змена эл. супраціўлення цвёрдых праваднікоў пад уздзеяннем магн. поля. Выкарыстоўваецца для даследаванняў электроннага энергетычнага спектра, рассеяння носьбітаў току ў правадніках, для вымярэння магн. палёў (гл.Магнітометр).
Тлумачыцца скрыўленнем траекторый носьбітаў току ў магн. полі (гл.Гальванамагнітныя з’явы). Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) удзельнае супраціўленне расце з павелічэннем напружанасці магн. поля, а ў паўправадніках залежыць ад канцэнтрацыі дамешкаў і т-ры. У ферамагнетыкаў М.э. мае асаблівасці, абумоўленыя існаваннем намагнічанасці пры адсутнасці знешняга магн. поля. Напр., іх удзельнае супраціўленне можа змяншацца ў магн. полі, што звязана з фіксацыяй спінаў дамешкавых атамаў знешнім магн. полем. Гл. таксама Капіцы закон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЛЕРА ЭФЕ́КТ,
змена частаты ваганняў (або даўжыні хвалі), якая назіраецца пры адносным руху назіральніка і крыніцы ваганняў; пры збліжэнні назіральніка і крыніцы частата прынятых ваганняў павялічваецца, пры аддаленні — памяншаецца. Тэарэтычна абгрунтаваны ў акустыцы і оптыцы К.Доплерам (1842). Наяўнасць Д.э. ў оптыцы даказана эксперыментальна А.А.Белапольскім у 1900. Выкарыстоўваецца для вызначэння скорасці руху крыніц выпрамянення ў спектраскапіі, астрафізіцы, радыё- і гідралакацыі і інш.
Д.э. выяўляецца для хвалевых і няхвалевых рухаў любой прыроды пры назіранні іх у 2 сістэмах адліку, якія рухаюцца адна адносна другой. Падвойны Д.э. — зрушэнне частаты хваль. адбітых ад рухомых цел (адбівальны аб’ект можна спачатку разглядаць як прыёмнік, а потым як перавыпрамляльнік хваль). У нестацыянарных асяроддзях (параметры асяроддзя мяняюцца ў часе) змена частаты можа адбывацца і пры нерухомых крыніцы і прыёмніку (параметрычны Дэ.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫЎНЫ ЭФЕ́КТ, кумуляцыя (ад лац. cumulatio збіранне),
канцэнтрацыя дзеяння выбуху ў адным пэўным напрамку. Дасягаецца стварэннем у зарадах выбуховых рэчываў канічнай, сферычнай або інш. кумулятыўнай выемкі, накіраванай у бок аб’екта паражэння.
К.э. значна павялічваецца пры пакрыцці (абліцоўцы) выемкі метал. абалонкай. Пры ініцыіраванні выбуху паток прадуктаў дэтанацыі ўтварае высокаскарасны (да 10—15 км/с) кумулятыўны струмень, у якім ціск, шчыльнасць рэчыва і энергія значна вышэйшыя, чым у звычайных зарадаў. Гэта забяспечвае накіраванасць выбуху і высокую прабіўную сілу кумулятыўнага струменя. Выкарыстоўваецца ў выбуховай справе (у дэтанатарах, прасаваных аманітах, адкрытых зарадах) і ваен. справе — у кумулятыўных боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, авіяц. бомбах, баявых частках ракет і інш.), прызначаных пераважна для паражэння браніраваных цэлей і абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РНСТА—ЭТЫНГСГА́ЎЗЕНА ЭФЕ́КТ,
узнікненне эл. поля (поля Нернста) у цвёрдых правадніках пры наяўнасці градыента т-ры і перпендыкулярнага да яго магн. поля. Адкрыты ў 1886 В.Нернстам і аўстр. фізікам А.Этынгегаўзенам. Абумоўлены скрыўленнем траекторыі носьбітаў зараду ў магн. полі. Адрозніваюць падоўжны (эл. поле EN накіравана ўздоўж градыента т-ры ▽T) і папярочны (EN перпендыкулярнае ▽T і магн. полю) эфекты. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́НА-МУТО́НА ЭФЕ́КТ,
узнікненне падвойнага праменепераламлення ў асяроддзі, змешчаным у знешняе магн. поле, пры распаўсюджванні святла перпендыкулярна полю; адзін з эфектаў магнітаоптыкі. Вынікі ўзаемадзеяння магн. поля з токавымі сістэмамі (электроны ў атаме, носьбіты зарада ў паўправадніках), якія вызначаюць аптычныя ўласцівасці рэчыва, выяўляецца ва ўсіх рэчывах. Выяўлены ў калоідных растворах англ. фізікам Дж.Керам (1901) і даследаваны франц. фізікамі Эме Катонам і А.Мутонам (1907). Выкарыстоўваецца для вымярэнняў дыямагн. успрыімлівасці, вывучэння магн. уласцівасцей электронных абалонак, структуры малекул і дамешкавых цэнтраў і інш.