рорых) Мікалай Канстанцінавіч
(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),
расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз.чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.Куінджы, у студыі Ф.Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.
Тв.:
Врата в будущее. Рига, 1991;
Нерушимое. Рига, 1991;
Твердыня Пламенная. Рига, 1991;
Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;
Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;
Знамя Мира. М., 1995;
Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;
Цветы Мории. Мн., 1997;
Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;
Алтай — Гималаи. М., 1999;
Шамбала. Мн. и др., 2000.
Літ.:
Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;
Н.К.Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст.М., 1978;
Держава Рериха. М., 1994;
Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн.Кн. 1. М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў г.Слуцк у 11—18 ст. Самыя раннія ўмацаванні адносяцца да часу заснавання горада, які ўзнік у 11 ст. на гарадзішчы ранняга жал. веку ў сутоках рэк Бычок і Случ. Уяўлялі сабой глініста-пясчаны вал вышынёй каля 6 м, шырынёй 20—22 м у аснове. Па версе насыпу ішоў вастракол вышынёй 4—6 м з дубовых бярвён таўшчынёй 14—16 см, верхні край якога быў завостраны на гранёны конус. Вал ахопліваў усю пляцоўку дзядзінца летапіснага Случаска. За валам каля падэшвы гарадзішча быў выкапаны роў глыбінёй каля 2 м, шырынёй 25 м, які запаўняўся вадой з р. Бычок. Верагодна, у 12—13 ст. існавалі драўляна-земляныя ўмацаванні абапал вакольнага горада, што размяшчаўся на ПнУ ад дзядзінца (іх рэшткі зруйнаваны ў 1960-я г. ў час будаўніцтва).
У 1409 на месцы дзядзінца і вакольнага горада ўзніклі Верхні і Ніжні замкі (гл. ў арт.Слуцкія замкі). Відаць, да 16 ст. Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні, знешні выгляд якіх сфарміраваўся яшчэ ў стараж.-рус. час і якія надзейна ахоўвалі яго ад нападаў крымскіх татар у 1502, 1503, 1505, 1506 і войск Міхаіла Глінскага ў 1508 у час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08. Паводле пісьмовых крыніц, у 1509 пачалося буд-ва ўмацаванняў вакол усяго гар. паселішча, што прымыкала да замкаў. Паводле Хронікі Быхаўца, у пач. 16 ст. гэтыя ўмацаванні ахоплівалі Стары горад з замкамі на правым беразе р. Случ і Новы горад (Зарэчча), які размясціўся на яе левым беразе. Як сведчыў маск. дзяк Трыфан Карабейнікаў, які ў 1539 з дыпламат. місіяй наведаў ВКЛ, Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні і тым не менш быў «... горада Менска больши и лутчи...». На рубяжы 16—17 ст., калі на бел. землях пачалі пашырацца земляныя ўмацаванні старагаландскага тыпу, Слуцк быў абведзены магутным валам і вадзяным ровам. Непрыступнасць С.г.у. выявілася ў 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, калі 20-тысячнае войска рус.кн. А.М.Трубяцкога 2—6 вер. беспаспяхова вяло аблогу горада. З 27 да 30 вер. войска Трубяцкога, да якога далучылася яшчэ 5 тыс. казакоў І.Залатарэнкі, паўтарыла аблогу і зноў няўдала. Увесь Слуцк, за выключэннем Астроўскага і Трайчанскага прадмесцяў, быў абнесены ўмацаваннямі. Абарончая лінія Старога горада мела выгляд магутнага землянога вала, які дугой апяразваў старую частку горада з У, Пн, З і ўпіраўся сваімі канцамі ў р. Случ. Тут было 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным валам знаходзіўся роў. Трапіць у Слуцк можна было праз 3 брамы — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Паводле гіст. крыніц, гар. вал дасягаў шырыні не менш як 26,6 м і вышыні каля 8 м. Капыльская і Ільінская брамы мелі аднолькавыя памеры ў аснове — 25,6 × 36,6 м, Астроўская —9,15 × 15,25 м. Цераз вадзяны роў былі перакінуты пад’ёмныя масты. Кварталы Новага места абкружалі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзіліся да р. Случ. Тут мелася 7 бастыёнаў і ўязная драўляная брама — Навамеская. Агульная даўжыня С.г.у. у канцы 18 ст. дасягала амаль 3840 м. На працягу 18 ст. Слуцк заставаўся магутным умацаваннем. У 1780 рас. афіцэры, якія складалі тапагр. апісанне горада, адзначалі непашкоджаны стан яго ўмацаванняў, у т. л. 4 брам. Канчаткова рэшткі С.г.у. бастыённага тыпу знішчаны ў выніку будаўнічых работ у жн. 1986.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л.У. Умацаванні і ўзбраенне дзядзінца летапіснага Случаска (XII—XIII стст.) // Гіст.-археал.зб.: Памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1756—63,
вайна паміж Аўстрыяй, Францыяй, Расіяй, Іспаніяй, Саксоніяй, Швецыяй з аднаго боку і Прусіяй, Вялікабрытаніяй, Партугаліяй, Гановерам і некат. інш.паўн.-герм. дзяржавамі — з другога; вынік барацьбы Вялікабрытаніі з Францыяй за калоніі ў Паўн. Амерыцы і Ост-Індыі і сутыкнення агрэсіўнай палітыкі Прусіі з інтарэсамі Аўстрыі і Расіі. У студз. 1756 Прусія і Вялікабрытанія заключылі Уайтхолскі саюзны дагавор, у маі 1756 Аўстрыя ўвайшла ў саюз з Францыяй. Англа-прускае збліжэнне прымусіла Расію адмовіцца ад арыентацыі на Вялікабрытанію і ў студз. 1757 далучыцца да саюза Аўстрыі з Францыяй. Фрыдрых II перш за ўсё імкнуўся захапіць Саксонію (яе курфюрст Фрыдрых Аўгуст II — адначасова кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III) і абмяняць яе на Багемію (Чэхія), а таксама паставіць Рэч Паспалітую ў васальную залежнасць ад Прусіі. Аўстрыя хацела вярнуць Сілезію, якую захапіла Прусія ў выніку вайны за аўстрыйскую спадчыну ў 1740—48; Францыя планавала захапіць Гановер, а Швецыя — прускую Памеранію. Расія мела на мэце прыпыніць экспансію Прусіі на У і пашырыць свае граніцы на З, пры гэтым Расія абумовіла свой няўдзел у вайне супраць Вялікабрытаніі. У жн. 1756 прускія войскі ўварваліся ў Саксонію, у вер. — у Аўстрыю. У 1756 да аўстра-франц. блока далучылася большасць дзяржаў «Свяшчэннай Рым. імперыі», у 1757 — Швецыя. У пач. вайны прускія войскі атрымалі перамогу над аўстр. арміяй каля Прагі (6.5.1757), але пацярпелі няўдачу каля Коліна (18.6.1757) і былі разгромлены рас. войскамі каля Грос-Егерсдорфа (30.8.1757). Новыя перамогі прускага караля Фрыдрыха II над французамі пад Росбахам (5.11.1757) і аўстрыйцамі каля Лейтэна (5.12.1757) страцілі значэнне пасля перамогі рас. арміі ваУсх. Прусіі, дзе прускія войскі здалі Тыльзіт і Кёнігсберг (студз. 1758). У жн. 1759 рас. армія пры ўдзеле аўстр. войск разбіла прускія войскі каля Кунерсдорфа. У кастр. 1760 рас. войскі ўвайшлі ў Берлін. Аднак Фрыдрых II, скарыстаўшы нерашучасць у ваен. дзеяннях Аўстрыі, нанёс паражэнне яе войскам каля Торгаў (3.11.1760). У 1761 на баку Францыі выступіла Іспанія, а да Вялікабрытаніі прымкнула Партугалія. У снеж. 1761 рас. корпус ген. П.А.Румянцава (гл.Румянцаў-Задунайскі) атрымаў перамогу пад Кольбергам. Рас. армія замацавалася ў Памераніі і пагражала Брандэнбургу. Ад поўнага разгрому Прусію выратавалі супярэчнасці ў стане антыпрускай кааліцыі, а таксама смерць рас. імператрыцы Лізаветы Пятроўны (5.1.1762) і прыход да ўлады імператара Пятра III, які заключыў саюзны дагавор з Прусіяй (5.5.1762). Пасля дварцовага перавароту (ліп. 1762) рас. царыца Кацярына II разарвала саюз з Прусіяй, аднак вайну не аднавіла. Вялікабрытанія амаль не ўдзельнічала ў ваен. дзеяннях у Еўропе (яна субсідзіравала Прусію), вяла барацьбу з Францыяй на моры і ў калоніях. У 1762 з вайны выйшла Швецыя, спыніліся ваен. дзеянні паміж Прусіяй і Францыяй, Францыяй і Вялікабрытаніяй. Паводле Губертусбургскага міру 1763 паміж Аўстрыяй і Саксоніяй Прусія замацавала за сабой Сілезію і графства Глац. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 да Вялікабрытаніі ад Францыі адышлі Канада, Усх. Луізіяна, Фларыда і большая частка франц. уладанняў у Індыі. Гал. вынікам С.в. была перамога Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за каланіяльнае і гандл. першынство, за дамінаванне на моры. I хоць паліт. карта Еўропы значна не змянілася, вайна істотна паўплывала на суадносіны сіл яе ўдзельнікаў. Эканам. заняпад і ваен. слабасць паскорылі крызіс абсалютызму ў Францыі і пачатак Французскай рэвалюцыі 1789—99. Аўстрыя стала саюзніцай Расіі ў барацьбе супраць Турцыі. С.в. была першым крокам да гегемоніі Прусіі ў Германіі, спрыяла росту паліт. ўплыву Расіі ў Еўропе. Тэр. Беларусі ў ходзе вайны была тылам рас. войск, якія рабілі тут рэквізіцыі і набіралі рэкрутаў.
Літ.:
Архенгольц И.В. История семилетней войны: Пер. с нем. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМ’Я́,
заснаваная на шлюбе ці кроўна-сваяцкіх адносінах малая група людзей, члены якой звязаны агульнасцю побыту, узаемнай дапамогай, маральнай і прававой адказнасцю. Асн. функцыі С. — рэпрадукцыйная (нараджэнне дзяцей), выхаваўчая (гл.Сямейнае выхаванне), гасп.-бытавая, эканам., рэкрэактыўная (узаемадапамога, падтрыманне здароўя, арганізацыя вольнага часу і інш.), камунікатыўная і рэгулятыўная (кантроль і рэгламентацыя паводзін членаў С., яе аўтарытэт). Структура С. вызначаецца сістэмай узаемаадносін паміж яе членамі (бацькі, дзеці, муж, жонка і інш.) і яе складам: колькасць членаў, пакаленняў, шлюбных пар, дзетнасць, ступень і характар сваяцтва (прамое, бакавое і інш.). У залежнасці ад характару шлюбных саюзаў вылучаюцца С. палігамныя (гл.Палігамія), парныя (няўстолівы саюз мужа і жонкі), манагамныя (гл.Манагамія). У залежнасці ад колькасці шлюбных пар і характару вядзення гаспадаркі вылучаюць 2 формы С. — нераздзеленая і малая. Да нераздзеленых адносяцца С., у якіх жывуць і вядуць гаспадарку некалькі шлюбных пар. У залежнасці ад сваяцтва іх падзяляюць на бацькоўскія (разам жывуць 2 ці больш жанатых сыноў) і брацкія (сумесна жывуць 2 і больш жанатых братоў). У залежнасці ад пакаленнага складу вызначаюцца адналінейныя (бацькі і адзін жанаты сын, унукі) і многалінейныя (бацькі і 2 ці больш жанатых сыноў або 2 і больш братоў са сваімі сем’ямі). Да малой С. адносяцца нуклеарныя (шлюбная пара з дзецьмі ці без іх) і складаныя (акрамя шлюбнай пары і дзяцей пражывае адзін з бацькоў ці інш. сваякоў).
Да сярэдзіны 19 ст. на Беларусі пераважалі нераздзеленыя С. З канца 19 ст. пераважаюць малыя С. Паменшылася колькасць С. з 6—10 чалавек і павялічылася іх колькасць з 2—5 чалавек. Формай С. вызначаліся і ўнутрысямейныя адносіны. Паводле звычаёвага права на чале С. стаяў старэйшы ў С. мужчына; у бацькоўскай С. гэта быў бацька, у брацкай — старэйшы з братоў. Галава С. адказваў за арганізацыю гасп. дзейнасці і сямейнага побыту, за падатковыя выплаты і інш. Малую С. ўзначальваў муж. Ва ўнутрысямейных адносінах важную ролю адыгрывала жанчына; у бацькоўскай С. гаспадыняй была маці (свякруха), у брацкай — жонка старэйшага брата. Яна кіравала жанчынамі С., вучыла іх гасп. справам, размяркоўвала паміж імі працу, сачыла за парадкам у хаце, гатавала ежу, пякла хлеб і інш., нявесткі поўнасцю залежалі ад свякрухі; першай памочніцай гаспадыні была старэйшая нявестка. У 2-й пал. 20 ст. на Беларусі пераважала малая нуклеарная сям’я (у сярэднім 3,1 чал.).
Паводле перапісу насельніцтва 1990 у Беларусі 2,4 млн. сямейных пар, каля 400 тыс. няпоўных сем’яў. Сярэдні памер С. 3,1 чал. (3,2 чал. ў горадзе, 3 чал. на вёсцы).
Сац. вызначальнікамі структуры С. з’яўляюцца сац. аднароднасць ці неаднароднасць яе членаў, іх адукацыя, прафесія; этнічнымі — узаемаадносіны паміж мужам і жонкай адной ці розных нацыянальнасцей, паміж бацькамі і дзецьмі (нараджэнне дзяцей, этн. змешванне, нац. ці рэлігійнае самавызначэнне іх), паміж пакаленнямі (перадача культ. традыцый) і інш. Сучасная С. арыентавана на 1—2 дзяцей. Яе стан характарызуецца шэрагам процілеглых тэндэнцый: ператварэнне С. ў маральна-прававы саюз мужчыны і жанчыны і рост сямейных калізій (змяншэнне трываласці шлюбна-сямейных адносін, зніжэнне нараджальнасці, рост колькасці няпоўных С., пазашлюбнай нараджальнасці і інш.). Традыц. тып патрыярхальнай С. з жорсткім размеркаваннем сямейных роляў і абавязкаў паступова змяняецца раўнапраўнымі сямейнымі адносінамі паміж мужчынам і жанчынай, паміж дарослымі і дзецьмі, якія заснаваны на іх павазе і ўзаемаразуменні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая ажыццяўляе будаванне і рэканструкцыю аб’ектаў чыг., аўтамаб., воднага, паветр., трубаправоднага транспарту; уключае буд-ва земляных палотнаў чыгунак і аўтадарог, верхняй будовы дарог, пуцеправодаў, установак электрыфікацыі, аўтаматыкі і тэлемеханікі чыгункі, дарожных і аэрадромных пакрыццяў, мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў, прычалаў рачных партоў, каналаў, магістральных нафта- і газаправодаў, вакзалаў, дэпо, службова-тэхн. і інш.трансп. будынкаў.
На Беларусі вядзецца з канца 18 — пач. 19 ст., калі былі пабудаваны Агінскі канал (1783), Бярэзінская водная сістэма (1805), Аўгустоўскі канал (1839), Дняпроўска-Бугскі канал (1848). Да 1913 пракладзена значная працягласць чыг. і гужавых дарог, будаваліся вакзалы, рачныя прычалы. Працягласць чыгункі ў 1913 складала 3,81 тыс.км, у т. л.чыг. магістралі Смаленск—Мінск—Брэст (1871), Бранск—Брэст (1887), Роўна—Вільня (1885) і інш. Пабудаваны вакзалы: Віленскі ў Мінску (1874), Віцебскі і Гродзенскі (1866—67), Брэсцкі (1886) і інш. Працягласць аўтадарог да 1913 складала 3,5 тыс.км. Да Вял.Айч. вайны ў БССР пабудавана больш як 1000 кмчыг. ліній, у т. л. Асіповічы—Магілёў—Крычаў—Шасцёраўка—Орша—Лепель, Навабеліца—Чарнігаў; рэканструяваны чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк, Гомель, Жлобін і інш., а таксама Баранавічы і Ліда. У 1939—40 перабудаваны чыг. лініі зах. абласцей на адзіную ў СССР каляю. Будаваліся новыя чыг. вакзалы, дэпо, Гомельскі рачны порт, Сожская шлюзавая сістэма ў г. Крычаў, прыстані ў Жлобіне (на Дняпры), Пхове (на Прыпяці), Чэпіне (на Зах. Дзвіне) і інш. У 1933 адкрыты Мінскі аэравакзал. У 1930-я г. пабудаваны шашэйныя дарогі працягласцю 1236 км, у т. л. Мінск—Магілёў і Мінск—Орша. У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі разбурана больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, большасць чыг. і аўтамаб. мастоў, 50% чыг. вакзалаў і г.д. У пасляваен. гады старыя трансп. аб’екты адноўлены і рэканструяваны, пабудавана шмат новых вакзалаў, у т. л. ў Баранавічах (1947), Гродне і Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953), Брэсце (1956) і інш. Сучасная (2001) сетка чыг. ліній Рэспублікі Беларусь складае 5,5 тыс.км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Першы электрыфікаваны ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы дзейнічае з 1963. У 1989 электрыфікавана ўся лінія Брэст—Масква. У 2000 уведзена першая чарга новага будынка вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. На 1.1.2001 працягласць аўтадарог агульнага карыстання складала 74,4 тыс.км, у т. л. 66,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. На дарогах пабудавана 4245 мастоў і пуцеправодаў агульнай працягласцю больш за 160 км. Самы доўгі мост на Беларусі (929 м) пабудаваны ў 1991 цераз Прыпяць каля Мазыра. У 2002 заканчваецца рэканструкцыя шасціпалоснай Мінскай кальцавой аўтамаб. дарогі (56,4 км), на якой пабудаваны 34 масты і пуцеправоды агульнай працягласцю больш за 2 км. Па тэр. Беларусі праходзяць аўтамагістраліміжнар. значэння: Масква—Брэст, С.-Пецярбург—Адэса, Мінск—Вільнюс і інш. Пабудавана больш за 100 аўтастанцый, каля 40 аўтавакзалаў, у т. л. буйнейшыя — Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983) і Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (1999). Пабудаваны аэравакзалы ў Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Магілёве (1971), Гомелі (1976) і інш. Нацыянальны аэрапорт Мінск (1-я чарга ў 1993) і Брэсцкі аэравакзал (1986) адпавядаюць стандартам міжнар. класа. У 1984 здадзены ў эксплуатацыю першы ўчастак 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. На 1.1.2002 працягласць дзвюх ліній метрапалітэна складае 23,7 км. На іх размешчаны 20 станцый і адзін перасадачны вузел. З 1960 на Беларусі развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.2001 агульная працягласць магістральных газа-, нафта- і прадуктаправодаў складае больш за 10 тыс.км. Адначасова з буд-вам трубаправодаў будаваліся кампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, нафтаперапамповачныя станцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУВА́ЛУ (Tuvalu),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак., у Палінезіі. Займае а-вы Тувалу (да 1975 наз. Эліс), за 1050 км на Пн ад а-воў Фіджы. Пл. 26 км². Нас. 10,8 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Фунафуці на аднайм. атоле. Афіц. мова — англійская. Адм. падзел — 8 астраўных саветаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Т. — дзяржава ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — манарх Вялікабрытаніі, які прадстаўлены ў краіне ген.-губернатарам. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (12 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Астравы — 9 каралавых атолаў выш. да 5 м, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ ланцугом даўж. 586 км. Клімат гарачы, субэкватарыяльны. Т-ра пастаянна каля 27 °C з нязначнымі ваганнямі. Ападкаў за год ад 2500 мм на Пн да 3300 мм на Пд. Бываюць засухі. Рэк і ручаёў няма. Адзначаюцца разбуральныя тайфуны. Расліннасць аднастайная. На ўзбярэжжы солетрывалыя кусты і дрэвы (сцэвола, панданус і інш.), ваўнутр. частках астравоў — гаі какосавых пальмаў, дрэвы гуэтарда, пізонія, калафіліюм, папараці. Жывёльны свет бедны. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Астравам пагражае затапленне, якое выклікана пацяпленнем клімату і пад’ёмам узроўню акіяна.
Насельніцтва. Больш за 90% — тувалу, народ палінезійскага паходжання. Ёсць тувалу — еўрапейскія метысы, мікранезійцы і інш. Амаль усе вернікі — пратэстанты-кангрэгацыяністы. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1,4%. Сярэдняя шчыльн. 417 чал. на 1 км². Больш за палавіну засяроджана на атоле Фунафуці, дзе знаходзіцца г. Фунафуці (каля 4 тыс.ж.). 75% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, каля 25% — у сферы абслугоўвання. Каля 1 тыс.чал. працуюць за мяжой (матросамі на замежных караблях).
Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс.н. э. Першы з еўрапейцаў, хто наведаў а-вы Т., быў ісп. мараплавец А.Менданья. У 1892. пад назвай а-вы Эліс, аст-вы Т. сталі ч.брыт. пратэктарата А-вы Гілберта і Эліс, з 1916 калонія Вялікабрытаніі. У 1974 рэферэндум жыхароў а-воў Эліс ухваліў іх адасабленне ад а-воў Гілберта. З 1.10.1975 асобная калонія Вялікабрытаніі пад мясц. назвай Т. 1.10.1978 абвешчана незалежнасць Т. ў складзе Садружнасці. У Т. адсутнічаюць паліт. партыі. Т. — чл.ААН (з 2000).
Гаспадарка. Т. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 800 дол. за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50% пл. астравоў. Асн. культуры: какосавая пальма, тара, бананы, цукр. трыснёг, агародніна. Штогод нарыхтоўваецца каля 400 т копры. Гадуюць свіней і птушку (у 1999—27 тыс. курэй). Рыбалоўства. Урад ЗША выплачвае Т. штогод 9 млн.дол. за права рыбалоўства ў тэр. водах архіпелага. Ёсць некалькі дробных прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі і рыбы, па пашыве адзення і вырабе мыла. Саматужныя промыслы і рамёствы (плеценыя вееры і кошыкі, каралі з ракавін). Некалькі дробных электрастанцый (вытв-сць электраэнергіі каля 3 млн.кВт∙гадз за год). Транспарт пераважна марскі. Асн. порт і адзіны аэрапорт — Фунафуці. Штогадовы экспарт складае каля 200 тыс.дол., імпарт — каля 4—5 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра, рыбныя прадукты, маст. вырабы, у імпарце — харч. прадукты, паліва, прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Фіджы, Аўстралія, Новая Зеландыя. Большую частку даходаў Т. атрымлівае з траставага фонду (на 1999—35 млн.дол.), які ўтвораны Новай Зеландыяй, Аўстраліяй і Вялікабрытаніяй, падтрыманы Японіяй і Паўд. Карэяй. Краіна атрымлівае даход ад продажу паштовых марак, ад грашовых пераводаў грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — тувалійскі долар, выкарыстоўваецца і аўстралійскі долар.