ІЛЬІ́Н (Аляксандр Мікалаевіч) (1893, Масква — 7.5.1919),
удзельнік грамадз. вайны на Палессі. З ліст. 1918 агент ЧК па забеспячэнні Чырв. Арміі ў раёне Лунінец—Сарны—Роўна, дамогся ад ням. акупантаў перадачы рэўкому артыл. складоў і інш.ваен. маёмасці б. царскай арміі. Для абароны раёна ад пятлюраўцаў сфарміраваў з палескіх паўстанцаў 3 палкі (каля 3 тыс.чал.). Старшыня Ваен. савета камуніст. паўстанцкіх войск Беларусі і Зах. Украіны, чл. Палескага рэўкома (гл.Палескае паўстанне 1918—19). Распрацаваў план разгрому пятлюраўцаў, з часцямі Чырв. Арміі вызваліў Сарны, Корасцень. Загінуў у баі пад Шапятоўкай. Пахаваны ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНОАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны дляпач. апрацоўкі льняной трасты ці саломкі. Аддзяляюць валакно ад кастрыцы і ачышчаюць яго. Выкарыстоўваюцца: мяльна-трапальныя агрэгаты, якія ўключаюць ільнамялкі (размінаюць трасту, прапускаючы яе праз вальцы) і льнотрапальныя машыны (аддзяляюць доўгія валокны ад мятай трасты); трасільныя і кудзелепрыгатавальныя машыны (выдзяляюць кароткае валакно з адходаў трапальных машын). І.м. ўстанаўліваюцца ў закрытых памяшканнях, выкарыстоўваюцца ў паточных ільноапрацоўчых лініях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСЦЬ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
колькасць спосабаў, пры дапамозе якіх можа быць рэалізаваны пэўны стан фізічнай сістэмы.
У тэрмадынаміцы стан сістэмы вызначаецца значэннямі шчыльнасці, ціску, т-ры і інш. вымерных велічаць, т. зв. параметраў стану, якія характарызуюць сістэму ў цэлым (макрастан). Канкрэтны макрастан сістэмы можа рэалізавацца мноствам спосабаў (мікрастанаў), якія адрозніваюцца класічным ці квантавым размеркаваннем часціц сістэмы па каардынатах, імпульсах і энергіях. У адрозненне ад матэм. імавернасці Р (Р≤1), І.т. W≥1. Сувязь паміж І.т. і энтрапіяй выражаецца Больцмана прынцыпам. І.т. выкарыстоўваецца ў статыстычнай фізіцы для вызначэння характарыстык сістэмы, якая знаходзіцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ ЛЯ́МПА,
від газаразрадных крыніц святла з кароткачасовымі светлавымі імпульсамі (успышкамі) высокай інтэнсіўнасці. Дзеянне Іл. заснавана на свячэнні плазмы пры іскравым разрадзе кандэнсатара ў інертным газе або пры згаранні алюм. ці магніевай фольгі ў кіслародзе. У адрозненне ад крыніц святла неперарыўнага дзеяння мае больш высокую т-ру плазмы (да 30 000 K) і большую шчыльнасць току, у выніку чаго пікавая яркасць дасягае 3∙1011 кд/м², сіла святла — 108 кд. Выкарыстоўваецца для фота- і кіназдымкі Лямпа-ўспышка), аптычнай лакацыі, светлавой сігналізацыі, аптычнай напампоўкі лазераў, у аўтаматыцы і тэлемеханіцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.Гаўрук, В.Нікіфаровіч, Т.Цулукідзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНБРЫ́ДЗІНГ (англ. inbreeding ад in у, унутры + breeding развядзенне),
скрыжаванне блізкароднасных паводле паходжання арганізмаў. Адна з найб. цесных форм І. — самаапладненне, уласцівае прыблізна 1/3 усіх культ. раслін (пшаніцы, ячменю, цытрусавым і інш.). У жывёл і перакрыжаванаапыляльных раслін працяглы І. вядзе да павелічэння гомазіготнасці патомства ў папуляцыі, генет. дыферэнцыяцыі зыходнага матэрыялу, зніжэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці; магчыма ўзнікненне выродстваў або гібель патомства. У раслінаводстве І. наз. інцухтам. У селекцыі І. выкарыстоўваюць для атрымання самаапыляльных (інбрэдных), ці інцухтліній, стварэння роднасных форм, гомазіготных па адной або некалькіх каштоўных прыкметах, як этап селекцыі на гетэрозіс. Процілегласць І. — аўтбрыдзінг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́НЦЫЯ (ад лац. inventio знаходка, вынаходніцтва),
невялікая 2—3-галосая музычная п’еса, звычайна імітацыйнага складу. Упершыню тэрмін «І.» выкарыстаў франц. кампазітар К.Жанекен (16 ст.). І. — твор, у якім выразна рэалізуецца пэўная кампазіцыйна-тэхн. ідэя. Найб. вядомы 15 двух- і 15 трохгалосых «сінфоній» І.С.Баха. Іх будова арыентавана на тагачасныя тыпы 2- і 3-часткавай формы з істотнымі прыкметамі фугі. У 20 ст. І. пісалі М.Бутынг, Б.Марціну, А.Берг. І. могуць уваходзіць і у цыкл («Поліфанічны сшытак» Р.Шчадрына) ці складаць яго «12 І.» (Б.Цішчанкі для аргана); маюць пед. ці канцэртнае прызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),
арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сцьсінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ПАКУПНО́Й ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
паказчык, што характарызуе колькасць тавараў і платных паслуг, якія можна набыць за адну грашовую адзінку пры дадзеным узроўні цэн на тавары і тарыфаў на паслугі. Адваротная велічыня індэкса цэн. Калі індэкс цэн на тавары і тарыфаў на паслугі зніжаецца, то І.п.з. павялічваецца, і наадварот. Ён адлюстроўвае змену намінальнага кошту грашовай адзінкі (кошту, пазначанага на грашах) з улікам змены цэн і тарыфаў. Умовамі павелічэння і замацавання пакупной здольнасці рубля з’яўляюцца ўстанаўленне правільных суадносін паміж попытам і прапановай, вытворчасць тавараў і паслуг, неабходных для задавальнення бягучых патрэб грамадства, эфектыўнае дзярж. рэгуляванне грашовага прапанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКУБА́ЦЫЯ (ад лац. incubatio выседжванне яец),
1) час развіцця зародка ў яйцы.
2) Штучнае вывядзенне маладняку с.-г. птушкі з яец у інкубатарах, гусеніц з грэны тутавага шаўкапрада ў спец. будынках (інкубаторыях), моладзі рыб з аплодненай ікры ў вадаёмах або рыбаводных (інкубацыйных) апаратах. Пры штучнай І. ствараецца спец. рэжым (т-ра, вільготнасць паветра, асвятленне, вентыляцыя), спрыяльны для развіцця зародка. У птушкагадоўлі вядома з глыбокай старажытнасці, практычна выкарыстоўваюць з канца 19 ст. 3) Скрытае, без знешніх праяўленняў размнажэнне і развіццё ў арганізме хваробатворных мікраарганізмаў; час гэтага працэсу да з’яўлення першых знешніх сімптомаў захворвання наз. інкубацыйным, ці латэнтным, перыядам.