РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Літ.:
Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.
А.М.Сідарэвіч.
т. 13, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,
дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1954.
Падпісана 19 кастр. ў Каіры. Прадугледжвала вывад англ. войскаў з зоны Суэцкага канала на працягу 20 месяцаў, давала Англіі права 7 гадоў карыстацца Суэцкай базай. Да чэрв. 1956 эвакуацыя англ. войскаў завершана. У сувязі з удзелам Англіі ў кастр.—ліст. 1956 (разам з Францыяй і Ізраілем) у нападзенні на Егіпет яго ўрад 1.1.1957 ануляваў пагадненне, пазбавіўшы тым самым Англію ваен.-стратэг. пазіцый у Егіпце.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКАЕ ВЕ́ЧА НАРО́ДНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ЮГАСЛА́ВІІ Заснавана ў 1942 як вышэйшы палітычны прадстаўнічы орган, які аб’ядноўваў усе патрыят. сілы Югаславіі для барацьбы супраць фаш. акупантаў. У ліст. 1943 пераўтворана ў вярх. заканад. орган краіны; выбраны Прэзідыум веча і створаны Нац. к-т вызвалення Югаславіі — часовы рэв. ўрад на чале з І.Броз-Ціта. У жн. 1945 перайменавана ў Часовую нар. скупшчыну, якая дзейнічала да выбараў ва Устаноўчую скупшчыну ў ліст. 1945.
т. 1, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІШЫ́»,
агульнапрынятая назва прагерманскага рэжыму ў Францыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі (ліп. 1940 — жн. 1944) у 2-ю сусв. вайну. Калабарацыянісцкі ўрад Ф.Петэна размяшчаўся ў г. Вішы (адсюль назва) і кантраляваў амаль трэцюю частку франц. тэрыторыі — т.зв. неакупіраваную зону Паўд. Францыі, якая з ліст. 1942 была занята са згоды вішыстаў герм.-італьян. войскамі.
Літ.:
Наринский М.М. Режим Виши в советских источниках и историографии // Новая и новейшая история. 1991. № 6.
т. 4, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДАГАВО́Р 1955 аб аднаўленні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі.
Заключаны 15.5.1955 у Вене СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй з аднаго боку і Аўстрыяй — з другога. Набыў сілу 27.7.1955. Уключае абавязкі вял. дзяржаў паважаць незалежнасць і тэр. цэласнасць Аўстрыі ў граніцах на 1.1.1938, забараняе далучэнне Аўстрыі да Германіі (аншлюс), абавязвае ўрад Аўстрыі не дапускаць дзейнасці фаш. арг-цый і забяспечваць дэмакр. свабоды. 26.10.1955 аўстр. парламент прыняў канстытуцыйны закон аб пастаянным нейтралітэце Аўстрыі.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС ТРАСТ ОФ І́НДЫЯ (ПТІ; Press Trust of India),
найбуйнейшае інфармацыйнае агенцтва Індыі, акц. т-ва ўладальнікаў інд. газет. Засн. ў 1949 у Бамбеі. Забяспечвае ўнутр. і міжнар. інфармацыяй органы друку, а таксама цэнтр. ўрад, кіраўніцтва штатаў, гандл. фірмы, банкі і інш. ўстановы. Распаўсюджвае ў Індыі міжнар. інфармацыю агенцтваў Рэйтэр і Франс Прэс. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў у Маскве, Лондане, Нью-Йорку, Парыжы і інш. Чл. Арг-цыі азіяцкіх інфарм. агенцтваў.
т. 13, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944 у Балгарыі,
антыфашысцкае паўстанне ў 2-ю сусв. вайну. 26.8.1944 ЦК Балг. рабочай партыі (БРП) прыняў цыркуляр № 4 — праграму падрыхтоўкі ўзбр. паўстання, якая мела на мэце выгнаць нацыстаў з Балгарыі, скінуць манарха-фаш. дыктатуру і ўстанавіць уладу Айч. фронту. 5 вер. Палітбюро ЦК БРП і Гал. штаб Нар.-вызв. паўстанцкай арміі зацвердзілі план паўстання. 7 вер. ў Плевене, Сілістры, Перніку, Плоўдзіве, Слівене і інш. гарадах адбыліся дэманстрацыі і забастоўкі працоўных, у час якіх вызвалены палітвязні. 6—8 вер. балг. партызаны вызвалілі 164 нас. пункты. Ноччу 9 вер. нанесены ўдар па асн. урадавых установах у Сафіі. Да раніцы захоплены радыёстанцыі, будынак ваен. мін-ва, цэнтр. пошта і тэлеграф, тэлеф. станцыя, цэнтр. вакзал і інш. Перамозе паўстання спрыяла ўступленне на тэр. Балгарыі 8 вер. часцей Чырв. Арміі (у гэты дзень Балгарыя абвясціла вайну фаш. Германіі). У выніку паўстання скінуты ўрад правага «земляроба» (чл. партыі Балг. земляробскі нар. саюз) К.Муравіева і сфарміраваны ўрад Айч. фронту.
Літ.:
Боев Б. Революция 9 сентября 1944 года в Болгарии: Пер. с болг. М., 1981;
Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 425—428.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С III (30.1.1894, Сафія — 28.8.1943),
цар Балгарыі [1918—43]. Сын Фердынанда I Кобургскага. У 1923 ухваліў путч супраць прэм’ер-міністра А.Стамбалійскага. У 1935 адправіў у адстаўку ўрад К.Георгіева і ўсталяваў сваю дыктатуру. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Германію. Пры ім Балгарыя стала саюзніцай фаш. Германіі (1941), але захавала дыпламат. адносіны з СССР, не пасылала свае войскі на сав.-герм. фронт, у мясц. канцлагерах пакінута 25 тыс. балг. яўрэяў, што падлягалі дэпартацыі. Раптоўна памёр пасля вяртання з аўдыенцыі ў Гітлера.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАН ((Blanc) Жан Жазеф Луі) (29.10.1811, Мадрыд — 6.12.1882),
французскі сацыяліст-утапіст, гісторык, журналіст. У сваіх поглядах абапіраўся на ідэі Сен-Сімона і Ш.Фур’е. У кн. «Арганізацыя працы» (1839) выклаў план сац. пераўтварэння грамадства. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 увайшоў у часовы ўрад. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў Чэрвеньскім паўстанні 1848, да 1870 у эміграцыі. З 1871 чл. Нац. сходу. У час Парыжскай камуны (1871) на баку Версаля. Аўтар прац «Гісторыя дзесяці гадоў» (1841—44), «Гісторыя рэвалюцыі 1848» (1870).
т. 3, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)