ГЛІ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1776, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 17.4.1847),
расійскі пісьменнік, журналіст. Брат Ф.М.Глінкі. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1795). Выдаваў час. «Русский вестник» (1808—20 і 1824). У 1827—30 цэнзар Маск. цэнзурнага к-та. Аўтар гіст. п’ес «Наталля, баярская дачка» (1806), «Міхаіл, князь Чарнігаўскі» (1808), «Мінін» (1809), «Асада горада Палтавы, або Клятва палтаўскіх жыхароў» (1810); паэм «Пажарскі і Мінін» (1807), «Царыца Наталля Кірылаўна» (1809); «Рускай гісторыі» ў 14 ч.; вершаў, гіст. і павучальных аповесцей і інш.Апубл. «Запіскі пра 1812 год» (1836), «Запіскі пра Маскву і пра замежныя здарэнні ад канца 1812 да палавіны 1815 г.» (1837). Гісторыю свайго жыцця апісаў у «Запісках» (выд. 1895).
Літ.:
Вяземский П.А. С.Н.Глинка. СПб., 1847;
Аксаков С.Т. Литературные и театральные воспоминания // Собр. соч.М., 1986. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМЫРА́К (Лявон) (сапр.Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,
помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСІЁД (Hēsiodos),
старажытнагрэчаскі паэт 8—7 ст. да н.э. Большую ч. жыцця пражыў у Аскры (вобл. Беотыя). Для сваіх паэм абраў форму эпічнага гекзаметра і мову гамераўскага гераічнага эпасу. У «Тэагоніі» («Радаслоўная багоў») выклаў гісторыю стварэння свету з хаосу, генеалогію багоў і паслядоўнасць трох дынастый, апошняя з якіх прадстаўлена ў рацыянальным уладкаванні свету Зеўсам. У дыдактычнай паэме «Дні і турботы» спалучыў разам практычныя парады, жыццёвую мудрасць, сял. каляндар і міфалагічныя ўстаўкі, у т. л. міф пра Праметэя. Услаўляючы сумленную працу сялян, выкрываў сац. няроўнасць, адстойваў ідэю справядлівасці як вышэйшы эстэт. прынцып. Фрагментарна захаваўся твор «Шчыт Геракла», т.зв. «Эоя», — каталог жанчын-прамаці знатных родаў.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Эллинские поэты в переводах В.В.Вересаева. М., 1963;
Античная литература: Греция: Антология. Ч. 1—2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб.шыр. 3,2 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́ЕНКАЎ (Алег Мікалаевіч) (н. 21.9.1958, г. Спас-Дземенск Калужскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1997 гал. рэдактар рэдакцыі муз. і забаўляльных праграм Бел. тэлебачання. Працуе ў розных жанрах. Яго сімф. музыцы ўласціва спалучэнне прыёмаў скразнога развіцця з канцэртаваннем, стылістыкі барока і класіцызму з сучаснай кампазіцыйнай тэхнікай. Сярод твораў: кантата «Купалаў час» на словы Я.Купалы (1982); сімфоніі — 1-я і 3-я (1980, 1986), камерныя 2-я і 4-я (1981, 1986); «Дывертысмент» і «Камерная музыка» для стр.арк.; камерна-інстр. творы, у т. л. санаты, санаціна, «Варыяцыі» для цымбалаў (1990); п’есы для рок-гурта, біг-бэнда і спрынг-бэнда; песні на словы бел. і інш. паэтаў; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). У 1940—47 на пед. працы ва ўстановах нар. адукацыі, у 1948—57 у Маладзечанскім настаўніцкім ін-це і Маладзечанскім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў. Пасля выхаду на пенсію па зроку (1957) пачаў займацца н.-д. дзейнасцю. Гал. тэмы — гісторыя Беларусі 9—14 ст. і бел.л-ра. Даследуе пытанні засялення слав. плямёнамі Усх. Еўропы, этнагенез беларусаў, паліт. гісторыю стараж. зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Навагрудская і інш.), праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш.Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.
Тв.:
Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;