ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,

царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял. кн. ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр. БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.

Літ.:

Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.

В.​Л.​Насевіч, А.​М.​Філатова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ УКРАІ́НЫ (КПЗУ),

палітычная арг-цыя левага кірунку ў Заходняй Украіне ў 1919—38. Засн. ў лют. 1919 на нелегальнай канферэнцыі камуніст. груп Усх. Галіцыі як Камуніст. партыя Усх. Галіцыі (КЛУГ; 182 чл.). У вер. 1919 прынята як асобная секцыя ў Камуністычны Інтэрнацыянал (Камінтэрн); з 1921 аўтаномная арг-цыя ў складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП). У 1923 дзейнасць КПУГ пашырана на Валынь, Холмшчыну, Падляшша, Паўд. Палессе, яна перайменавана ў КПЗУ (1560 чл.). Узначальвала буйныя выступленні ўкр. працоўных супраць сац. і нац. прыгнёту, садзейнічала стварэнню і дзейнасці прафс., левых сял. і маладзёжных арг-цый, у т. л. масавай рабоча-сял. арг-цыі «Сельроб» (1926—32), Камуніст. саюза моладзі Зах. Украіны. Супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Праграма КПЗУ зыходзіла з пазіцый марксізму, пралетарскага інтэрнацыяналізму і інш. З сярэдзіны 1930-х г. паводле рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна партыя (4700 чл. у 1936) праводзіла курс на ўтварэнне нар. фронту супраць пагрозы фашызму і вайны. супрацоўніцтва з с.-д. арг-цыямі, адмовілася ад ранейшай левасектанцкай лініі ў нац.-вызв. руху. Кіруючыя органы: з’езд (адбыліся ў 1921, 1925, 1928, 1936), паміж імі цэнтр. к-т. Кіраўнікі; А.​Г.​Бараль (У.​Саўка), М.​Ц.​Заячкоўскі (Касар), Р.​В.​Іваненка (Бараба), М.​М.​Цяслюк і інш. Легальна і нелегальна выдавала часопісы «Наша правда», «Комуністичний прапор» («Сцяг камунізму»), газеты «Земля і воля», «Світло», «Трибуна робітнича» і інш., адозвы, лістоўкі. У жн. 1938 КПЗУ разам з КПЗБ і КПП на падставе несправядлівага абвінавачання распушчаны Выканаўчым к-там Камінтэрна. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі ў сумеснай заяве прызналі неабгрунтаваным роспуск КПП, КПЗУ і КПЗБ у 1938.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 7, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАПА́ЕЎ (Іван Кірылавіч) (20.4.1905, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.11.1959),

генерал-маёр артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі (1936—39), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, на Бярэзіне ў 1941, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы. За месяц наступальных баёў артылерыя корпуса пад яго камандаваннем знішчыла 106 танкаў і самаходных гармат, 172 мінамёты і гарматы ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.

І.К.Варапаеў.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎКА,

горад у Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. За 1,5 км ад р. Нёман, за 28 км ад Ліды, 7 км ад чыг. ст. Нёман на лініі Ліда—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Лідай і Навагрудкам. 12,8 тыс. ж. (1996). Шклозавод «Нёман». Магіла сав. ваеннапалонных.

У мінулым вёска Лідскага пав. Віленскай губ., побач з якой у 1883 памешчык З.​Ленскі пабудаваў гуту, што пазней стала шклозаводам «Нёман». З 1921 у складзе Польшчы, вёска Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Навагрудскім р-не, цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі. З 15.5.1959 рабочы пасёлак Навагрудскага, з 1962 Лідскага р-наў, э 24.6.1968 — гар. пасёлак, з 21.9.1990 горад.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.

Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ АДЗІНАФРАНТАВЫ́ МІ́ТЫНГ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936 у Заходняй Беларусі.

Адбыўся ў лют. 1936 пад кіраўніцтвам адзінафрантавога к-та, у які ўваходзілі прадстаўнікі гар. арг-цый КПЗБ, ППС, Бунда, «Паалей Цыёна». Удзельнічала 5 тыс. працоўных г. Баранавічы і сялян навакольных вёсак. На мітынгу прадстаўнікі розных паліт. партый гаварылі пра нац. прыгнёт, беспрацоўе, перапоўненыя палітвязнямі турмы, размах забастовачнай барацьбы ў Зах. Беларусі, заклікалі аб’яднацца ў нар. фронт для сумеснай барацьбы супраць наступу рэакцыі і пагрозы новай сусв. вайны. Абвяшчаліся заклікі: «Далоў вайну!», «Мы хочам міру!», «Вызваліць з турмаў палітзняволеных!» і інш. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю пратэсту супраць рэакцыйнай унутр. і знешняй палітыкі ўрада Польшчы, выказаліся за аб’яднанне працоўных у нар. фронт для барацьбы супраць фашызму і вайны.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТЫ́НСКІЯ,

княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),

удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.​Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.​Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1924. Утвораны ў складзе Мінскай губ. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Барысаў. Пл. 10182,5 км², нас. 240 764 чал. (1897). У 1917 павет уключаў 28 валасцей: Бытчанскую, Бягомльскую, Бярэзінскую, Валасевіцкую, Велікадолецкую, Вітуніцкую, Восаўскую, Вяляціцкую, Гайнаслабодскую, Глівінскую, Дзмітравіцкую, Докшыцкую, Зачысцкую, Зембінскую, Кішчынаслабодскую, Красналуцкую, Лагойскую, Лошніцкую, Мільчанскую, Мсціжскую, Плешчаніцкую, Прусавіцкую, Смалявіцкую, Тумілавіцкую, Ухвальскую, Халопеніцкую, Эсьмонскую, Юр’еўскую. У сак. 1921 Докшыцкая, Тумілавіцкая і частка Мільчанскай вол. (2-я частка перайменавана ў Горненскую вол.) адышлі да Польшчы; з Вілейскага пав. ў Барысаўскі павета перададзена Крайская вол. У чэрв. 1924 далучаны Лукомская і Чарэйская вол. са скасаванага Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большая частка валасцей уключана ў Барысаўскую акругу.

т. 2, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)