механізм перадачы вярчальнага руху ад аднаго вала другому з дапамогай зубчастых колаў (або зубчастага кола і рэйкі, чарвяка). Выкарыстоўваюцца як асобныя агрэгаты (рэдуктары, каробкі перадач, дыферэнцыялы і інш.) і як часткі машын і механізмаў.
Адрозніваюць З.п.: з паралельнымі восямі (цыліндрычныя прамазубыя, касазубыя і шаўронныя), з перасякальнымі восямі (канічныя з прамымі, касымі і кругавымі зубамі), з перакрыжаванымі восямі (вінтавыя і гіпоідныя перадачы). З.п. з гнуткім зубчастым колам наз.хвалевай перадачай. З.п. бываюць унутранага і вонкавага счаплення; планетарныя перадачы і радавыя; адкрытыя, паўадкрытыя і закрытыя; адна- і шматступеньчатыя. Вызначаюцца высокім ккдз (0,97—0,99 у аднаступеньчатых), даўгавечнасцю і надзейнасцю. Перадатачны лік звычайна 2—4, часам 8—10 і больш. Гл. таксама Чарвячная перадача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДЫШ,
адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл.Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводле фанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб.стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.
Літ.:
Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Н (Citrullus),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.
К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ХСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчакская група). Дзярж. мова Казахстана. Пашырана таксама на сумежных тэрыторыях Кітая, Манголіі, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Дыялектнае чляненне невыразнае. У фанетыцы — сінгарманізм слова; 9 галосных. У граматыцы побач з агульнацюркскай асновай прадстаўлены спецыфічны дзеяслоўны афікс -атын(-етін-), шырока выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікавыя канструкцыі. У лексіцы нешматлікія араба-іранскія і манг. запазычанні, рус. запазычанні, 19—20 ст. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 19 ст.Літ. мова сфарміравалася на аснове агульнанар. у 19 ст. Пісьменства спачатку на аснове араб. графікі, з 1930 — на лац., з 1940 — на рускай.
Літ.:
Современный казахский язык. Ч. 1. Лексика. Алма-Ата, 1959;
Современный казахский язык: Фонетика и морфология. Алма-Ата, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, адваротная паказальнай функцыі; адна з асн.элементарных функцый. Вызначаецца формулай y = lnx Значэнне y Л.ф., адпаведнае значэнню аргумента x, наз. натуральным лагарыфмам ліку x. Графік Л.ф. наз. лагарыфнікай.
У матэм. аналізе разглядаюцца Л.ф. віду y = logax, звязаныя з y = lnx (асноўнай) суадносінамі logax = lnx/lna пры a > 0, a ≠ 1. Іх асн. ўласцівасці вынікаюць з уласцівасцей паказальнай функцыі і лагарыфма Л.ф. ў вобласці сапраўдных лікаў вызначана толькі для дадатных х, у вобласці камплексных лікаў — для любых сапраўдных і камплексных лікаў. Графік Л.ф. logax сіметрычны графіку паказальнай функцыі y = ax адносна восі Ox, праходзіць праз пункт (1, 0) і асімптатычна набліжаецца да восі Oy.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПТА́,
руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.
Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НАВА (Настасся Фамінічна) (10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),
маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну; малодшаму з іх П.І.Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.