раздзел біялогіі, што вывучае працэсы, якія адбываюцца ў жывёльных і расл. арганізмах пад уздзеяннем бачнага, ультрафіялетавага і блізкага інфрачырвонага выпрамянення.
Пачала развівацца ў 18—19 ст. з адкрыццём фотасінтэзу, распрацоўкай асноў тэорыі каляровага зроку, вывучэннем прыродных з’яў. звязаных з удзелам святла (фотаперыядызм, фотатаксісы і інш.). Як навука Ф. сфарміравалася ў 2-й пал. 20 ст.Фіз. аснова — квантавая тэорыя выпрамянення. Дасягненні ў Ф. звязаны з працамі А.М.Цярэніна, А.А.Красноўскага і іх школ у галіне спектраскапіі, фотахіміі арган. малекул і фотасінтэзу.
На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў БДУ і БСГА М.М.Гайдуковым (1924) і Ц.М.Годневым (1927). Асн.навук. цэнтры: Ін-ты фотабіялогіі, фізікі, эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі, БДУ, БСГА. Уклад у развіццё Ф. зрабілі І.Дз.Валатаўскі, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, Г.П.Гурыновіч, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.В.Конеў, К.М.Салаўёў, А.А.Шлык і інш. Даследаванні накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэзу с.-г. раслін, выкарыстанне сонечнага святла як сродку энергіі, лазернага выпрамянення для лячэння захворванняў чалавека, стварэнне штучных сістэм на аснове прынцыпаў фотабіял. з’яў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭЛЕМЕ́НТ,
фотаэлектронная прылада, у якой пры паглынанні аптычнага выпрамянення ўзнікае электрарухальная сіла (фотаэрс) ці эл. ток (фотаток).
Адрозніваюць вакуумныя і газанапоўненыя Ф., дзеянне якіх заснавана на знешнім фотаэфекце, і паўправадніковыя — на ўнутр. фотаэфекце. У вакуумных Ф. светлавы паток выклікае фотаэлектронную эмісію з паверхні фотакатода, у выніку пры замыканні ланцуга Ф. ў ім узнікае фотаток, прапарцыянальны светлавому патоку. Для газанапоўненых Ф. (у адрозненне ад вакуумных) характэрна нелінейная залежнасць фотатоку ад інтэнсіўнасці святла. У паўправадніковых Ф. (на аснове селену, крэмнію, арсеніду галію і інш.) пры паглынанні аптычнага выпрамянення павялічваецца колькасць рухомых носьбітаў зараду — электронаў і дзірак, якія прасторава раздзяляюцца эл. полем p-n-пераходу ці кантакту метал-паўправаднік, што прыводзіць да ўзнікнення фотаэрс. Выкарыстоўваюцца як прыёмнікі аптычнага выпрамянення (у т. л. бачнага святла) у аўтам. кантрольнай і вымяральнай апаратуры, у фота- і кінатэхніцы, факсімільнай сувязі і інш.; паўправадніковыя Ф. — таксама для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную (у сонечных батарэях, фотаэл. генератарах).
Р.М.Шахлевіч.
Схемы фотаэлементаў са знешнім (1) і ўнутраным (2) фотаэфектам: K — фотакатод; Φ — светлавы паток; A — анод; RH — нагрузка; E — крыніца пастаяннага току; n і p — вобласці паўправадніка з донарнай і акцэптарнай дамешкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада, дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магнітнага поля току, што вымяраецца і працякае ў нерухомым правадніку (эл. шпулі), з рухомым (або адным рухомым і другім нерухомым) стрыжнем з магнітамяккага матэрыялу. Выкарыстоўваюцца як шчытавыя і пераносныя прылады для вымярэння пераважна эл. напружанняў і сіл токаў прамысл. частаты (вальтметры, амперметры).
Найб. пашыраныя Э.в.п. з плоскай і круглай нерухомымі шпулямі, з замкнутым магнітаправодам. У першых пры праходжанні току праз шпулю ў яе зазор уцягваецца ферамагн. стрыжань, які паварочвае стрэлку. У прылад з круглай шпуляй рухомы і нерухомы стрыжні пры праходжанні току па шпулі намагнічваюцца і адштурхоўваюцца; рухомы стрыжань разам са стрэлкай паварочваецца на адпаведны вугал. Э.в.п. простыя па канструкцыі, надзейныя, устойлівыя да перагрузак, але невысокай адчувальнасці і са значным спажываннем энергіі. Ад уплыву вонкавых магн. палёў ахоўваюцца ферамагн. экранам або выкарыстаннем астатычнага вымяральнага механізма. Выпускаюцца таксама эл.-магн.частатамеры з лагаметрычным вымяральным механізмам (гл.Лагометр).
У.М.Сацута.
Схемы электрамагнітных вымяральных прылад а і б — з плоскай і круглай шпуляй; в — з замкнёным магнітаправодам; 1 — шпуля; 2 — рухомы асяродак; 3 — вось; 4 — паветраны заспакойвальнік; 5 — нерухомы асяродак; 6 — вадкасны заспакойвальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНЫЯ ХВА́ЛІ,
узбурэнні электрамагнітнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю (гл.Фазавая скорасць). Існаванне Э.х. прадказаў М.Фарадэй у 1832, Дж.К.Максвел у 1865 тэарэтычна даказаў, што эл.-магн. ваганні распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла, а Г.Герц у 1888 эксперыментальна пацвердзіў іх існаванне.
Э.х., акрамя некаторых спец. выпадкаў, — папярочныя хвалі: у кожным пункце поля Э.х. вектары напружанасці эл. поля і магн. індукцыі узаемаперпендыкулярныя і плоскасці іх ваганняў перпендыкулярныя да напрамку скорасці іх распаўсюджвання. Заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання Э.х. апісваюцца Максвела ўраўненнямі. У залежнасці ад частаты ваганняў (або даўжыні хвалі ў вакууме) адрозніваюць: аптычнае выпрамяненне, гама-выпрамяненне, радыёхвалі і інш. (гл.Шкала электрамагнітных хваль). Перанос энергіі Э.х. характарызуецца Пойнтынга вектарам. На мяжы падзелу двух асяроддзяў адбываецца адбіццё і пераламленне Э.х., а пры іх распаўсюджванні ў асяроддзі магчымы з’явы дысперсіі хваль, дыфракцыі хваль, інтэрферэнцыі хваль, а таксама паглынання хваль і рассеяння хваль.
Літ.:
Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;
Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;
Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́ДЗЕРНАЯ ЗІМА́»,
гіпатэтычны сцэнарый глабальнага змянення клімату Зямлі ў выпадку буйнамаштабнай ядзернай вайны. Тэрмін «Я.з.», які ўвёў у пач. 1980-х г.амер. астрафізік К.Саган, абазначае рэзкае падзенне сярэдняй т-ры зямной паверхні з-за выкідаў вял. колькасці ядзерных боепрыпасаў.
На аснове камп’ютэрнага мадэліравання магчымай ядз. вайны вызначана, што з-за выбухаў і пажараў у атмасферу будуць падняты сотні мільёнаў тон дыму, пылу, дробных часцінак, якія праз некалькі тыдняў з прычыны глабальнай цыркуляцыі атмасферы шчыльнай заслонай закрыюць Паўн. і часткова Паўд. паўшар’і Зямлі. Колькасць сонечнай энергіі, што падае на зямную паверхню. паменшыцца ў некалькі дзесяткаў разоў. У выніку настане «ядзерная ноч» і. як вынік. «Я.з.». Паводле разлікаў адбудзецца значнае і працяглае паніжэнне т-ры паверхні Зямлі на 15 °C (да 40 °C у розных рэгіёнах). У выніку гэтага не паспеюць прыстасавацца і загінуць шматлікія расліны. жывёлы і ўсе птушкі, што прывядзе да амаль поўнага разбурэння існуючых экасістэм. Працэс ачышчэння атмасферы будзе ісці месяцы і нават гады. але яна не вернецца ў першапачатковы стан. У наш час. па ацэнках шэрагу экспертаў, у выніку значнага скарачэння ў свеце ядзернай зброівял. магутнасці, а таксама стварэння высокадакладнай зброі меншай магутнасці. «Я.з.» немагчыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАГА́М (Abragam) Анатоль (н. 15.12.1914, Масква),
французскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па ядз. магнетызме. Чл. Парыжскай АН (1973). Замежны член Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1974), Нац.АН ЗША (1977), Лонданскага каралеўскага т-ва (1983). Маці нарадзілася на Беларусі. Скончыў Парыжскі (1936) і Оксфардскі (1950) ун-ты. У 1947—80 у Камісарыяце па атамнай энергіі. Адначасова з 1960 у Калеж дэ Франс. У 1967 прэзідэнт Франц.фіз.т-ва, у 1977—80 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. магнетызме, фізіцы кандэнсаванага стану, фізіцы паскаральнікаў. Адкрыў дынамічную ядз. палярызацыю (солід-эфект; з амер. фізікам У.Проктарам, 1958), ядз. антыферамагнетызм (1970) і ядз. прэцэсію нейтронаў (1973). Прапанаваў метад пабудовы (1958) і стварыў палярызаваную пратонную мішэнь. Эксперыментальна пацвердзіў канцэпцыю спінавай т-ры і яе ідэнтычнасць тэрмадынамічнай т-ры (1957—58). Медаль Лорэнца (1982). Вялікі залаты медаль Ламаносава Рас.АН (1995).
Тв.:
Рус.пер. — Ядерный магнетизм. М., 1963;
Электронный парамагнитный резонанс переходных ионов. Т. 1—2. М., 1972—73 (разам з Б.Бліні);
Ядерный магнетизм: порядок и беспорядок. Т. 1—2. М., 1984 (з М.Гольдманам);
Время вспять, или Физик, физик, где ты был. М. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,
Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-тядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага (з 1986 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар.час. «Heat and Mass Fransfer» і амер.час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц. тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым. даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМСССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.П.Валошын (дырэктар у 1952—56), акад.АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,
паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш.хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЫНА́МІКА (ад геа... + дынаміка),
навука аб глыбінных сілах і працэсах, якія ўзнікаюць пры эвалюцыі планеты Зямля; раздзел геафізікі. Даследуе рух рэчыва і энергіі ўнутры Зямлі, змяненні складу і будовы яе знешніх абалонак, механізм руху літасферных пліт, дынамічныя ўмовы ўздоўж іх граніц (разрывы мацерыковых глыб у зонах расцяжэння, насовы, падсовы і складкавасць у зонах сціскання) і звязаныя з імі тэктанічныя, сейсмічныя, магматычныя і метамарфічныя працэсы. Геадынаміка цесна звязана з геалогіяй, геахіміяй, петралогіяй, тэктонікай і інш. Па даных геадынамікі можна прагназаваць размяшчэнне мацерыкоў на Зямлі праз дзесяткі мільёнаў гадоў.
Геадынаміка пачала адасабляцца ад інш. навук аб Зямлі ў 1950-я г. Асновы яе распрацавалі ням. вучоны А.Вегенер, англ. А.Холмс і Г.Хес, рас. Я.В.Арцюшкоў, У.У.Белавусаў, Л.П.Зоненшайн, В.Я.Хаін і інш. Да 1960-х г. у геадынаміцы панавала ўяўленне аб нерухомасці мацерыкоў (фіксізм), сучаснай тэарэт. асновай з’яўляецца тэктанічная гіпотэза тэктонікі пліт (мабілізм).
На Беларусі праблемы геадынамікі распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Р.Г.Гарэцкі, Р.Я.Айзберг, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў і інш.).
Літ.:
Артюшков Е.В. Геодинамика. М., 1979;
Хаин В.Е., Ломизе М.Г. Геотектоника с основами геодинамики. М., 1995;
Зоненшайн Л.П., Кузьмин М.И. Палеогеодинамика. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯКАНЦЭНТРА́ТАР (ад гелія... + канцэнтратар),
прыстасаванне для канцэнтрацыі сонечных прамянёў на невял. участку паверхні. Павышае шчыльнасць сонечнай радыяцыі ў 102—104 разоў, у месцы факусіроўкі дазваляе дасягнуць т-ры 3000 °C і болей, што дае магчымасць ажыццяўляць высокатэмпературныя тэхнал. працэсы. Выкарыстоўваецца ў геліяўстаноўках.
Складаецца з люстэркаў, увагнутых лінзаў і нясучых канструкцый. Распрацаваны тэхналогіі стварэння паўцвёрдых і надзіманых геліяканцэнтратараў з палімерных празрыстых і металізаваных плёнак. Канфігурацыі факусіруючых сістэм: парабалічныя (у т. л. з другасным адбівальнікам) і парабалацыліндрычныя канцэнтратары, лінзы Фрэнеля. Паверхні люстэркаў геліяканцэнтратара — звычайна фацэтныя перарывістыя і гладкія. Распрацоўка і стварэнне геліяканкэнтратара вядуцца ў Францыі (у 1968 уведзена сонечная печ з геліяканцэнтратарам парабалоіднага тыпу дыяметрам 54 м), Японіі, ЗША, Аўстраліі і інш. Пабудаваны шэраг сонечных энергетычных установак. У 1988 у Крыме пабудавана паратурбінная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт. На Беларусі работы па распрацоўцы сістэм пераўтварэння канцэнтраванай сонечнай энергіі з выкарыстаннем цеплавых труб вядуцца ў акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Гл. таксама Геліятэхніка.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с англ.М., 1981. У.Л.Драгун, С.У.Конеў.