АЛЬФО́НС XII (Alfonso; 28.11.1857, Мадрыд — 25.11.1885),

кароль Іспаніі [1874—85]. З дынастыі Бурбонаў. У час рэвалюцыі 1868—74 выхоўваўся ў Вене і Сандхерсце (Англія). Каралём абвешчаны пасля дзярж. перавароту супраць рэспублікі ген. Мартынеса Кампаса (28.12.1874). У 1876 спыніў карлісцкія войны. За клопат пра ўнутр. мір атрымаў мянушку «міратворац».

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎРО́Ў (Фёдар Кузьміч) (1912, в. Пасуддзева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 9.7.1937),

Герой Сав. Саюза (1937). З 1931 у Данбасе. У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 на баку рэспубліканцаў, камандзір танка. Вызначыўся ў баях каля г. Гвадалахара, Тэруэль. Загінуў у баі.

Ф.К.Каўроў.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЁРКА, Маёрка (Mallorca),

востраў у Міжземным м., найбольшы з Балеарскіх астравоў. Належыць Іспаніі. Пл. 3640 км². Пераважаюць узгорыстыя раўніны, на ПнЗ — горы выш. да 1445 м. Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. берагі расчлянёны буйнымі бухтамі. Міжземнаморскія ландшафты. Вырошчваюць цытрусавыя, вінаград, алівы. Рыбалоўства. Курорты (Пальма і інш.). Турызм.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІКА́НТЭ (Alicante),

горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Валенсія. Адм. цэнтр правінцыі Алікантэ. 268 тыс. ж. (1990). Порт на Міжземным м. Лёгкая і харч. прам-сць. Цэнтр раёна субтрапічнага пладаводства (вінаградарства і інш.). Кліматычны курорт. Сярэдневяковы замак Санта-Барбара, ратуша і інш. арх. помнікі 17—18 ст.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКАБА́ЛА (ісп. alcabala ад араб. алькабала збіранне),

падатак на гандлёвыя здзелкі ў Іспаніі (12 ст. — 1845) і яе калоніях (2-я пал. 16 — пач. 19 ст.). З 14 ст. — пастаянны дзярж. падатак. Увядзенне альбакалы ў 1571 у Нідэрландах стала адной з прычын паўстання на Пн краіны ў 1572.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ВА ((Grīva) Жан) (сапр. Фолманіс Жан Карлавіч; 7.12.1910, хутар Кірп’і Тукумскага р-на, Латвія — 14.6.1982),

латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1962). У 1936—37 у складзе Інтэрнац. брыгады ваяваў у Іспаніі, удзельнік Вял. Айч. вайны. У творах адлюстраваў драм. і трагічную барацьбу ісп. народа супраць фашызму (зб-кі «Па той бок Пірэнеяў», 1948; «Апавяданні пра Іспанію», 1950; навела «Накцюрн», 1962, аднайм. фільм 1966). Аўтар раманаў «Дарога жыцця» (1952), «Каханне і нянавісць» (1963), «Чалавек чакае світання» (1967), драм. твораў «Мяце мяцеліца...» (1957), «Плыт Медузы» (1959), кніг маст. нарысаў «Пад крыламі альбатроса» (1956, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), кн. ўспамінаў «Дні далёкія, дні блізкія» (1972). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Грывы перакладалі А.​Бяржынскі, У.​Жыжэнка, С.​Міхальчук, У.​Пігулеўскі.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8. Rīga, 1970—77;

Бел. пер. — Пад небам Іспаніі. Мн., 1959.

т. 5, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),

гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАХЕ́НА (Cartagena),

горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Мурсія. 176 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. У К. і яе прыгарадах — суднабудаванне (у т. л. ваеннае), выплаўка свінцу і цынку, нафтаперапр., харч. (пераважна плодакансервавая) прам-сць. Арх. помнікі: рэшткі стараж. некропаля, гатычны сабор (13 ст.), барочны касцёл Санта-Марыя дэ Грасія (17—18 ст.).

У старажытнасці горад наз. Новы Карфаген, засн. каля 228 да н.э. палкаводцам Гасдрубалам як ваен. база карфагенян для заваявання Іспаніі. У 209 да н.э. — 5 ст. н.э. пад уладай Стараж. Рыма. Росквіту К. садзейнічала распрацоўка сярэбраных і алавяных руднікоў паблізу горада. Заваявана ў 425 вандаламі, у 534 Візантыяй, у 7 ст. вестготамі, у 711 арабамі. У 1243 у ходзе Рэканкісты далучана да Кастыліі. Пасля ўмацавання порта Філіпам II (1570) гал. база ісп. ваен. флоту. Цэнтр кантанальнага паўстання 1873.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІ-ФУТБО́Л,

спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.

У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).

На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́МА-ДЭ-АРАГО́Н (Alama de Aragon; ад араб. аль-хама цёплыя воды),

бальнеалагічны курорт у Іспаніі. У даліне р. Халон, непадалёку ад г. Сарагоса. Тэрмальныя (да 35 °C) радонавыя воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў руху і апоры, дыхання, нырак, жоўцевых шляхоў і інш. Мінер. крыніцы былі вядомыя рымлянам і арабам.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)