АСКЕТЫ́ЗМ (ад грэч. askētes які практыкуецца ў чым-н.; падзвіжнік),
маральны прынцып, які прадугледжвае строгі лад жыцця, добраахвотнае адмаўленне ад матэрыяльных дабротаў, абмежаванне і прыглушэнне пачуццёвых жаданняў дзеля маральнага самаўдасканалення ці здзяйснення якіх-небудзьсац. ідэалаў. Паводле значэння проціпастаўляецца геданізму, эўдэманізму, эпікурэізму. Доўгі час тэарэт. абгрунтаванне і практычнае ўвасабленне аскетызму звязвалі з рэліг. светапоглядам (напр., у хрысціянстве — манаства). Аскетызм уласцівы і розным сац. формам пратэсту; часам разглядаўся як найважнейшая ўмова для мабілізацыі фізічных і духоўных сіл асобы ў барацьбе за ідэі роўнасці і справядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
сукупнасць аднародных у якіх-небудзь адносінах адзінак, вылучаных на падставе адной або некалькіх прыкмет групавання з мэтай далейшага аналізу. Напр., група людзей, сфарміраваная на аснове адной (узрост) або некалькіх (узрост, пол, адукацыя) прыкмет. Прыкметы групавання могуць быць колькасныя (напр., узровень даходаў) і якасныя (выражаны ў выглядзе паняццяў, напр., прафесія). Спосабы групавання бываюць простыя (па адной прыкмеце), камбінаваныя (па 2 і болей спалучаных прыкмет), структурныя (выяўляюць структуру аднароднай сукупнасці, напр., насельніцтва), тыпалагічныя (вылучаюць у сукупнасці аднаякасныя тыпы, напр., тыпы сям’і).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАГРА́МА (ад грэч. histos, тут слупок + ...грама),
слупковая дыяграма, від графічнага адлюстравання статыстычнага размеркавання якой-небудзь велічыні па колькаснай прыкмеце. Будуецца як сукупнасць сумежных прамавугольнікаў на адной прамой, плошча кожнага з якіх прапарцыянальная частаце знаходжання дадзенай велічыні ва ўсёй сукупнасці. У некаторых выпадках гістаграму можна лічыць шуканай функцыяй шчыльнасці размеркавання імавернасцей (гл.Матэматычная статыстыка). Выкарыстоўваецца ў апрацоўцы фіз. інфармацыі для выдзялення сігналу з шуму, пры аўтам. распазнаванні вобразаў, для скарачэння аб’ёму даных і інш.
С.У.Доўнар.
Гістаграма размеркавання дыяметра дэталей: а — інтэрвал групоўкі 0,05 мм; б — інтэрвал групоўкі 0,25 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),
артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.Коласа (на смерць Я.Купалы), «Памяці Б.В.Платонава» Г.Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.Грахоўскага (на смерць І.Мележа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),
1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.
2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.
3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.
4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.
5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпа... + сексуальнасць),
зніжэнне сексуальнай схільнасці пры адсутнасці якіх-небудзь адхіленняў у здароўі чалавека. Адзначана залежнасць сексуальных праяўленняў ад палавой канстытуцыі мужа і жонкі, якая ў значнай ступені вызначае ўстойлівасць арганізма да ўздзеяння патагенных фактараў на палавую функцыю. Адны і тыя ж фактары па-рознаму дзейнічаюць на розных асоб. У мужчын выражаная і працяглая гіпасексуальнасць трапляецца вельмі рэдка. Прычынай гіпасексуальнасці часцей бываюць неўратычная рэакцыя на няўдачы ў палавым жыцці, авітаміноз, ператамленне, недасыпанне, страхі, інтаксікацыя алкаголем або наркотыкамі і інш. Да гіпасексуальнасці могуць прыводзіць і парушэнні псіхасексуальнага развіцця. Гіпасексуальнасць звычайна з’яўляецца часовым або сезонным станам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭО́РЫЯ,
тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзьінш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДСЕ́ЧКА»,
бел.нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКА»,
бел.нар. гульня. Для яе неабходна мець адну «П.» (невял. прадмет). Гульцы (10 і болей чал.) выбіраюць вядучага — «раздатчыка», становяцца ў круг плячо ў плячо, спінай унутр круга, і трымаюць за спінай складзеныя кубачкам далоні. «Раздатчык» ходзіць у крузе, непрыкметна ўкладвае каму-небудзь у далоні «П.», становіцца ў цэнтры і гаворыць: «Дзверцы адчынены!» Той, у каго знаходзіцца «П», бяжыць да «раздатчыка» і аддае яму «П.» (дакранаецца). Гульцы, што стаяць побач, павінны затрымаць яго. Хто першы яго схопіць, становіцца «раздатчыкам», калі не атрымаецца, то «раздатчыкам» становіцца той, хто аддаў «П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.