від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—Hδ+... Bδ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—Hδ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.
Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́ГАР (Ahaggar),
Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 ммза год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,
абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,
палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзамза гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Йімя Ф.К.Багушэвіча.
Засн. ў 1952, адкрыты ў 1955 у г.п. Ашмяны Гродзенскай вобласці. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена ў 1953. Пл. экспазіцыі 236 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду 11—16 ст., манеты 18—19 ст., нар. адзенне, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, вырабы нар. майстроў, дакументы і фотаздымкі з гісторыі Ашмяншчыны. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гіст. і рэв. падзей М.С.Арэхву, Г.Дэмбінскага, А.Снядэцкага і інш. Асобная зала прысвечана жыццю і літ. дзейнасці Ф.Багушэвіча (асабістыя рэчы, выданні яго твораў, фотаздымкі родных і блізкіх, макет дома ў Кушлянах і інш.). У музейнай б-цы (каля 1,5 тыс.экз. кніг) рэдкія і каштоўныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВАЎНАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40°паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс.т пры агульным імпарце 31,1 тыс.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́ЦЬКАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).
У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял.Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад.АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.Гарэцкага.
Да арт.Багацькаўка. Хата Гарэцкіх у бы-лой в. Малая Багацькаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРА́НЫ (Іван) (сапр.Лазавяга Іван Паўлавіч; 2.10.1907, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна — 25.8.1963),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1926—28). У 1932 рэпрэсіраваны і да 1940 у турмах і лагерах. У 1945 эмігрыраваў у ФРГ. Аўтар паэм «Манголія» (1927), «Ave Maria» (1929), рамана ў вершах «Скелька» (1930), зб. вершаў «Залаты бумеранг» (1946). Дыяпазон яго паэзіі ад элегічнай лірыкі да вострай сатыры. Раманы «Звераловы» (1944, «Тыграловы», 1946—47), «Сад Гефсіманскі» (1950), «Вогненнае кола» (1953), п’есы «Марытуры», «Генерал» (1947), «Разгром» (1948) пра цяжкі лёс укр. народа ў перыяд сталінскага таталітарызму, пакутнікаў ГУЛАГа, барацьбітоў за незалежнасць Украіны. Аўтар памфлета «Чаму я не хачу вяртацца ў СССР?» (1946).