ІДЫЯМАРФІ́ЗМ (адгрэч. idios свой, своеасаблівы + грэч. morphe форма),
уласцівасць зерняў мінералаў прымаць пры крышталізацыі толькі ім характэрныя крышталеграфічныя рысы (агранку). Найб. выражаны І. у мінералаў, што крышталізуюцца на пачатковай стадыі фарміравання горных парод з лёгкарухомага асяроддзя (расплаваў, гідратэрмальных раствораў), або ў мінералаў з вельмі высокай крышталізацыйнай уласцівасцю (метакрышталі), якая ўзнікае ў цвёрдым асяроддзі нават на позняй стадыі фарміравання горных парод, асабліва метамарфічных. Ідыяморфныя мінералы: палявыя шпаты, кварц, пірыт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАГА́МІЯ (адіза... + ...гамія),
тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯЦЫЯНІ́ЗМ,
палітыка дзярж. замкнёнасці, адмовы ад удзелу ў пераадоленні міжнар. канфліктаў. Тэрмін з’явіўся ў ЗША у сярэдзіне 19 ст. для абазначэння кірунку знешняй палітыкі, заснаванай на ідэі неўмяшання ва ўзбр. канфлікты на тэр. Еўропы. У наш час тэрмін «І.» разумеецца ў больш шырокім сэнсе. У выглядзе санкцый і інш. захадаў ён выкарыстоўваецца з мэтай эканам. і паліт. націску на асобныя краіны ў палітыцы міжнар. ін-таў, арг-цый і некат. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДРАЦЯ́НІКІ,
лічынкі жукоў сям. чарнацелак і пылкаедаў, шкоднікі многіх с.-г. культур. Названы так за вонкавае падабенства да драцянікаў. У адрозненне ад іх у І. развітая верхняя губа, пярэднія ногі даўжэйшыя і таўсцейшыя за сярэднія і заднія; у лічынак чарнацелак цела знізу пляскатае, у пылкаедаў — цыліндрычнае. Найб. небяспечныя: павольнік пясчаны, чарнацелка кукурузная, пылкаед гарчычны і інш.
Да арт.Ілжэдрацянікі. Павольнік пясчаны: 1 — жук; 2 — пашкоджаныя ім усходы; 3 — лічынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНЯНЫ́ АЛЕ́Й,
тлусты алей, які атрымліваюць з ільнянога семя прасаваннем ці экстракцыяй арган. растваральнікамі. Вадкасць ад залаціста-жоўтага да бурага колеру, шчыльн. 926—936 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе. Хутка высыхае, дае гладкую, сухую, бліскучую плёнку, якая не плавіцца пры награванні да 260 °C. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакосту, алкідных смол, сікатыву, алейных лакаў, мяккіх гатункаў мыла; у медыцыне для прыгатавання мазей; у некат. краінах як харч. прадукт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮВІЯ́ЛЬНЫ ГАРЫЗО́НТ,
глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш.Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб.ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕДА́НС (англ. impedance адлац. impedio перашкаджаю),
1) у акустыцы — комплекснае супраціўленне, якое ўводзіцца пры разглядзе ваганняў акустычных сістэм. Роўнае адносінам комплексных амплітуд гукавога ціску да аб’ёмнай вагальнай скорасці. Вымяраецца ў т.зв. «акустычных омах» (Па∙с/м³). Паняццем І. карыстаюцца пры вывучэнні распаўсюджання гуку ў трубах пераменнага дыяметра, рупарах і інш., пры даследаванні акустычных уласцівасцей выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку.
2) У электратэхніцы — устарэлая назва поўнага супраціўлення эл. ланцуга. Гл.Электрычнае супраціўленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТАЛІ́ЗМ,
кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі, які разглядае навук. паняцці, гіпотэзы, тэорыі як інструменты, неабходныя для паспяховай тэарэт. і практ. арыентацыі чалавека ў яго ўзаемадзеянні з прыродай і грамадствам. Звязаны з прагматызмам, аперацыяналізмам і канвенцыяналізмам. Пазнанне лічыць інструментам, які людзі адвольна выкарыстоўваюць у сваіх мэтах незалежна ад ісціннасці пазнання. Разгорнутую канцэпцыю І. сфармуляваў Дж.Дзьюі. Ідэі І. зрабілі ўплыў на пазіцыі вучоных Г.Кірхгофа, Г.Герца, П.У.Брыджмена, А.Эдынгтана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЛІ́ЗМ (адлац. internus унутраны),
метадалагічны кірунак у гісторыі і філасофіі, які прызнае рухаючай сілай развіцця навукі ўнутраныя, інтэлектуальныя (філас., уласна навуковыя) фактары. Узнік у канцы 1930-х г. як рэакцыя на экстэрналізм (крыніца развіцця навук. ідэй — сац.-эканам. ўмовы і фактары). Асн. прадстаўнікі — А.Кайрэ, А.Р.Хол, М.Б.Хол, І.Б.Коэн, Дж.Рэндэл. Адзін з вытокаў гіст. школы ў метадалогіі навукі. Крайняя форма І. — метадалогія пазітывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАА́КС ((Isaacs) Хорхе) (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),
калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.