ЖА́РСКІ (Іван Міхайлавіч) (н. 7.7.1944, в. Вярбіцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. хімік-неарганік. Канд. хім. н. (1975), праф. (1990). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1987 рэктар). Навук. працы па электрахіміі, газавай электронаграфіі, мікрахвалевай спектраскапіі. Распрацаваў і ўкараніў тэхналогію ачышчэння прамысл. сцёкавых вод гальванічных вытв-сцей. Аўтар першага на бел. мове падручніка для вышэйшай школы «Асновы агульнай хіміі» (1995, з Г.​І.​Новікавым).

Тв.:

Физические методы исследования в неорганической химии М., 1988 (разам з Г.​І.​Новікавым).

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖГУТАНО́ГІЯ (Pedipalpi),

трупа павукападобных. 3 атр.: тэліфоны (Uropygi), тартарыды, або схізапельтыдыі (Taptarides, або Schizopeltidia), фрыны (Amblypygi). 31 род, каля 150 відаў. Пашыраны ў вільготных трапічных лясах. Жывуць пад паваленымі дрэвамі, камянямі, у мурашніках і інш.

Даўж. да 75 мм. Цела цвёрдае, цёмнае, чырванаватае або жаўтаватае. Ногі доўгія, лапкі з 2 кіпцюркамі або прысоскамі. Пярэднія ногі даўжэйшыя за астатнія, выцягнутыя ў жгуты (адсюль назва) без кіпцюркоў, выкопваюць ролю вусікаў. Лёгкіх 2 пары. Рыюць норкі даўж. да 0,5 м. У многіх ёсць анальныя залозы, якія выдзяляюць едкі сакрэт для абароны. Начныя драпежнікі. Кормяцца насякомымі, мнаганожкамі, чарвямі, слізнякамі.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОРЖ (George; сапр. Веймер; Weimer) Маргерыт Жазефін

(23.2.1787, г. Баё, Францыя — 11.1.1867),

французская актрыса. Вучылася ў драм. актрысы Ракур. У 1802—08, 1813—18 выступала ў т-ры «Камеды Франсэз». Выконвала ролі ў класіцысцкіх трагедыях: Герміёна, Раксана, Клітэмнестра («Андрамаха», «Баязет», «Іфігенія ў Аўлідзе» Ж.​Расіна), Клеапатра, Медэя («Радагюна», «Медэя» Б.​Карнеля), Меропа, Семіраміда (аднайм. п’есы Вальтэра) і інш. Яе мастацтва адлюстроўвала позні перыяд у развіцці класіцызму з характэрнай для яго знешняй пампезнасцю, дэкаратыўнасцю. З 1822 у т-ры «Адэон», у 1830-я г. — адначасова і ў т-ры «Порт-Сен-Мартэн». У 1849 пакінула сцэну.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРБА́ (Янка) (сапр. Івашын Іван Якаўлевіч; 30.4.1881, в. Купніна, цяпер у межах г. Чашнікі Віцебскай вобл. — 7.1.1964),

бел. паэт. Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1909). Настаўнічаў на Украіне і ў Беларусі. З 1902 друкаваў этнагр. нарысы ў газ. «Витебские губернские ведомости». Першы верш на бел. мове «На беразе Дзвіны» апубл. ў 1909 у «Нашай ніве». У лепшых вершах зб. «Заранкі» (1924), «Ясныя шляхі» (1959) — лірызм, нар.-песенныя матывы, некаторыя залішне рацыяналістычныя. Для дзяцей напісаў кнігі «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959).

Тв.:

Вершы. Мн., 1970;

Роднае. Мн., 1980;

Мая песня. Мн., 1984.

Я.Журба.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,

смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).

Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц. т-ва «Лесахімік».

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРАРДО́Н ((Girąrdon) Франсуа) (17.3.1628, г. Труа, Францыя — 1.9.1715),

французскі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Труа, потым у Рыме ў Л.Берніні (да 1650), зазнаў уплыў барока. З 1657 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (праф. з 1659). Майстар манум.-дэкар. скульптуры. Аўтар скульпт. груп («Апалон і німфы», 1666—76, «Выкраданне Празерпіны», 1699, і інш.) і дэкар. ваз для палаца і парку ў Версалі, грабніцы кардынала Рышэлье ў царкве Сарбоны (1675—94), коннай статуі Людовіка XIV на Вандомскай пл. ў Парыжы (1683—99; разбурана ў 1792), шэрагу партрэтных бюстаў.

Ф.Жырардон. Апалон і німфы 1666—76.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),

бел. мовазнавец. Канд. пед. н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел. літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.​Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.​Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.​Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.​Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).

І.​К.​Германовіч.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́АНЕНСКАЯ ПАРО́ДА коз.

Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.

Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.

Каза зааненскай пароды.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДНЯШЧЭ́ЛЕПНЫЯ (Opisthobranchia),

падклас бруханогіх малюскаў. 12 атр., па інш. сістэме 5. Каля 13 тыс. відаў. Пашыраны на розных глыбінях Сусветнага ак., некат. ў прэсных водах. Большасць жыве на марскім дне, на пясчаным або глеістым грунце. Найб. вядомыя З.: актэон (Actaeon tornatilis), марскі заяц (Aplysia depilans), куклянка-парасон (UmbreÚa mediterranea) і інш.

Цела выцягнутае, пляскатае. Нага часта відазмененая, яе бакі могуць разрастацца ў крылападобныя лопасці (параподыі) для плавання. Па баках спіны часта скурныя нарасці (другасныя шчэлепы). Мантыйны комплекс ссунуты назад на правым баку цела (адсюль назва). Гермафрадыты. У большасці развіццё праз планктонную лічынку (велігер). Драпежнікі і расліннаедныя.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗЕ́КА (Язэп) (Іосіф Васілевіч; 24.6.1907, в. Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1977),

бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1949). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1936). У Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Працаваў у Адэскім пед. ін-це (1949—52), БДУ (1952—73). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў апавяданняў «Рукою ворага» (1932) і нарысаў) «Партызанскія сцежкі» (1959), кніг для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч»(1972). Збіраў і даследаваў бел. фальклор. Укладальнік зб-каў партыз. творчасці «Песні барацьбы» (1946, з М.​Меяровіч і С.​Карабанам), «Лясныя песні» (1970, 2-е выд. 1974).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)